Кіраўнік Ватыкана адправіўся ў паездку, нягледзячы на ўсплёск заражэння кавідам у Іраку і рызыкі для яго бяспекі. 84-гадовы Францішак настойвае, што захоўвае вернасць свайму пастырскаму абавязку.

Мэта ягонага візіту — умацаваць сэрцы хрысціянскай супольнасці ў Іраку і паспрабаваць наладзіць міжрэлігійны дыялог.

У краіне папа правядзе чатыры дні: ён сустрэнецца з іракскімі хрысціянамі, пагутарыць з галоўным шыіцкім святаром, прачытае малітву ў Масуле і адслужыць імшу на стадыёне ў Арбіле.

Для абароны папы і яго паствы ўлады Ірака вылучылі дзесяць тысяч супрацоўнікаў службаў бяспекі. Для прадухілення распаўсюду кавіду ў краіне ўведзеная кругласуткавая каменданцкая гадзіна.

У аэрапорце Багдада пантыфіка сустрэлі чырвонай дывановай дарожкай, «Одай да радасці» Бетховена і нацыянальнымі танцамі.

Нягледзячы на неспакойную абстаноўку ў краіне, усяго праз некалькі гадзін пасля ракетнага абстрэлу амерыканскай базы ў Іраку ў сераду, папа заявіў, што іракскіх хрысціян нельга падвесці ў другі раз. У 1999 годзе папа Ян Павел II адмяніў паездку ў Багдад пасля правалу перамоваў з урадам тагачаснага прэзідэнта Садама Хусэйна.

За два дзесяцігоддзі, якія прайшлі з тых часоў, колькасць адной з самых старажытных хрысціянскіх суполак свету ўпала з 1,4 мільёна да прыкладна 250 тысяч чалавек, цяпер гэта менш за 1% насельніцтва краіны.

Многія хрысціяне беглі з Ірака, ратуючыся ад шквалу гвалту на рэлігійнай глебе, які ахапіў краіну пасля ваеннага ўварвання ЗША ў 2003 годзе, у выніку якога быў скінуты Садам Хусэйн.

Дзясяткі тысяч хрысціян былі вымушаныя пакінуць свае дамы, калі баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІД, прызнана тэрарыстычнай і забаронена ў многіх краінах) уварваліся ў Паўночны Ірак у 2014 годзе, разбурыўшы цэрквы, захапіўшы іх уласнасць і паставіўшы іх перад выбарам: плаціць падатак, перайсці ў іслам, бегчы або памерці.

Чаго спадзяецца дасягнуць папа падчас візіту? 

Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы хоча падтрымаць гнаных хрысціянаў і заклікаць да міру на сустрэчах з палітычнымі і рэлігійнымі лідарамі Ірака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0