spring96.org

spring96.org

Іван Дацышын цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што ў ноч з 11 на 12 жніўня сапраўды знаходзіўся на праспекце Дзяржынскага каля парку Паўлава. Яны з сябрамі ўбачылі, што каля скульптуры зубра стаяць людзі і вырашылі падысці да іх. Але яны не паспелі гэтага зрабіць: да прыпынку пад'ехаў аўтобус, адкуль пачалі выбягаць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, людзі пачалі разбягацца.

Праз некаторы час Іван вярнуўся на гэтае месца: людзі, каторыя назіралі за затрыманнямі, кідалі каменне ў аўтобус і супрацоўнікаў. Хлопец таксама спрабаваў дапамагчы і прадухіліць затрыманні: калі аўтобус з людзьмі пачаў рухацца, ён узяў камень і кінуў у бок транспарту. Ён не бачыў, ці трапіў ён куды-небудзь праз дрэнны зрок.

Але Іван падкрэслівае, што ён кінуў толькі адзін камень, бо хацеў, каб міліцыя сышла і не затрымлівала людзей.

Што кажуць пацярпелыя?

У справе два пацярпелыя: Ілля Шалік і Уладзіслаў Дубкоў.

Яны распавялі, што ў той вечар яны ездзілі па Мінску і спыняліся ў кропках масавага скопішча людзей. Каля парку Паўлава большасць людзей збегла, астатнія «паказвалі непрыстойныя жэсты». Адзін чалавек з натоўпу быў настроены агрэсіўна, трымаў у руцэ нейкі прадмет. З ім ён са спіны падышоў да супрацоўнікаў. Шалік падышоў да яго, каб ён не нападаў на яго калег, затым адчуў удар злева па падбароддзі. Убачыўшы гэта, калегі прыйшлі на дапамогу, пачалі затрымліваць людзей. У гэты момант у супрацоўнікаў паляцела каменне, яны сыйшлі ў аўтобус. У выніку інцыдэнту ў Шаліка дыягнаставалі пералом зуба верхняй сківіцы, у Дубкова — пералом пальца: ён таксама не бачыў, хто кідаў каменне, якое, меркавана, і трапіла яму ў нагу.

Хлопец, якога спрабавалі затрымаць, быў высокі і моцны, не падобны да абвінавачанага. Іван Дацышын не быў затрыманы, шкло ў аўтобусе было выбіта пасля таго, як зачыніліся дзверы. Гэта пацвердзілі абодва пацярпелыя. 

Абодва пацярпелыя не маюць прэтэнзій да абвінавачанага, выбачэнні прымаюць.

Пазоў выставіў і «Мінсктранс»: шкоду ў 340 рублёў і 84 капейкі за разбіты аўтобус ужо выплацілі.

Разгляд справы працягнецца 17 сакавіка ў 10:30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0