Фота Depositphotos.com

Пітэр Гоўдсбі (Peter Goadsby) з Вялікабрытаніі, Майкл Москавіц (Michael Moskowitz) з ЗША, Ларс Эдвінсан (Lars Edvinsson) са Швецыіі, Джэс Олесэн (Jes Olesen) з Даніі — гэтыя чатыры навукоўцы выявілі прычыны, якія выклікаюць мігрэнь, і тым самым паспрыялі распрацоўцы новых метадаў лячэння. За свае даследаванні яны атрымалі найвялікшую прэмію ў галіне нейрабіялогіі Brain Prize ад фонду дацкай фармацэўтычнай кампаніі Lundbeck, паведамляе The Guardian.

Навукоўцы зразумелі першапрычыну мігрэні — неўралагічнага стану, які характарызуецца пульсуючым галаўным болем, млоснасцю, галавакружэннем, а таксама павышанай чуллівасцю да гуку, святла і пахаў.

Кожны сёмы чалавек у свеце пакутуе ад мігрэні, а ў жанчын яна сустракаецца ў тры разы часцей.

Доўгі час лічылася, што мігрэнь — псіхасаматычны стан, выкліканы стрэсам. Хоць лячэнне і было даступным, яно дапамагала палегчыць сімптомы, але не пазбаўляла першапрычыны, якая была невядомай.

У 1979 годзе Майкл Москавіц, прафесар неўралогіі Гарвардскай медыцынскай школы, выказаў здагадку, што мігрэнь узнікае ў выніку ўзаемадзеяння трайнічнага нерва, адказнага за чуллівасць твару, і абалонкамі, якія акружаюць галаўны мозг.

Навуковец прадэманстраваў, што прыступ мігрэні ўзнікае, калі нервовыя валокны трайнічнага нерва вылучаюць хімічныя рэчывы, якія называюцца нейрапептыдамі. Гэтыя рэчывы прымушаюць крывяносныя сасуды абалонак мозгу пашырацца, што прыводзіць да запалення і болю. Даследчык палічыў, што блакаванне нейрапептыдаў можа забяспечыць новы метад лячэння.

Наступны прарыў адбыўся, калі Пітэр Гоўдсбі і Ларс Эдвінсан выявілі ключавы нейрапептыд, якія і выклікае мігрэнь, — пептыд, звязаны з генам кальцытаніну.

Пазней Джэс Олесэн здолеў стварыць прэпарат, які блакаваў гэты пептыд і паказваў эфектыўнасць у лячэнні прыступаў мігрэні.

Цяпер такія прэпараты вырабляюцца ў Вялікабрытаніі і ЗША. Хоць яны і не вылечваюць мігрэнь цалкам, але заўважна паляпшаюць якасць жыцця пацыентаў, якія пакутуюць ад прыступаў мігрэні.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?