Ініцыятары правядзеньня акцыі перакананыя, што пандэмія каранавірусу яшчэ больш абвастрыла праблемы хатняга гвалту над жанчынамі і абароны іхных правоў. Апроч таго, 82% мэдычнага пэрсаналу, які дапамагае пацыентам з каранавірусам, таксама жанчыны.

Сёлета ўпершыню асобнай калёнай у маршы ўдзельнічалі беларускі, якія вымушаныя былі ўцякаць ва Ўкраіну ад гвалту і рэпрэсій сілавых структур Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама тыя, хто ўжо пэўны час жыве ва Ўкраіне.

З ініцыятывай далучыцца да маршу жанчын выступілі Free Belarus Centre, які быў створаны ва Ўкраіне для дапамогі беларусам-уцекачам, фэміністычная група Каардынацыйнай рады, а таксама ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!», створаная ў 2018 годзе ў Беларусі ў адказ на адмову ўладаў ад распрацоўкі законапраекту аб папярэджаньні хатняга гвалту.

Арганізатары беларускай калёны нагадалі, што жаночы марш у Беларусі стаў першым шматлікім маршам, які перавёў пратэст у мірны накірунак.

«На працягу 26 гадоў кіраваньня рэжыму рыторыка дзяржавы была патрыярхальнай, паказваючы жанчыну, як зручны аб’ект у побыце, не абараняючы жанчын ад хатняга гвалту, забараняючы жанчынам працаваць там, дзе яны хочуць, прыніжаючы, абражаючы жанчын і зводзячы да «адзінай галоўнай ролі — маці, гаспадыні дома». 2020 год паказаў, што жанчыны маюць правы і свабоды, што жанчыны зьяўляюцца палітычнымі субʼектамі, што жанчыны могуць наўпрост, адкрыта і публічна заяўляць пра свае правы», — перакананыя арганізатары.

У акцыі ўдзельнічалі больш як дзьве тысячы чалавек. Калёну ва ўзмоцненым рэжыме ахоўвалі супрацоўнікі паліцыі і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, каб пазьбегнуць канфліктаў з праціўнікамі фэміністычнага руху. У прыватнасьці, сваё абурэньне выказала арганізацыя «Традыцыі і парадак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0