У пачатку сакавіка Дзяніс Тушынскі выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту.

Тушынскі трохі больш за 2 гады адпрацаваў у БДУ выкладчыкам англійскай мовы на факультэце міжнародных зносін, але па вяртанні на працу раптам даведаўся, што ён ужо звольнены.

«Прыходжу на працу літаральна ўчора — і бачу, што майго імя ў раскладзе няма. Аказваецца, усё — я звольнены, — кажа Дзяніс.

— Я быў на так званым «дэкрэтным кантракце», то-бок працаваў на месцы чалавека, які ў дэкрэце. Калега, калі я не памыляюся, мусіла правесці ў дэкрэце яшчэ недзе з тры месяцы — але чамусьці раптоўна выйшла на працу. «Супадзенне? Не думаю».

Ну і ў сувязі з яе выхадам мяне звольнілі. 

Наколькі ўсё законна, пакуль не скажу, трэба пагаварыць з юрыстам. Бо яны ж мусілі паведаміць аб звальненні загадзя, хіба не за месяц. Трэба разбірацца».

Тушынскі кажа, што не вельмі здзіўлены:

«Адкажу як псіхолаг, бо маю ж псіхалагічную адукацыю таксама. Тут такі канфлікт, паміж рацыяй і эмоцыяй. Бо калі вешаеш сцяжок на дрэва, то рацыянальна мусіш разумець, што з дзяржаўнай установы раней ці пазней звольняць. Але эмацыйна — гэта было непрыемна. Хоць я яшчэ пасля першай адседкі думаў, што звальненне вельмі верагоднае, тым больш пасля другой. Але калі затрымлівалі ў першы раз — я быў у адпачынку, пасля другога я проста напісаў тлумачальную — тым усё і скончылася. Але цяпер вось усё. 

Што рабіць далей, пакуль не ведаю, трохі агаломшаны. На наступным тыдні займуся пошукамі новай працы — маю дзве адукацыі, спадзяюся, штосьці знайду. 

Эміграцыю не разглядаю — бо і так надта шмат хто разглядае гэты варыянт. Неарыгінальна».

Пакуль выкладчык сядзеў на сутках, звольніўся дэкан факультэта міжнародных зносін БДУ Віктар Шадурскі — чалавек, пра якога вельмі пазітыўна адгукаліся і калегі, і студэнты. 

«Гэта было чакана. Усе ведаюць спадара Шадурскага як чалавека з пазіцыяй, якую ён выказваў мякка, не рэзка, але выказваў. Памятаю, увосень ён даваў інтэрв’ю, пасля якіх было дзіўна, што ён застаецца на пасадзе,— кажа Тушынскі.

— Дарэчы, наколькі я памятаю, пад загадам на маё звальненне подпісу Шадурскага няма. Магчыма, ён адмовіўся падпісваць гэты загад, што таксама паўплывала на звальненне. Але, канечне, мне не хацелася б, каб гэта стала галоўнай прычынай яго сыходу з БДУ»

Гэтыя 15 сутак сталі для Дзяніса Тушынскага ўжо трэцім тэрмінам за кратамі. 

«Спачатку я быў на сутках у жніўні. 8 жніўня прайшоў хапун актыўных назіральнікаў, мяне ўзялі. Другі раз быў на сутках увосень пасля аднаго з Маршаў.

А цяпер мяне затрымалі прыкладна 16 лютага: я размяшчаў на дрэве маленькі сцяжок. Гэта было проста ўдзень, мяне адразу ж і затрымалі, — пасміхаецца Дзяніс. — Міліцыянеры, якія мяне затрымлівалі, сказалі, што яны нібыта прыехалі на месца па зусім іншай справе, а тут яшчэ і я са сваім сцяжком. Не ведаю, наколькі гэта праўда. 

Ну і пасля затрымання было РУУС, гадзін 7 там, пасля ІЧУ, праз два дні суд па скайпе за хуліганства. На судзе я прызнаў, што размяшчаў сцяжок, але, натуральна, не прызнаў, што тое было хуліганствам. Прачытаў вялікую лекцыю пра тое, што такое бела-чырвона-белы сцяг, але суддзю гэта не вельмі зацікавіла. Адзінае, што ён спытаў: ці ведаеце, што сцяг выкарыстоўваецца пратэстоўцамі, у тым ліку і супраць дзеючай улады? Ну і ўсё, 15 сутак».

Увесь тэрмін Тушынскі адбываў на Акрэсціна.

«Сядзелася жахліва: умовы як у канцлагеры. Самая вялікая праблема — маленькая камера. На чатыры месцы бывала аж да 14 чалавек! Часам меней. І вельмі спякотна, няма чым дыхаць праз такую колькасць народу, — расказвае Тушынскі. — Вентыляцыю ўключаюць рэдка, кармушку амаль не адкрываюць.

Часам перакідвалі ў іншыя камеры, там было лягчэй, але 2/3 часу ўмовы былі жорсткія праз спякоту. 

Матрацы не забіралі — бо іх не было ад пачатку. Бялізны таксама».

Дзяніс кажа, што ў параўнанні з былымі суткамі ў Жодзіне на Акрэсціна сядзець было цяжэй.

«У жніўні на Жодзіне было больш-менш у плане побытавых умоў, увосень — таксама. Каб на працягу 15 сутак адсутнічалі матрацы — такое я бачу ў першы раз (але не выключаю, што і раней гэта было на Акрэсціна, проста я ніколі тэрмін у Мінску не адбываў раней).

З іншага боку, у некаторых месцах зняволення няма, напрыклад. гарачай вады — тут яна была. Сям-там чвэрць кубка «гарбаты» наліваюць, тут быў поўны. Так што ўсё зменліва.

Але галоўнае — нялюдскія ўмовы па духаце ў камерах, бо яны перапоўненыя (хаця, як нам казалі, радуйцеся, што вас тут усяго 14, а не 60, як у жніўні).

Ад камеры падаваліся хадайніцтвы на паляпшэнне ўмоў, але яны ігнараваліся ў асноўным. Хаця пасля аднаго з іх вывелі на прагулку. Ці было гэта вынікам звароту, ці ім проста трэ было правесці дэзынфекцыю — не ведаю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?