Фота Яўгена Ерчака, EPA

Фота Яўгена Ерчака, EPA

«У прэзідэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэнне знізу даверху, — сказаў 29 сакавіка Аляксандр Лукашэнка. — Ëн будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, таму што, калі мы «растворым» … прэзідэнта, маюцца на ўвазе паўнамоцтвы перш за ўсё, краіне не бываць. Яна знікне», — прадракае Лукашэнка. Ëн не першы раз выказвае такую пазіцыю.

А што паказваюць прыклады іншых дзяржаў нашага рэгіёна, сувымерных па памеры, прыродных рэсурсаў, геапалітычнай сітуацыі і з падобнай гісторыяй?

Возьмем пояс дзяржаў на мяжы з Расіяй.

Давайце пачнём з поўдня. Румынія — праваслаўная краіна, якая доўгі час была пад кантролем суседніх імперый. З дыктатуры Чаўшэску гэтая краіна выйшла гранічна беднай, нашмат бяднейшай за Беларусь. За апошнія чвэрць стагоддзя краіна зрабіла сапраўдны рывок. Па ВУП на душу насельніцтва (12 813 USD, 54-е месца ў свеце) яна на сёння ўжо ўдвая апераджае Беларусь (6 134 USD, 84-е), па сярэднім заробку — таксама.

Румынія — гэта паўпрэзідэнцкая рэспубліка. Заканадаўчая і судовая ўлада тут абсалютна незалежныя ад прэзідэнта.

Скокнем на іншы канец пояса — Фінляндыя.

Фінляндыя — адна з самых моцных і квітнеючых дзяржаў планеты. Самае шчаслівае грамадства па індэксе шчасця, 14-е месца ў свеце па ВУП на душу насельніцтва (Беларусь — 84-я). Гісторыя нечым падобная да ўсіх іншых усходнееўрапейскіх нацый: доўгі час была калоніяй Швецыі, пасля — Расіі.

Фінляндыя — парламенцкая рэспубліка. Прэзідэнт там выконвае цырыманіяльныя функцыі. Так стала ад 1992 года, але і да таго Фінляндыя была паўпрэзідэнцкай рэспублікай з моцным парламентам і незалежнымі СМІ і судамі.

Спускаемся — Эстонія. Самая паспяховая з постсавецкіх рэспублік. ВУП у чатыры разы большы за беларускі, практычна нулявая дзяржаўная замежная запазычанасць. Заробкі на выхадзе з СССР тут былі як у Беларусі, цяпер яны ў 3 разы вышэйшыя. Эстонія — парламенцкая рэспубліка, прэзідэнт тут выконвае цырыманіяльныя функцыі.

Літва, Польшча — яшчэ дзве гісторыі поспеху. Яны ў 1990-х стартавалі з Беларуссю з адной пазіцыі, цяпер і па ВУП, і па заробках, і па іншых параметрах апярэджваюць нас у 3-4 разы. Абедзве паўпрэзідэнцкія рэспублікі, дзе прэзідэнт адказны за замежную палітыку, а парламент фарміруе ўрад, які вядзе іншыя, найперш эканамічныя пытанні.

Усе пералічаныя краіны нашага пояса, як і іншыя — Славаччына, Латвія, — гэта выключна стабільныя дзяржавы, дзе за апошнія 25 гадоў не было, у адрозненне ад Беларусі, ні гучных тэрактаў, ні гіперінфляцыі, ні катастрофічнага стану з нацыянальнай мовай і культурай.

Краіны Усходняй Еўропы перажываюць бурны эканамічны рост. Фота Jobvite.com

Краіны Усходняй Еўропы перажываюць бурны эканамічны рост. Фота Jobvite.com

Украіна і Малдова — іншыя выпадкі, гэтыя краіны прайшлі праз карупцыю і войны. Але акурат-такі Украіна да 2004 года была прэзідэнцкай рэспублікай, і менавіта ў той перыяд там расцвіла карупцыя, а грамадскі раскол набыў небяспечныя маштабы. Малдова таксама стала парламенцкай рэспублікай ад 2000 года, а Прыднястроўскі крызіс і эканамічны ўпадак там супалі з часам, калі краіна была прэзідэнцкай рэспублікай. Зрэшты, адставанне Украіны і Малдовы ад Беларусі па ўзроўні даходаў людзей хутка скарачаецца.

Такім чынам, прыклады іншых краін рэгіёна паказваюць, што ў нашым рэгіёне эканамічны поспех і палітычная стабільнасць уласцівыя тым краінам, дзе судовая сістэмы незалежная, а свабода СМІ гарантуе свабоду слова. Няма ніводнага прыкладу, каб канцэнтрацыя ўлады ў руках аднаго чалавека прывяла краіну Усходняй Еўропы да квітнення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0