Гэты ролік на тэлебачанні выпусцілі да суда Ігара, а ўжо пасля яго з’явілася пашыраная версія інтэрв’ю з СІЗА на канале супрацоўніцы БТ Ксеніі Лебедзевай. Расказваем, якім чынам яно рыхтавалася і што дзяржаўныя журналісты не ўключылі ў канчатковы мантаж.

Іна Жыгарава некалькі разоў на месяц накіроўваецца ў Мінск з Магілёва, каб прывезці Ігару перадачу. Без уліку дарогі кожная абыходзіцца не менш чым у 200 рублёў. Жанчына паказвае нам стандартны набор прадуктаў для свайго адзінага сына: каўбаса, перцы, арэхі, фрукты, сыр, зеляніна. Вось і сёння яна разам з мужам пазычыла ў знаёмых машыну, каб зранку стаць у чаргу на Валадарцы. 

Апошнім часам Іна Жыгарава шмат плача і дрэнна спіць, але стараецца трымацца. «У мяне моцны ўнутраны стрыжань, проста крыўдна за сына», — кажа яна.

Апошнім часам Іна Жыгарава шмат плача і дрэнна спіць, але стараецца трымацца. «У мяне моцны ўнутраны стрыжань, проста крыўдна за сына», — кажа яна.

«Нехта можа сказаць, куды вы так шыкуеце. Але ж не буду я сыну адпраўляць сухі ролтан. Ëн сядзіць у замкнёнай прасторы, не хапае вітамінаў, псуецца здароўе — трэба падтрымліваць іх хоць так, — кажа жанчына. — 600 грамаў арэхаў — ужо мінус 20 рублёў.

І Ігар у мяне міласэрны хлопец. Просіць не толькі сабе, а хлопцам, якія сядзяць з ім разам. Па восені я некалькі разоў перадавала ў СІЗА курткі — ведаю, што таксама для сукамернікаў». 

Іна з Ігарам.

Іна з Ігарам.

Іна працуе ў Маскве, і гэта сезонная праца на будоўлі з вясны па восень. Кажа, што ў 2020 годзе заробак быў зусім слабы. Прычына гэтаму, як і ў многіх, — каранавірус, праз які замоваў было менш. 

«Вярнулася амаль з пустымі рукамі, а тут гэтая сітуацыя з сынам… Толькі за адну кансультацыю адваката — 300 рублёў. Агулам на яго працу сышло ўжо каля 9 тысяч», — пералічвае жанчына.

На адваката грошы дапамагалі збіраць, але Іна ўсё адно, як яна сцвярджае, была вымушаная прадаць сваю старую машыну — «Пежо» 2005 года. Побытавым расходам сям’я яшчэ дала б рады сама, калі б не пазоў ад «Мінсктранса»: на Ігара павесілі амаль 19 тысяч рублёў — менавіта столькі, згодна з заявай пракурора, страціла транспартная арганізацыя падчас перакрыцця руху пратэстоўцамі 4 кастрычніка. З улікам усіх фінансавых складанасцяў Іна пачала грукацца ва ўсе фонды. І, па расповедах жанчыны, пасля некалькіх адмоў і ігнаравання просьбаў дапамагчы сыну, яна адчаялася і вырашыла паскардзіцца на сітуацыю на беларускім тэлебачанні.

«Мяне вельмі пакрыўдзіла, што мяне праігнаравалі прадстаўнікі арганізацыі dissidentby. Ім нібыта пералічылі каля 400 рублёў для Ігара на PayPal — я ў гэтым не разбіраюся. Яны не маглі мне іх перавесці, я задала нармальнае пытанне: «Навошта тады грошы выводзіць з краіны, калі мы пасля не можам іх перавесці тым, хто ў іх мае патрэбу? Пасля гэтага я трапіла ў чорны спіс. Папярэдзіла, што раскажу пра выпадак на ўсю краіну — ну і паехала ў Мінск, сама папрасіла Белтэлерадыёкампанію зняць пра нас сюжэт», — згадвае Іна.

