Галко — вядомы беларускі журналіст, ён супрацоўнічаў з шэрагам выданняў — Радыё «Свабода», «Народная воля», «Новы час». Цяпер жыве ва Украіне, бо ў Беларусі яму прысудзілі 4 гады хіміі за «напад на міліцыянта». Пасля прысуду журналіст з'ехаў ва Украіну.

Андрэй і Зміцер Галко. Архіўнае фота.

Андрэй і Зміцер Галко. Архіўнае фота.

«Гэтая смерць застаецца вялікай загадкай. Гэта можа быць і забойствам. Што дакладна вядома на сёння? 9 кастрычніка Андрэя затрымлівала паліцыя ў Маскве, а 11 кастрычніка ён ужо быў у моргу.

Прычыны смерці і абставіны невядомыя. Нібыта цела знайшлі на Пакроўцы — гэта такая гламурная цэнтральная вуліца ў Маскве. Але гэта інфармацыя, зноў-такі, не з першых рук.

Сувязь з Андрэем сапраўды знікла ў кастрычніку мінулага года, да гэтага яна была праз адну жанчыну, якая сынам апекавалася. Ён часам быў у сацыяльных цэнтрах, у манастырах.

Пасля таго, як сувязь прапала, мая мама, бабуля Андрэя, стала тэлефанаваць у былое Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў (БРНВ). Яна званіла і летась, і сёлета, яны не давалі ніякай інфармацыі. Кажуць, нікуды не трапляўся. Да 15 сакавіка больш нічога не было.

15 сакавіка мая мама зноў туды тэлефануе, і ёй кажуць, што Андрэй загінуў і быў дастаўлены ў морг 11 кастрычніка. Я звяртаўся ў морг, там кажуць, што ў іх няма і не было чалавека з такім прозвішчам. У БРНВ нам далі нумар цела. Зноў звяртаемся ў морг, але там кажуць, што пад гэтым нумары ў іх зарэгістраваны мужчына гадоў 50 з вусамі. Калі мы просім падрабязнасці пра прычыны смерці, то нам кажуць: «Звяртайцеся ў Следчы камітэт па Басманным раёне Масквы».

Мой калега ездзіў асабіста ў гэтае аддзяленне СК, стасаваўся з намеснікам начальніка, той пераконваў, што такой справы няма, не сутыкаліся з гэтым, нічога не ведаем.

Мая мама па нейкіх крыніцах знаходзіць яшчэ адну следчую, якая сказала, што цела было ідэнтыфікаванае 7 сакавіка па адбітках пальцаў. Але потым тая самая следчая кажа, што памыліліся. Маўляў, Андрэй быў ідэнтыфікаваны ў студзені і ў студзені быў пахаваны. Але ж згодна з законам неапазнанае цела захоўваецца. А калі ведаюць, хто гэта, але цела незапатрабаванае і родныя не хочуць забіраць, то два тыдні.

Але ж яны нікуды не звярталіся! Андрэй быў у Расіі ў вышуку, ён дасюль там. Чаму яны не даслалі ніякіх паведамленняў у Мінск? Мы не ведаем нават, дзе ён пахаваны. Застаюцца суцэльныя загадкі.

У Расіі Андрэй жыў са жніўня 2019 года. Ён з’ехаў праз нейкую крымінальную справу, нібыта артыкул 339 КК «Хуліганства». Былі дакументы на вышук Андрэя ў Расіі, на экстрадыцыю, яго затрымлівалі, выклікалі супрацоўнікаў пракуратуры. Дык тыя проста смяяліся, казалі, што гэта не крымінальная справа, нікога высылаць у Беларусь мы не будзем. Таму ён спакойна знаходзіўся ў Маскве. Мы сапраўды не ведаем, што гэта за справа была. Ведаем толькі, што ў Расіі гэта не ўспрымалася як злачынства.

Гэта ўжо была другая крымінальная справа супраць яго. Першая была таксама за «Хуліганства». Тады яму далі тры месяцы арышту. Суд быў закрытым, нікога са сваякоў не пусцілі.

