Прайшлі часы, калі азіятчына выяўлялася ў кіно ЗША кітайскімі кварталамі з карыкатурнымі вузкавокімі бандытамі ды эксплуатацыяй баявых мастацтваў у якасці прывабнай экзотыкі. Цяпер гэта модны і паважаны фасон: пару гадоў таму карціна «Шалёна багатыя азіяты» стала лідарам амерыканскага пракату, летась адразу чатыры «Оскары», у тым ліку як найлепшы фільм, узялі паўднёвакарэйскія «Паразіты» рэжысёра Пон Джун-хо, цяпер ЗША сярод намінантаў на статуэтку мае сваё карэйскае кіно.

Усё гэта паказальна тым больш, што кінематаграфія Паўднёвай Карэі на сённяшні момант з’яўляецца адным з выключных і самастойных феноменаў, таму яе мімавольная «паўзучая акупацыя» не можа не прыцягваць увагу.

Не важна, возьме «Мінары» статуэтку ці не, — фільм так ці інакш з’яўляецца паказчыкам таго, як карэйскі матыў можа на раўнапраўных умовах інтэгравацца ў самую магутную кінематаграфію і самую вядомую кінапрэмію свету.

Стывен Ян у галоўнай ролі тут дарэчы: акцёр вядомы па фільмах важкіх аўтараў Паўднёвай Карэі Пона Джун-хо і Лі Чхан-дона, хаця многія ведаюць яго па амерыканскім серыяле «Хадзячыя мерцвякі». Цяпер ён таксама прэтэндуе на «Оскар» за найлепшую мужчынскую ролю.

У «Мінары» рэжысёр распавядае часткова аўтабіяграфічную гісторыю пра тое, як у 1980-х маладая сям’я карэйцаў з двума дзецьмі пераязджае ў дом на колах на некалькіх гектарах амерыканскай глыбінкі і спрабуе наладзіць тут жыццё — асабістае і сацыяльнае. Бацька марыць арганізаваць ферму і дасягнуць праз гэта фінансавага поспеху. А паколькі маці ад пачатку хоча іншага жыцця і ў іншым месцы, стасункі сужэнцаў праходзяць праз пастаянныя выпрабаванні.

Бізнэс-праект і сямейнае шчасце такім чынам становяцца ўзаемавыключальнымі рэчамі, а вырашаецца ўсё ў выніку даволі радыкальным спосабам.

Аўтар тут увасабляецца ў ролі малодшага сына Дэвіда, таму многае мы бачым як бы яго вачыма. І Амерыку, і Арканзас, і стасункі бацькоў, і бабулю з Карэі, і самога хлопчыка. Лі Айзек Чун старанна і з пяшчотаю выпісаў і адасобіў свет сваёй карэйскай сям’і ад атачэння дзіўнаватай Амерыкі з яе дзіўнаватымі персанажамі.

Штаты ў фільме выяўляюцца праз супярэчлівае дзіцячае ўражанне. З аднаго боку, гэта ўзвышаныя пейзажы пад наколькі гэта магчыма лагодным сонцам. Прырода, відаць, не магла не заняць у карціне належнага месца. Таксама і назва паводле пустазелля мінары, што прыстасоўваецца да якіх заўгодна ўмоў і нязграбна апяваецца персанажамі стужкі, сваёй метафарай праяўляе карэйскую частку фільма. З іншага боку, Штаты — гэта маргінальнага выгляду амерыканцы з няроўнымі тварамі, гнілымі зубамі альбо сектанцкай апантанасцю. Персанажы вартыя братоў Коэн, толькі Лі Айзек Чун паказвае іх ледзь не карыкатурамі шчыра і без аніякага сарказму.

Затое галоўныя героі выдзяляюцца светлымі, гладкімі, прыгожымі тварамі, і ў гэтым кантрасце, можна падумаць, рэжысёр аддае даніну родным альбо праяўляе механізм дзіцячага падсвядомага супрацьпастаўлення свайго чужому, альбо па памяці перадае вобраз глухамані 1980-х, якой ён яе заспеў.

Тым не менш сям’я ў «Мінары» з’яўляецца галоўным носьбітам калабарацыі дзвюх культур — у іх карэйскае паходжанне, але амерыканскія імёны і амерыканская мара. А абсалютна карэйскім бокам у фільме выступае толькі бабуля Сунджа, што прыязджае з Карэі, прывозіць карэйскія прадукты і неяк па-карэйску — фатальна і мудра — вырашае канфлікт гісторыі.

Амерыканская мара такім чынам становіцца невідавочным, але яблыкам разладу, праз якое марудна паказваецца раздражняльны сямейны канфлікт. Затое, калі здаецца, што заведзены ход падзей прадказальны і ўсё ідзе ў тупік, рэжысёр робіць карэйскі варыянт класічнага для амерыканскага кіно «выратавання ў апошні момант».

Зрэшты, галоўным хэпі-эндам гісторыі становіцца ўжо тое, што адбылося па-за межамі сюжэта: сын бацькоў, што ў 1980-х прыехалі ў ЗША па поспех, са сваім фільмам атрымаў шэсць намінацый на «Оскар».

Пераможцы прэміі Амерыканскай кінаакадэміі будуць названыя ў ноч з 25 на 26 красавіка.

Чытайце таксама:
Вестерн, в котором землю не осваивают, а покидают. О фильме «Земля кочевников», который уже считают фаворитом «Оскара»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?