«Ні перад кім не станавілася на калені, але маліла сына даць інтэрв’ю БТ»

З самой Інай рабіла гутарку вядучая Віялета Сакаловіч (Зона Х), а з Ігарам у СІЗА яшчэ да суда пагутарыла Ксенія Лебедзева.

«Я не магу расказваць пра ўсе абставіны падрыхтоўкі інтэрв’ю, яго магчымасць узгаднялі на вышэйшым узроўні. Але я была там побач.

Мае рэплікі загадзя ўзгадняліся. Напрыклад, я не лічу, што мой сын мяне расчараваў, я ганаруся сваім сынам — хаця і не ўхваляю заклейванне камер. І ў мяне ёсць свая пазіцыя адносна падзей у краіне — я не падтрымліваю дзеянні міліцыі і дыктатуру, калі добра аднаму чалавеку. Але ёсць пэўныя патрабаванні Першага канала. Я ведала, на што ішла», — расказвае жанчына.

Іна кажа, што пайшла на гэты крок у тым ліку каб уратаваць сына: яна верыла, што раскаянне дапаможа зменшыць тэрмін прысуду ці меру ўтрымання. Праўда, у выніку інтэрв’ю на БТ прынесла ёй больш праблем.

«Ігар быў катэгарычна супраць інтэрв’ю, да слёз. Я ні перад кім не станавілася на калені, але сына маліла даць інтэрв’ю. Ëн жа займаецца акцёрскім майстэрствам, і я яму так і сказала: сынок, уяві, што ты ў тэатры, проста трэба сыграць. І ён пагадзіўся, хаця вельмі цяпер за гэта перажывае.

Ëн мне напісаў: «Мама, я цябе прасіў, нікуды не хадзі, нічога не рабі. Я пайшоў на ўсё толькі дзеля цябе. Ты сказала, што ў цябе будуць праблемы.

Я толькі дзеля цябе аддаў сваё слова — адзінае, што ў мяне было. Я ведаў, што я буду сядзець і сядзеў бы спакойна. Але чаго цяпер вартае маё слова?»

Людзі пачалі пасля крытыкаваць мяне за такі крок, але для мяне гэта была і ёсць вайна за сына: часам трэба прагнуцца, каб сістэма не зламала цябе канчаткова, трэба быць стратэгам. Не ў інтарэсах зняволенага адстойваць сваю пазіцыю ў хісткім становішчы.

Я не ябацька, я — яматка, якая будзе змагацца за сына любымі спосабамі. Калі трэба было б — выйшла б голая з транспарантам, і хай мяне асуджае за гэта палова краіны».

Цяпер Ігар перажывае, што праз здымкі ў прапагандысцкім роліку ад яго маглі адвярнуцца сябры.

Ëн просіць перадаць, што яго перакананні не змяніліся: ён усё той жа Ігар, якім быў раней.

А што з фінансавай дапамогай палітзняволеным ад фондаў салідарнасці? 

У роліку на «Беларусь-1» сцвярджалася: «Іна адпраўляла заяўкі ва ўсе арганізацыі, якія выклікаліся дапамагчы. Прымалі іх боты. І адказаў не было. Адказаў не паступіла ні ад каго». Увесь сюжэт мэтанакіравана падкрэсліваецца: пратэстоўцам, палітзняволеным у бядзе ніхто не дапамагае, але насамрэч усё не зусім так. На першую недакладнасць увагу звяртае сама суразмоўца:

«Я прасіла пакінуць момант пра тое, што нам дапамагалі і дапамагаюць звычайныя беларусы. Вось днямі сястра адпраўляла пасылку, і нейкі мужчына стаяў з ёй у чарзе на пошце. Ён спытаў, каму яна збірае рэчы на Валадарку. І проста так даў ёй 200 рублёў. Але гэта выразалі ў мантажы».

Што тычыцца непасрэдна фондаў, то тое, што яны цалкам праігнаравалі просьбы маці Ігара — таксама няпраўда. Напрыклад, BYSOL змаглі перавесці сям’і 500 еўра — менавіта столькі аднаразова выплочваюць палітычным зняволеным.

