Суд таксама абавязаў Сачанку выплаціць маральную шкоду ў памеры дзвюх тысяч рублёў пацярпеламу Кавальчуку, дзяржпошліну — 87 рублёў і працэсуальныя выдаткі — 12 капеек.

Андрэя Сачанку прызналі вінаватым у тым, што ў жніўні і верасні ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» ён напісаў паведамленні з пагрозамі гвалту дваім супрацоўнікам АМАП Віктару Краўчуку і Руслану Кавальчуку, бацькам ваеннага Дзяніса Патрушава і выкладчыку МДЛУ Ігару Пучэні. У выніку гэтага ён «парушыў псіхалагічны і душэўны спакой» пацярпелых.

Па словах дзяржабвінавачання, віна Сачанкі пацвярджаецца словамі абвінавачанага, пацярпелых, сведак, матэрыяламі справы: скрыншотамі паведамленняў, якія дасылаў Сачанка, каментарыі абвінавачанага ў сацыяльных сетках.

Андрэй Сачанка поўнасцю прызнаў віну па абодвух артыкулах, з СІЗА дасылаў пацярпелым лісты з прабачэннямі. Андрэй Сачанка распавёў, што 11 жніўня яго брата затрымалі ў кавярні, з маці груба абышліся ў РАУС. Таму калі з'явіўся інтэрнэт, ён на эмоцыях напісаў каментары. Адзначыў, што цягам 5-10 хвілін выдаліў іх, а потым — і акаўнт «УКантакце». Андрэя затрымалі 6 студзеня ў Брэсце, дзе ён жыве, і прывезлі ў Першамайскае РУУС у Мінску.

Дзяржабвінаваўца Лапёнак была ўпэўненая, што паколькі абвінавачаны прызнаў віну, то пацвердзіў дзеянні. Яна падкрэсліла, што паведамленні былі накіраваныя, каб перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, а пагрозы былі ўспрыняты імі як рэальныя. Чыстасардэчнае прызнанне пракурор прасіла залічыць як змякчальныя абставіны. Яна папрасіла прызнаць яго вінаватым і прызначыць тры гады пазбаўлення волі паводле 364 артыкула і два гады — паводле артыкула 366.

У сукупнасці — асудзіць Сачанку да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне прызначыла суддзя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0