Новыя прычыны для адмовы ў рэгістрацыі ў якасці СМІ

У законапраекце пашыраны абавязкі юрыдычных асоб, якія з'яўляюцца рэдакцыямі СМІ, уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў. У ім да пяці гадоў павялічаны тэрмін забароны на права фізічным і юрыдычным асобам выступаць у якасці заснавальніка СМІ пасля таго, як яго выпуск быў спынены. Для ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсу або сеткавага выдання такі абмежавальны тэрмін устанаўліваецца на тры гады.

Акрамя таго, згодна з праектам дакумента, галоўны рэдактар СМІ не абавязкова павінен быць грамадзянінам Беларусі.

Назва сеткавага выдання павінна будзе супадаць з даменным імем інтэрнэт-рэсурсу.

Сярод падстаў для адмовы ў дзяржрэгістрацыі або перарэгістрацыі пазначаны наступныя прычыны: назва СМІ супадае або падобна да ступені змешвання з назвай выдання, у дачыненні да якога прынята рашэнне аб спыненні выпуску, калі назва сеткавага выдання не супадае з даменным імем інтэрнэт-рэсурсу, а таксама калі галоўны рэдактар не мае права згодна з гэтым жа законам займаць гэтую пасаду.

У праекце дакумента пашыраны спіс падстаў для спынення выпуску СМІ. Сярод іх — вынясенне на працягу года, двух і больш пісьмовых папярэджанняў, а таксама прыняцце рашэння міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы аб наяўнасці ў прадукцыі СМІ паведамленняў або матэрыялаў, распаўсюджванне якіх здольна прывесці да ўзнікнення пагроз нацыянальнай бяспецы.

Прычын для абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў таксама стала больш

У праекце закона з'явіліся новыя прычыны, па якіх адпаведныя дзяржорганы змогуць абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў. Па рашэнні Мінінфарма можа быць абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання ў выпадках:

— публікацыі забароненай да распаўсюду інфармацыі;

— вынясення ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу на працягу года, двух і больш патрабаванняў, а ўладальніку сеткавага выдання — пісьмовых папярэджанняў;

— невыканання ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу патрабавання рэспубліканскага органа дзяржкіравання ў сферы СМІ аб ліквідацыі (недапушчэнні) парушэнняў заканадаўства аб СМІ альбо непаведамлення ў гэты орган аб іх устараненні і непрадстаўлення дакументаў;

— прыняцця рашэння міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы аб наяўнасці на інтэрнэт-рэсурсе, сеткавым выданні паведамленняў або матэрыялаў, распаўсюджванне якіх здольнае прывесці да ўзнікнення пагроз нацбяспекі.

Рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці або якая змяшчае заклікі да такой дзейнасці, а таксама іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, будзе прымацца на падставе пастаноў генпракурора, пракурораў абласцей і Мінска.

Абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткаваму выданню таксама магчыма ў выпадку выяўлення інтэрнэт-рэсурсу, падобнага да ступені змешвання з тым, доступ да якога абмежаваны. Такая «копія» будзе ўключацца ў спіс інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны.

Рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання можа быць прынята на працягу 6 месяцаў пасля ўзнікнення падстаў. Для сеткавых выданняў раней тэрмін быў устаноўлены ў 3 месяцы.

Уводзіцца забарона на публікацыю вынікаў апытанняў

Законапраект забараняе СМІ і інтэрнэт-рэсурсам публікаваць вынікі апытанняў грамадскай думкі, што тычацца грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў і выбараў, калі яны праведзены без атрымання адпаведнай акрэдытацыі.

Нельга будзе паказваць і гіперспасылкі на матэрыялы і інфармацыю, распаўсюд якіх у СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах забаронены.

У дакуменце прапісана патрабаванне аб выкарыстанні гіперспасылкі пры распаўсюдзе ў інтэрнэце інфармацыі, раней апублікаванай на іншым рэсурсе (калі праваўладальнікам не ўстаноўлена іншае).

А за перадрук матэрыялаў з парушэннем умоў распаўсюджвання, устаноўленых першакрыніцай, можа быць вынесена пісьмовае папярэджанне.

Прадугледжаны новыя патрабаванні для журналістаў

У законапраекце пералічаныя новыя патрабаванні да журналістаў:

— журналіст павінен ставіць у вядомасць галоўнага рэдактара СМІ аб магчымых пазовах і прад'яўленні іншых прадугледжаных заканадаўствам патрабаванняў у сувязі з распаўсюджваннем падрыхтаванага ім матэрыялу;

— выконваць абмежаванні пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі, агітацыі па рэферэндуму, адклікання дэпутата, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, устаноўленыя выбарчым заканадаўствам;

— атрымліваць згоду галоўнага рэдактара на падрыхтоўку матэрыялаў для іншых СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў;

— не дапускаць фактаў парушэння нормаў прафесійнай этыкі журналістаў i агульнапрынятых нормаў маралі.

Разам з гэтым журналісту СМІ забаронена выкарыстоўваць яго правы і становішча ў мэтах утойвання або фальсіфікацыі інфармацыі, распаўсюджвання недакладнай інфармацыі пад выглядам дакладных паведамленняў, збору інфармацыі на карысць трэцяй асобы або арганізацыі, якая не з'яўляецца СМІ, а таксама распаўсюджваць інфармацыю з мэтай зганьбаваць каго-небудзь з грамадзян па прыкметах полу, узросту, расавай або нацыянальнай прыналежнасці, мовы, адносіны да рэлігіі, прафесіі, месца жыхарства або працы, у сувязі з палітычнымі перакананнямі, а таксама дыскрэдытаваць дзяржорганы і іншыя арганізацыі.

Невыкананне пералічаных патрабаванняў прыраўноўваецца да грубых парушэнняў працоўных абавязкаў.

Як вынікае з праекта закона, журналіста СМІ змогуць пазбаўляць акрэдытацыі, калі ім або рэдакцыяй СМІ парушаны парадак акрэдытацыі альбо распаўсюджаныя звесткі, «якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю арганізацыі, што акрэдытавала журналіста, альбо здзейснена наўмыснае супрацьпраўнае дзеянне ў працэсе ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці».