Гэтую гісторыю Tut.by распавёў чытач Алег Корнеў:

— На нашым возеры жыла пара лебедзяў. Мясцовыя жыхары ходзяць на іх любавацца і карміць, а дзятва празвала іх Борка і Лілька. А ўчора ў нас адбыўся абуральны выпадак: два падлеткі палявалі на птушак з арбалета. Адзін лебедзь, відаць, паляцеў, а другога паранілі ў шыю. І так ён, бедны, з гэтай стралой і плаваў па вадзе.

Мужчыну ўдалося злавіць аднаго з падлеткаў.

— Я доўга ганяўся за ім па ўсім пасёлку, але ўсё ж злавіў — з доказамі злачынства, з гэтым арбалетам. У яго яшчэ быў заплечнік, у якім знаходзіліся прыстасаванні для палявання. Падлетку яшчэ няма 14 гадоў, ён жыве ў Віцебску — у Білева. Атрымліваецца, спецыяльна ехаў дзеля сваёй «дзікай забавы» да нас у пасёлак.

Вяскоўцы выклікалі міліцыю і МНС.

— Падлетка, якога я злавіў, затрымалі. Яго таварышам, якому ўдалося збегчы, міліцыя сказала, што таксама зоймецца. А ратавальнікі дасталі з зараснікаў на возеры параненага лебедзя і павезлі ў заапарк. Там, наколькі я ведаю, ужо рыхтаваліся яму дапамагчы, хацелі рабіць аперацыю, але па дарозе птушка памерла.

Алег кажа, што жыхары Вольгава вельмі шкадуюць загінулую птушку.

— Жанчыны і дзеці плакалі. Як паднялася рука ў гэтых падлеткаў страляць у такую прыгожую птушку? З якіх меркаванняў зыходзілі бацькі, якія купілі дзіцяці дарагую прыладу палявання? Сёння яны патрэніраваліся на птушцы. А што зробяць заўтра? — абураецца мужчына.