Tut.by

Tut.by

Як распавяла Tut.by дачка ўладальніцы дома, яна была ў маці — знаходзілася ў двары — калі каля 10 раніцы пачула жудасны трэск і ўдар. Выбегла за плот — і ўбачыла вайсковую тэхніку, якая ўрэзалася ў сцяну дома. Па шчаслівым супадзенні яе маці, 85-гадовая Ганна Мікалаеўна, якая звычайна жыве ў доме адна, якраз у гэты момант выйшла ў двор. І тым самым уратавалася.

— Кіроўца гэтай вайсковай машыны — зусім малады хлопец, з тэрміновай службы, напэўна. Сказаў, што яны з асіповіцкай вайсковай часці 61732. Кажа, ехалі кудысьці ў бок Слуцка: ці то пераганялі машыну, ці то яшчэ што. А тут у нас у вёсцы паварот круты. Я не ведаю, з якой хуткасцю яны ехалі, хоць у нас стаіць абмежаванне ў 40 км/г, але, відавочна, не справіліся з кіраваннем і ўрэзаліся ў дом, — кажа дачка Валянціна Рыгораўна.

Вайсковая тэхніка — гэта тактычны ракетны комплекс «Кропка-У».

Ракетны комплекс вайскоўцы ўжо выцягнулі з дапамогай грузавіка. Яны ж сказалі, што пакрыюць шкоду, дадала жанчына. Пры гэтым для ацэнкі шкоды чакаюць страхоўшчыка. Па словах Валянціны Рыгораўны, жыць у доме немагчыма, яна пакуль забярэ маці да сябе ў Асіповічы.

— У доме і печка паехала, і сцяны няма. Я не ведаю, у якім стане знаходзяцца канструкцыі ў цэлым — для ацэнкі гэтага патрэбныя спецыялісты, — сказала жанчына. — Але вось візуальна дом «паехаў» — ён перакошаны.

У доме сям'я нядаўна рабіла рамонт: у мінулым годзе змянілі шыфер, умацавалі бярвенне, у гэтым — абшылі сцены і столь гіпсакардонам, памянялі падлогу, літаральна заўтра збіраліся клеіць шпалеры.

Па словах дачкі гаспадыні дома, тэхніка асіповіцкіх вайсковых частак часта ездзіць праз вёску, па якой праходзіць былая дарога вайсковага прызначэння.

Мінабароны паведамляе, што ведамствам распачатая праверка па факце ДТЗ, якое адбылося падчас маршу ракетнага дывізіёна адной з вайсковых частак на палігон Гожскі.

Вайсковец тэрміновай службы, кіруючы самаходнай пускавой устаноўкай, на крутым павароце не справіўся з кіраваннем і зачапіў вугал жылога дома. У выніку ДТЗ ніхто не пацярпеў, вайсковая тэхніка спраўная. Пашкоджанні жылога дома рамантуюцца, адзначаецца ў паведамленні. 

mil.by

mil.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0