Нейкі час мы знаходзіліся адначасова ў Жодзінскім СІЗА. Калі я пра гэта даведаўся, то адразу напісаў начальніку аператыўнай часткі і вельмі яго прасіў, каб мяне перавялі да сына. Я тлумачыў, што гэта хлопчык з асаблівасцямі, які нягледзячы на ўсе гэтыя крыміналкі, нявольніцтва, не быў падрыхтаваным да ўсяго гэта, быў вельмі хатнім. Я тлумачыў, што яму трэба апека, а мы ж ніякія не саўдзельнікі, чаму не пасадзіць нас разам? Начальнік жа ведаў, што ў хлопца ёсць праблемы, ён зацюканы, ціхі. «Знаходзім гэта немэтазгодным», — адзінае, што мне адказалі. Нават на прагулкі ў адзін час не выводзілі.

Андрэю было 24 гады. У Расіі жыў у сацыяльных цэнтрах, уладкавацца сам быў не ў стане, ва Украіне я дапамагаў яму з працай. Ён быў абсалютна несамастойны, яго закруціла ў вір, з якога ён не мог выплысці…

Ён жыў у Расіі некалькі гадоў таму, яго адправілі самалётам дадому перад чэмпіянатам свету па футболе — 2018. У яго не было праблем са здароўем. Калі мне сказалі пра мужчыну 50 гадоў, то думаў, можа, такое было цяжкае жыццё…

Праблемы з алкаголем у Андрэя былі, няма чаго хаваць. Але, здаецца, не яны сталі прычынай гібелі. Калі ён быў са мной ва Украіне, то я не прывязваў сына да батарэі, ён мог спакойна некалькі месяцаў не ўжываць. Праблемы былі з алкаголем».

Цяпер былая жонка Змітра Галко Таццяна будзе звяртацца ў міліцыю, а таксама пасольства Беларусі ў Маскве, каб даведацца прычыны смерці, высветліць, дзе ўсё ж пахаваны Андрэй і чаму гэта адбылося так тэрмінова.

***

У чэрвені 2016 года ў яшчэ адным інтэрв'ю Зміцер Галко гранічна шчыра расказваў пра сына і ягонае выхаванне. Тады Андрэй трапіў у рабства ў Адэскай вобласці Украіны, але праз нейкі час яго адпусцілі. Вось некаторыя моманты з той публікацыі:

«Калі мне было 14 гадоў, я ляжаў у бальніцы, правяраў сэрца, і закахаўся там у адну санітарачку. Яна была крыху старэйшая за мяне — ёй было 18. За ёй усе хлопчыкі з аддзялення чарадой хадзілі. Калі мне было 15, мы пачалі сустракацца. Праз гэтае каханне і з’явіўся наш Андрэй. Пасля я зразумеў, што гэта вельмі зарана і я зрабіў памылку, але бацькі сказалі мне, што хутчэй ты пойдзеш з дому, чым шлюбу не будзе. Таму адбыўся шлюб, адбыўся — сын».

«Андрэй зусім не быў хуліганам. Хутчэй, хатні хлопчык, які сядзеў дома як сыч. Ніхто не бачыў, каб ён піў ці курыў. Кампаніі ў яго не было, за кампом сядзеў, чытаў, нідзе не бадзяўся. Ён быў вельмі кепска сацыялізаваны — вось у чым праблема. Калі пасля школы яму давялося пайсці ў ПТВ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, то пачаліся сур’ёзныя праблемы. І не праз вучобу, а праз стасункі з людзьмі. Ён пачаў зрывацца, не хадзіць на заняткі. Урэшце рэшт ён кінуў вучобу. Андрэй у выніку пайшоў працаваць на лесапілку ў Стаўбцоўскім раёне. А там які кантынгент? Бухаюць пастаянна. Сын дарваўся на лесапілцы да бутэлькі».

Глядзі цалкам: Ён сказаў: «Я памру ў гурбе снегу». Беларускі журналіст шукае 19-гадовага сына

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?