Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Швецыю часта называюць еўрапейскай Крамянёвай далінай, а Стакгольм стаў адным з найбольш папулярных гарадоў для стартапаў у свеце.

Поспех краіны адлюстроўваецца ў штогадовым спісе найбольш паспяховых еўрапейскіх кампаній ад FT-Statista па выніках росту за 2016—2019 гады. Стакгольм трапіў у топ-10 гарадоў па колькасці кампаній, якія трапілі ў гэты рэйтынг. Агулам у спісе знаходзяцца 13 шведскіх кампаній, піша The Financial Times.

Усяго ў Стакгольме налічваецца 7 стартапаў, кошт якіх перавышае $1 мільярд. Хоць гэта і менш, чым у Парыжы, Берліне або Лондане, у Стакгольме такіх стартапаў на душу насельніцтва больш, чым у любым іншым еўрапейскім горадзе.

Яшчэ некалькі гадоў таму шведскі IT-сектар быў дастаткова кропкавым, але здолеў аб’яднацца, а разам з гэтым павялічылася колькасць інвестараў. У Швецыі існуе прыязная прафесійная супольнасць, якая дазваляе абменьвацца вопытам і ідэямі.

Оскар Берглунд, выканаўчы дырэктар стакгольмскай плацежнай кампаніі Trustly, адзначае, што такія паспяховыя кампаніі, як Spotify і Klarna, натхняюць наступнае пакаленне. «Узбагачаецца ўся бізнэс-экасістэма. Веды, вопыт і капітал цалкам даступныя, што дазваляе развівацца новым ідэям», — адзначае прадпрымальнік.

Яшчэ адзін сакрэт поспеху — палітыка шведскага ўрада ў 1990-х гадах. Тады ўлады пачалі масава выдаваць субсідыі, каб простыя грамадзяне маглі купіць персанальныя камп’ютары. Больш за тое, урад шмат інвеставаў у высакахуткасны шырокапалосны інтэрнэт, які правялі скрозь, нават у вёскі.

Ніхто тады не мог уявіць, што гэтыя інвестыцыі ў камфорт для людзей стануць таксама штуршком да ператварэння Стакгольма ў IT-сталіцу Скандынавіі. Высокая камп’ютарная граматнасць сярод насельніцтва, развітая сеткавая інфраструктура, а яшчэ і дэмакратычная культура бізнэсу паспрыялі хуткаму развіццю стартапаў.

Себасцьян Семянткоўскі, дырэктар кампаніі Klarna, згадвае, як яго небагатая сям’я змагла дзякуючы дзяржаўным субсідыям набыць камп’ютар. Тады Себасцьян шмат часу праседжваў за экранам. А ўжо ў 2005 годзе з універсітэцкімі сябрамі заснаваў Klarna — кампанію, якая дазваляе ажыццяўляць фінансавыя паслугі ў Інтэрнэце пасля пакупкі.

Унутраны рынак Швецыі даволі невялікі, усяго 10 мільёнаў чалавек з капейкамі, таму прадпрымальнікі пераважна арыентуюцца на экспарт. Першыя паспяховыя тэхналагічныя кампаніі, напрыклад, Skype, плацежная кампанія iZettle, распрацоўшчыкі гульняў King Digital і Mojang, былі прададзеныя багацейшым амерыканскім канкурэнтам Microsoft і PayPal. Гэта было адным з вырашэннем праблем фінансавання стартапаў у Стакгольме.

Аднак апошнія гады праблем з грашыма няма — пасля таго, як кампаніі накшталт Spotify і Klarna пачалі прыцягваць увагу з усяго свету. У выніку міжнародныя венчурныя кампаніі цяпер актыўна інвестуюць у шведскія стартапы, што дазваляе ім хутка выходзіць за межы дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0