«Агент крот» Мэйці Альбердзі

«Агент крот» Мэйці Альбердзі

Праграма «Oscars.doc. Намінанты і фіналісты» пачнецца з надзённага — з дакумента часу «76 дзён», дзе паказаны шпіталь і вуліцы Уханя падчас татальнага лакдаўну ў студзені мінулага года.

Наступная ў раскладзе — «Пячора» сірыйскага рэжысёра Фераса Фаяда, што адседзеў у турме за ўдзел у паўстанні супраць Башара Асада і са сваім фільмам ужо быў намінаваны на «Оскар». Карціна паказвае шпіталь пад зямлёй у асаджаным сірыйскім горадзе, у якім лекаркі маюць справу з патокам не проста хворых, а параненых дзяцей.

На трэці дзень запланаваная кранальная крымінальная гісторыя з Нарвегіі «Мастак і злодзей» — пра тое, як мастачка збліжаецца са злодзеем, які скраў яе карціны.

У апошнія два дні праграмы будуць паказаны непасрэдныя намінанты на «Оскар», якіх у гэтай катэгорыі ўсяго пяць. Першым — румынскі палітычны трылер пра тое, як журналісты выкрываюць карупцыйныя схемы ў сістэме аховы здароўя краіны і як гэта ўплывае на наваколле.

Апошняй у серыі стане дакументальная камедыя «Агент крот»: прыватны сышчык мусіць праверыць, у якіх умовах утрымліваецца маці кліенткі ў доме састарэлых. Ён наймае для гэтай справы 93-гадовага мужчыну, які не мае дачынення да сыску, і для таго пастаўленая задача становіцца сапраўднай авантурай.

Пасля сеансаў фільмы можна абмеркаваць з праграмным дырэктарам «Лістапада» Ірынай Дзям’янавай і даследчыцай кіно Марыяй Касцюковіч.

Арганізатар праекта кампанія «Арт Карпарэйшн», што робіць Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», стала пастаўляе на вялікі экран інтэлектуальнае аўтарскае кіно. На мінулым тыдні завяршыліся «Уікенды з Кшыштафам Кесьлёўскім», якія ўключылі ў сябе сем карцін польскага і французскага перыядаў рэжысёра, а таксама падборку яго дакументальных работ. Пасля праграмы «Oscars.doc» абяцаныя паказы Федэрыка Феліні і Паола Сарэнціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0