Ролік на БТ здымалі да таго, як BYSOL паспелі перавесці Іне грошы.

Ролік на БТ здымалі да таго, як BYSOL паспелі перавесці Іне грошы.

У самім сюжэце на Беларусь-1 згадваецца, што dissidentby на момант выхаду відэа перавялі жанчыне 200 рублёў. Далей гэта ж ініцыятыва сабрала сям’і яшчэ 400 рублёў.

«Мы папрасілі скінуць квіткі з аплаты адваката, калі яна сама плаціла, ці квіткі на перадачы Ігару, маці нічога не даслала. Таму мы паведамілі, што не перашлём гэтыя 400 рублёў, а адправім на атаварку Ігару і збяром перадачы. Перадалі грошы валанцёрам, і яны за месяц даслалі тры добрых перадачы (яшчэ ў студзені) і на атаварку. Тым людзям, якія пералічвалі на яго грошы, напісалі асабіста e-mail, дзе патлумачылі сітуацыю і запыталі пераразмеркаваць грошы ці дазволіць нам напрамую дапамагчы Ігару. Хтосьці вырашыў даслаць іншым вязням, хтосьці пагадзіўся на прамую дапамогу», — расказалі прадстаўнікі ініцыятывы.

Сваю сітуацыю апісваюць і ў ініцыятыве IneedHelpBY: «Маці Ігара Пражэннікава Іна Жыгарава двойчы запаўняла форму на атрыманне прадуктовай дапамогі праз наш праект. Абодва разы мы прасілі Іну даслаць нам патрэбныя дакументы для ўхвалення яе заявы. У выніку мы іх не атрымалі. Адмовы ў дапамозе ад праекта INeedHelpBY не было. Як толькі Іна дашле нам запытаныя дакументы, яе заяўка будзе зацверджаная».

Акрамя таго, пасля публікацыі ў СМІ, на картку, пазначаную Інай, неабыякавыя чытачы перавялі каля 1500 рублёў. Спрабавалі Іне дапамагчы і іншыя ініцыятывы, на якія зараз ціснуць улады, перакрываючы магчымасць дапамагаць рэпрэсаваным. Але пра гэта ў сюжэце прапагандыстаў замоўчваецца. У любым выпадку нават гэтых фактаў хапае, каб зразумець, што сюжэт Ксеніі Лебедзевай пад гучнай назвай ««Ад фонду мне прыйшло 10 рублёў на рахунак» — фэйк.

«Мне не патрэбны псіхолаг, найлепшая дапамога — вырашэнне праблемы сына»

За марш 4 кастрычніка грамадзянскі пазоў у сувязі з нанесенай матэрыяльнай шкодай «Мінсктранс» заяўляў і ў дачыненні да іншых падсудных — напрыклад, да палітычнага зняволенага Дзяніса Дземуха, асуджанага цяпер на паўтара года пазбаўлення волі. Але суд пазоў не задаволіў.

У справе Ігара выразна прапісана, што перакрыты рух транспарту (каля 50 адзінак) у межах вуліц Прытыцкага, Кальварыйскай, Нямігі, праспектаў Пераможцаў, Пушкіна, Жукава, Дзяржынскага — наступствы дзеянняў Ігара і «групы нявызначаных асобаў». Але пазоў у інтарэсах «Мінсктранса» на суму 18 624 рублёў 45 капеек пракурор прад’явіў менавіта Ігару. Сам хлопец прызнаў пазоў толькі часткова — на 10 рублёў. Справу па вырашэнні канчатковай сумы кампенсацыі перадалі на разгляд у парадку грамадзянскай судавытворчасці.

Праваабаронцы лічаць немэтазгодным пачынаць плаціць пазоў да таго, як гэты момант вырашыцца.

