Як у лютым падаражэлі тавары і паслугі

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Нагадаем, у мінулым месяцы ў Беларусі зафіксавалі рэкордную за апошнія 5 гадоў месячную інфляцыю, яна была на ўзроўні 1,9%. Гадавая інфляцыя разагналася да 8,7%, а на сацыяльна значныя тавары — да 7,2%.

Сярод прадуктаў лідзіруюць па росце коштаў свежыя агуркі (+21,6%), бананы (+20,9%), бульба (+11,7%), морква (+10,7%), буракі (+10,6%). Харчовая соль падаражэла на 9,4%, рэпчатая цыбуля — на 8,8%, свежая белакачанная капуста — на 8,1%, салодкі перац — на 7,1%.

Цэны на маргарын і кансерваваную гародніну рванулі за мінулы месяц на 6,4%.

Прыкметна выраслі цэны на многія крупы. Да прыкладу, пярлоўка стала даражэйшай на 5,2%, проса і грэчка — на 3,5%, аўсяныя шматкі — на 2,5%.

У лютым істотна падаражэлі таксама многія прысмакі, у тым ліку мармелад (+4,7%), печыва і пернікі (+3,6%), ірыс (+3,5%), зефір і карамель (+3,1%). У цэлым кандытарскія вырабы сталі даражэйшымі на 2,3%.

Малочныя прадукты падаражэлі за люты ў цэлым на 1,3%. Пры гэтым кошты на малако выраслі на 1,8%, на тлусты тварог — на 1,3%, ёгурт — на 1,7%.

Мяса ў цэлым падаражэла амаль на 1%. Прыкметней за ўсё выраслі кошты на мясны фарш — на 2,5%, курыцу — на 2,3%, паўфабрыкаты з мяса птушкі — на 2%, субпрадукты з птушкі — на 1,3%. Пры гэтым свініна (акрамя бескасцёвай) патаннела на 0,2%.

Курыныя яйкі сталі даражэйшымі на 0,5%. Нагадаем, улады цікавяцца наяўнасцю ў крамах яек напярэдадні велікодных святаў. Тым часам гандлёвыя сеткі скардзяцца ў ведамства на тое, што некаторыя птушкафабрыкі выконваюць іх заяўкі напалову. Адна з магчымых прычын гэтага — адпраўка вытворцамі яек на экспарт.

Лекі сталі даражэйшымі за люты на 5,4%. Напрыклад, антыінфекцыйныя сродкі і сродкі для лячэння дыхальнай сістэмы падаражэлі на 6,5%, Сардэчна-сасудзістыя сродкі — на 5,7%. Бінт падаражэў на 6,1%, шпрыц — на 5,9%. Медыцынскія паслугі выраслі ў цане на 2,5%.

Хлеб і хлебабулачныя вырабы падаражэлі на 1,1%. Напрыклад, хлеб з пшанічнай мукі вышэйшага гатунку стаў даражэйшы на 1,6%, а першага гатунку — на 1,5%.

Як чыноўнікі тлумачаць рост коштаў

У МАРГ тлумачаць, што «павышаны рост коштаў абумоўлены захаваннем неспрыяльнага ўплыву падаражэння тавараў, якія імпартуюцца, а таксама адмены падатковых ільгот».

«У лютым з тавараў, якія імпартуюцца, найбольшы рост коштаў у гадавым выражэнні захаваўся на рыбу і рыбапрадукты, алей і тлушчы, крупы, а таксама садавіну. Таксама працягваецца рост коштаў на медыкаменты (ад студзеня адменены льготы па ПДВ) і, як следства, на медыцынскія паслугі, — адзначаюць у МАРГ. — У цэлым рост коштаў на лекі адбіўся на гадавым росце коштаў на сацыяльна значныя тавары — каля 2,1 працэнтных пункта, алей і тлушчы — 0,9 працэнтных пункта, на плодаагароднінную прадукцыю — 0,8 працэнтных пункта».

У МАРГ распавядаюць, што за люты імпартаваная рыба і рыбапрадукты падаражэлі на 1,6%, алей — 5,8% (практычна не вырабляецца ў краіне), лекі — 5,1%, плодаагароднінная прадукцыя — 7,1%, медыцынскія паслугі — 2,5%.

«Прырост пастаянна рэгуляваных цэн і тарыфаў у гадавым выражэнні ў лютым склаў 8,5% — адзначаюць у МАРГ. — У лютым (акрамя павышэння коштаў на лекі і тарыфаў на медыцынскія паслугі) адзначаецца павышэнне кошту паслуг дашкольных устаноў на 10,2%, а таксама коштаў на аўтамабільную аліву на 1,1%. Планава павышаюцца тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі на 8,6%».

У Нацбанку ўдакладняюць, што базавая інфляцыя, якая адлюстроўвае дынаміку свабодных коштаў без уліку пазіцый, дзе на цэны схільныя ўплываць адміністрацыйны і сезонны фактары, у лютым у гадавым выражэнні (да аналагічнага перыяду 2020 года) склала 8,3%. Месяцам раней яна была на ўзроўні 7,5%.

Нацбанк прыводзіць такія лічбы: лекі ў лютым у гадавым выражэнні (да аналагічнага перыяду 2020-га) падаражэлі на 20,9%, паслугі страхавання асабістага транспарту — на 31%, цыгарэты — на 11,4%, паслугі тэхагляду аўтамабіля — на 10,4%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0