«Everydays — The First 5000 Days». Фота BBC

«Everydays — The First 5000 Days». Фота BBC

NFT расшыфроўваецца як неўзаемазамяняльны токен.

Токен — гэта аналаг каштоўнай паперы ў лічбавым свеце. З дапамогай токена можна замацаваць свае правы на валоданне пэўным актывам. Напрыклад, інвестары, якія ўкладваюць крыптавалюту ў нейкую кампанію, атрымліваюць пэўную колькасць токенаў, якая адпавядае іх долі валодання ў гэтай кампаніі. Большасць токенаў узаемазамяняльныя, і яны могуць выкарыстоўвацца ў якасці валюты.

Неўзаемазамяняльныя токены цалкам унікальныя. Гэта актывы, якія даюць права на валоданне ўнікальнымі аб’ектамі, напрыклад, лічбавымі творамі мастацтва, сярод якіх выявы, відэа, GIF-файлы, песні і іншыя, тлумачыць The New York Times.

Цяпер музыкі, мастакі і іншыя творчыя людзі выкарыстоўваюць NFT для манетызацыі лічбавых тавараў, якія раней былі таннымі або ўвогуле бясплатнымі. Гэта тэхналогія ўзнікла ў сувязі з патрэбай у аўтэнтыфікацыі ў лічбавым свеце мастацтва, а NFT якраз прывязвае лічбавы файл да яго стваральніка.

Традыцыйныя творы мастацтва каштоўныя тым, што яны існуюць толькі ў адным экзэмпляры. Лічбавыя файлы, у сваю чаргу, можна з лёгкасцю капіраваць і распаўсюджваць у інтэрнэце. Аднак тэхналогія NFT працуе як лічбавы сертыфікат уласнасці, які можна купляць і прадаваць.

А запіс пра тое, хто валодае лічбавым файлам, захоўваецца ў блокчэйне — база звестак, якая ўяўляе сабой ланцужкі блокаў з інфармацыяй. Кожная наступная аперацыя запісваецца ў блок, які захоўвае інфармацыю і пра папярэднюю аперацыю. Такім чынам дасягаецца надзейнасць усёй сістэмы: спроба сфальсіфікаваць запіс у адным з блокаў аўтаматычна знішчае ўвесь ланцужок, бо звесткі ў змененым блоку больш не супадаюць з інфармацыяй у наступных блоках. Гэта сістэма кантралюецца тысячамі камп’ютараў ва ўсім свеце, таму падрабіць запісы ў блокчэйне проста немагчыма.

Тэхналогія NFT існуе з 2015 года, але папулярнай яна стала ў 2017 дзякуючы сайту CryptoKitties, які дазваляў людзям набываць і вырошчваць лічбавых котак з дапамогай крыптавалюты.

Цяпер, калі кошт крыптавалюты дасягнуў рэкорднага максімуму, інвестары набываюць NFT і пачынаюць гандляваць імі. Вельмі часта лічбавыя файлы дасягаюць велізарных цэн. Рэкордам стаў малюнак Майка Вінкельмана «Everydays — The First 5000 Days», NFT якога некалькі дзён таму прадалі амаль за $70 мільёнаў.

Аднак гэта не значыць, што толькі пакупнік NFT будзе мець доступ да твора. Як правіла, большасць лічбавых файлаў застаюцца даступнымі ў інтэрнэце. Да таго ж, NFT не дае пакупніку аўтарскіх правоў: аўтар можа і далей прадаваць копіі сваёй лічбавай выявы.

Але некаторыя людзі гатовыя шчодра заплаціць, каб прэтэндаваць на валоданне арыгінальнай выявай. Аналагічна традыцыйным творам мастацтва: можа быць безліч копій вядомай карціны, аднак самым каштоўным будзе заставацца арыгінал.

Узнікае шмат дыскусій наконт таго, ці з’яўляюцца падобныя малюнкі творамі мастацтва, за якія людзі аддаюць такія вялізныя грошы. Аднак гэта вызначае глядач: чым больш папулярным становіцца лічбавы файл, тым вышэйшай становіцца цана на яго арыгінал.

NFT можна выкарыстоўваць для аўтэнтыфікацыі самых розных аб’ектаў. Гэта могуць быць твіты, даменныя імёны і нават аб’екты для пабудовы ўласнага віртуальнага свету (лічбавыя кавалкі зямлі, палацы і іншае).

У 2020 годзе аб’ём рынку NFT дасягнуў $250 мільёнаў. А ўжо з пачатку 2021 года попыт на NFT павялічыўся яшчэ больш, таму ажыятаж вакол NFT працягвае расці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0