Мужчыну завуць Уладзімір Жыхар, яму 47 гадоў. Разведзены, жыве ў Мінску. Працаваў кіроўцам пагрузчыка на адным са сталічных прадпрыемстваў.

«Бацька галасаваў за Ціханоўскую. Ён хацеў, каб штосьці змянілася ў краіне. Колькі я яго ведаю, бацьку заўсёды не вельмі падабалася тое, што адбываецца ў Беларусі. І тут з’явіўся промень надзеі — і ён як адказны грамадзянін сваёй краіны прымаў удзел у падзеях як мог», — расказвае Руслан, сын Уладзіміра Жыхара.

Марш 13 верасня.

Марш 13 верасня.

— Я яго не адгаворваў, наадварот. Нас гэтыя падзеі нават неяк згуртавалі. Мы нават пачалі шчыльна стасавацца з бацькам, як ніколі раней».

13 верасня Уладзімір прыняў удзел у Маршы Герояў. Частка дэманстрантаў аддзялілася ад асноўнай калоны і адправілася да дома старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Уладзімір Жыхар на Маршы герояў 13 верасня. 

Уладзімір Жыхар на Маршы герояў 13 верасня. 

Некалькі тысяч дэманстрантаў падышлі да дома Ярмошынай на вуліцы Ціхай, скандуючы «Баба Ліда, мы на чай!». Яны пакінулі каля агароджы яе палацыка плакаты і сімвалічныя падарункі.

Калі яны адыходзілі ад дома Ярмошынай, з другога канца вуліцы прыехалі два бусы і зрабілі чатыры стрэлы ў кірунку дэманстрантаў. Яны сталі адбягаць. Паказальна, што іншыя жыхары Драздоў адкрылі вароты сваіх двароў, каб дэманстранты маглі схавацца.

«На вуліцы Ціхай агрэсіўны натоўп аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі, якія ахоўвалі грамадскі парадак. У нападнікаў у арсенале былі гумовыя палкі і вадаправодныя трубы. Пратэстоўцы закідалі міліцыянтаў камянямі і бутэлькамі. Цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці нанесеныя чацвярым супрацоўнікам АМАПа, пашкоджаны службовы транспарт. Невядомы схапіў міліцыянта за куртку, паваліў на зямлю і выхапіў бясствольны траўматычны пісталет «Аса», — так апісвала падзеі міліцыя.

«У нас ёсць відэа, дзе бачна, як бацьку затрымлівалі. Мы прадаставім яго пазней, — кажа сын Уладзіміра Жыхара. 

— Сітуацыя, мяркуючы па тым відэа, такая — спачатку каля машыны бацьку білі некалькі чалавек у масках, пасля цягнулі ў бус. Але людзі падбеглі, пачалі адбіваць — тыя спужаліся і бросілі бацьку. Ён па інерцыі схапіў за куртку аднаго з сілавікоў — але той быў у цывільным і ў масцы, не было ніякіх пазнак, што гэта міліцыянт. 

Атрымліваецца, спачатку бацьку адпусцілі, але затрымалі трохі пазней, на наступным перакрыжаванні. Збілі пры тым затрыманні таксама».

Руслан кажа, што спачатку яго бацьку асудзілі па адміністрацыйным артыкуле.

«Спачатку яму далі 8 сутак. Яго нармальна так памутузілі, ён, здаецца, быў нават у бальніцы ці ў лазарэце. Але пасля нам пазваніў дзяжурны адвакат і сказаў: вы яго не чакайце, завялі крымінальную справу», — кажа Руслан.

У паведамленні міліцыі пра затрыманне Жыхара адзначалася, што той мае судзімасць.

«Гэта было вельмі даўно, больш за 10 гадоў таму. Адбыўся канфлікт з нейкім мужчынам у аўтобусе, яны пабіліся. Той напісаў заяву — бацьку прызналі вінаватым у хуліганстве і пакаралі 3 месяцамі арышту», — узгадаў Руслан.

З 13 верасня Уладзімір Жыхар знаходзіцца пад вартай. Яго ўтрымліваюць на Валадарцы, кажа сын. Лісты даходзяць, кажа сын, але, магчыма, не ўсе. На ўмовы Жыхар асабліва не скардзіцца, хіба на недахоп інфармацыі.

«Бацька ні ў чым не вінаваты, — лічыць яго сын Руслан. — Але ўлічваючы суды над іншымі, баюся, яго ўсё роўна асудзяць. Надзеі на пазітыўны вынік, на жаль, няма. Але бацька ні пра што не шкадуе».

Цяпер Уладзіміра Жыхара абвінавачваюць па трох крымінальных артыкулах: за блакаванне дарогі, гвалт у дачыненні міліцыі і нават рабаванне (за той пісталет «Аса»). Мужчыну пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Разглядаць справу будзе суд Савецкага раёна 15 красавіка ў 10:30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0