Фота Тut.by

Дзяцей у сям’і Міхайлавых сямёра. Усе дарослыя: малодшай дачцэ цяпер 25 гадоў, старэйшай — 36.

«У нас вялікая дружная сям’я. Мама заўсёды марыла мець шмат дзяцей — у яе быў усяго адзін брат. А тата сам з вялікай сям’і, іх у бацькоў было чацвёра, таму для яго гэта была натуральная сітуацыя», — дзеліцца Лілія.

Яна жыве ў Прылуцкай Слабадзе непадалёку ад бацькоў. Увечары 7 красавіка яна была дома, калі патэлефанавала мама.

«Сказала, што грукаюць у дзверы і шукаюць Юлю. Мама вельмі хвалявалася, дзверы не адчыніла. Я так зразумела, што Юля была дома і ў нейкі момант прыняла рашэнне з’ехаць, але, відаць, выбрала не самы ўдалы маршрут. Бо на той момант стаяла некалькі машын у акрузе, кантралявалі вуліцы каля дома. Брат Пятро прыкладна ў той жа час пайшоў на маршрутку, ехаў на курсы па праграмаванні.

Як брата затрымалі, не ведаю. Пра Юлю расказалі відавочцы: да яе пад’ехалі дзве машыны, супрацоўнікі паказалі пасведчанне і забралі.

Я патэлефанавала маме праз час, хацела даведацца, як яна. Яна вельмі засмучаная была: «У мяне поўны дом людзей, давай потым». Мама нервавалася, задыхалася пры размове — у яе фіброз лёгкіх. Пасля прыехаў мой муж, застаўся з дзецьмі, а я пайшла да мамы. Пагрукала ў дзверы — не адчыняюць. Зразумела, што яе дома няма (тата быў на змене). Вярталася на сваю вуліцу, калі пад’ехала машына і мяне затрымалі.

Усіх нас у Цэнтральнае РУУС даставілі. На жаль, нікога з родных там не бачыла, заўважыла толькі нашы рэчы з дома.

Мяне пратрымалі каля трох гадзін. Пратакол не паказалі. Арыштавалі мой тэлефон, сказалі, змагу забраць пасля суда».

У той вечар Лілія вярнулася дадому. А на наступны дзень да яе і бацькоў прыйшлі з аглядам са Ждановіцкага аддзела міліцыі. У бацькоўскім доме забралі майку з надпісам, у яе — стужкі, сцяг і камп’ютар (паабяцалі вывучыць і праз 10 дзён вярнуць). На суды жанчына не паспела — складала перадачкі для родных. Сястра Юлія раней ужо адбывала арышт, таму прысуд аказаўся суровы.

Сёння Лілію з татам выклікалі ў міліцыю на размову на падставе тых аглядаў.

«Казалі, каб не ўдзельнічалі ў акцых і чаяпіццях, не стваралі ім праблем. Маўляў, мы можам стварыць вам праблемы і паболей. «Памятайце ж маці пяці дзяцей (Вольгу Залатар, затрыманую па крымінальнай справе. — «НН»)? Майце на ўвазе, што ў вас сітуацыя такая ж». Задавалі пытанні, дзе сястра Аня, якую яны вельмі стараюцца знайсці. Яны мяркуюць, што яна таксама ўдзельнічала ў шпацыры з парасонамі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?