У чацвер Славакія, адна з дзвюх краін Еўрасаюза, якія закупілі расійскую вакцыну ад кавіду «Спутнік», забіла трывогу. Пастаўленыя ёй партыі адрозніваюцца ад той версіі, якую высока ацаніла аўтарытэтнае брытанскае выданне The Lancet.

З заявы славацкага агенцтва па кантролі якасці медыцынскай прадукцыі (Štátny ústav pre kontrolu liečiv; ŠÚKL) вынікае, што расійскі вытворца мае сур'ёзныя праблемы з кантролем якасці прадукцыі.

У артыкуле The Lancet эфектыўнасць расійскай вакцыны ацэньвалася ў 91,6 %. Усяго трохі менш, чым нямецка-амерыканская вакцына Pfizer-Biontec і амерыканская Moderna. 

Славацкія медыкі, аднак, выявілі, што партыя вакцыны, пастаўленая ў гэтую краіну, «мае не тыя самыя характарыстыкі і ўласцівасці», як версія Sputnik V, якую рэцэнзаваў The Lancet.

«Параўнальнасць і аднолькавасць розных партый, вырабленых у розных месцах, не былі прадэманстраваныя, — гаворыцца ў заяве славацкага рэгулюючага органа. — У некалькіх выпадках яны выглядаюць як вакцыны з рознымі ўласцівасцямі (ліяфілізат або раствор, ампулы з адной дозай або флаконы з некалькімі дозамі, розныя ўмовы захоўвання, склад і метад вырабу», цытуе pravda.sk заяву ŠÚKL.

Выяўленне такіх несупадзенняў Славакіяй можа стаць новым ударам па рэпутацыі расійскай вакцыны. Раней заказчыкі «Спутніка» сутыкаліся з праблемай недапастаўкі. 

У адказ Расійскі фонд прамых інвестыцый (РФПІ) папрасіў урад Славакіі вярнуць партыю «Спутніка», каб выкарыстоўваць яе ў іншых краінах, гаворыцца ў паведамленні ў афіцыйным Twitter-акаўнце вакцыны. Сцвярджаецца, што Славакія правяла выпрабаванні «Спутніка» ў лабараторыі, якая не з'яўляецца часткай сеткі афіцыйных лабараторый кантролю лекавых сродкаў ЕС. РФПІ прапанаваў ураду Славакіі паўторна правесці тэставанне «Спутніка» — на гэты раз у сертыфікаванай ў ЕС лабараторыі.

Расія, якая правяла інтэнсіўную піяр-кампанію адносна свайго «Спутніка», моцна адстае па тэмпах вакцынацыі ад краін Захаду. У ЗША вакцынавалі ад кавіду ўжо 33% насельніцтва, у той жа Славакіі — 15%. Тады як у самой Расіі — менш за 6%. Гэта наводзіць на думку, што з масавай вытворчасцю вакцыны і лагістыкай ёсць пытанні. 

Беларусь зрабіла стаўку на «Спутнік», але мае намер вырабляць яго на лакалізаванай вытворчай лініі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?