Але ў маці Ігара тут свая боязь:

«У мяне пытаюцца, навошта карміць сістэму? Я таксама не хачу яе карміць, але гэты пазоў усё адно нікуды не падзенецца, я ўпэўненая. А з ім казаць пра нейкае паслабленне ці змяненне меры ўтрымання на апеляцыі, якую мы падалі, не прыходзіцца. Мне прапаноўвалі псіхолага, але лепшай дапамогай для мяне будзе хаця б нейкае вырашэнне лёсу сына».

Лічыць за лепшае пагасіць пазоў хаця б часткова і адвакат асуджанага — Андрэй Дакуцька. У размове з «НН» ён патлумачыў:

«Хаця б частковае пагашэнне можа спрацаваць на карысць пададзенай намі апеляцыі. Калі абстрагавацца ад палітычных спраў, то ў маёй ранейшай практыцы такі крок мог успрымацца як змякчальная акалічнасць», — каментуе адвакат. 

Іна кажа, што лісты сыну даюцца ёй вельмі цяжка: «Думак шмат, хочацца шмат перадаць яму, але не цэнзарам. Пішу адзін ліст па 3-4 дні. У нас было тры спатканні з кастрычніка, і на адным я пра гэта сказала. Але сын мяне і так адчувае, гэта галоўнае».

Іна кажа, што лісты сыну даюцца ёй вельмі цяжка: «Думак шмат, хочацца шмат перадаць яму, але не цэнзарам. Пішу адзін ліст па 3-4 дні. У нас было тры спатканні з кастрычніка, і на адным я пра гэта сказала. Але сын мяне і так адчувае, гэта галоўнае».

Што вядома пра Ігара Пражэннікава?

Ігару 21 год. Нарадзіўся ў Марыупалі ва Украіне, але ўжо з шасці год жыў з маці ў Магілёве. З дзяцінства хлопец прафесійна займаўся хакеем, але пасля перанёс аперацыю на нырках, і дарога ў прафесійны спорт для яго была закрытая. Затое стаў кандыдатам у майстры спорту па шахматах. Па расповедах маці, нягледзячы на забароны, Ігар усё адно цішком гуляў у футбол і хадзіў у спортзалу. Недахоп фізічнай актыўнасці і пастаяннае паленне ў камеры — галоўнае катаванне для маладзёна сёння.

Ігар не губляе надзеі паступіць на акцёра, калі выйдзе з калоніі. Цяпер жа піша ў камеры вершы.

Ігар не губляе надзеі паступіць на акцёра, калі выйдзе з калоніі. Цяпер жа піша ў камеры вершы.

У Магілёве Ігар скончыў каледж па спецыяльнасці «тэхнік-праграміст», і ў 17 год паставіў маці перад фактам: пераязджаю ў Мінск. У сталіцы ў Ігара была мэта, пра якую ён не расказваў блізкім: паступіць у тэатральны. Для гэтага хлопец хадзіў займацца ў студыю акцёрскім майстэрствам. Каб аплочваць заняткі, падпрацоўваў ноччу на мыйні, а апошнім часам амаль без выходных рабіў у піцэрыі.

Нядзеля 4 кастрычніка 2020 года, калі ў Мінску адбыўся марш вызвалення палітзняволеных, была адным з яго першых выходных за доўгі час. На судзе Ігар пасля расказваў, што адчуваў сябе падманутым пасля выбараў і хацеў выказаць грамадзянскую пазіцыю.

Спачатку Ігару далі 13 сутак, але пасля іх сканчэння дадому ўжо не адпусцілі: завялі крымінальную справу за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (частка 1 артыкула 342 КК). Працэс Ігара вяла суддзя Юлія Чыж. Дзяржабвінаваўца — Крысціна Асран.

Калі вы хочаце дапамагчы сям'і Ігара Пражэннікава, пакідаем нумары картак:

  • Беларусбанк: 9112 0002 5096 6898, тэрмін дзеяння да 06/21. Карта аформленая на Цітову Алену Сяргееўну.
  • ВТБ-банк (у расійскіх рублях): 5368 2900 9925 9436, тэрмін дзеяння да 01/23. Карта аформленая на Васілія Сяргеевіча Жыгарава.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?