У судзе працягваецца допыт сведак, якіх дастаўляюць з СІЗА КДБ. За кафедрай сведкі стаяць у кайданках, злучаных металічным ланцугом з канваірам, распавядаюць Tut.by відавочцы.

У панядзелак дапытвалі Антона Марозава, дырэктара ТАА «Cістэмы апрацоўкі інфармацыі». З яго слоў, з рахунку таварыства на рахунак аднаго з яго заснавальнікаў — Балтыйскай інвестыцыйнай групы — пералічваліся дывідэнды ад прыбытку фірмы, што ён назваў «незаконнай грашовай узнагародай» супрацоўнікам банка. Таксама сказаў, што ад 2017 да 2020 перадаваў Кірылу Бадзею (намеснік старшыні праўлення банка, які курыруе кірунак рознічнага бізнэсу) наяўныя грашовыя сродкі — з долі дывідэндаў замежнага ўдзельніка.

Сёння дапытвалі Уладзіміра Дразда — памочніка Дзмітрыя Кузьміча (які да затрымання займаў пасаду намесніка старшыні праўлення Белгазпрамбанка), які сказаў, што па даручэнні Кузьміча аналізаваў рух па рахунку эстонскай кампаніі «Кампартнерс», якая валодала доляй у ТАА «Актыўлізінг» і атрымлівала ў сувязі з гэтым дывідэнды.

Дзмітрый Жардзецкі распавёў, што прыкладна ў 2008-2009 годзе Валерый Сяляўка (сябра Рады дырэктараў Белгазпрамбанка, памёр у 2011 годзе) папрасіў яго быць прадстаўніком замежнай кампаніі, якая займалася інвестыцыйнай дзейнасцю ў Беларусі. Дакументы для падпісання ад імя гэтай кампаніі Жардзецкаму перадаваў юрыст банка Шаўчук.

Андрэй Грыгаровіч (былы дырэктар дэпартамента рознічнага бізнэсу Белгазпрамбанка) растлумачыў, што рашэнні, якія тычацца ТАА «Прыватлізінг» прымаліся ў звычайным парадку. У тым ліку бывалі выпадкі, калі на крэдытным камітэце рашэнні прымаліся не на карысць таварыства.

Усе гэтыя сведкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ з чэрвеня 2020.

Справа Бабарыкі і топ-менеджараў Белгазпрамбанка

Працэс па «справе Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі, які мог стаць галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні мінулага года, пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суда Маскоўскага раёна.

Ужо на некалькі пасяджэнняў прэс-служба Вярхоўнага суда адмовілася акрэдытаваць журналістаў найбуйнейшых незалежных медыя.

Па «справе Белгазпрамбанка» праходзяць восем фігурантаў. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмыванні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (арт. 235 ч. 2 КК, да сямі гадоў пазбаўлення волі), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (арт. 430 ч. 3 КК, да 15 гадоў пазбаўлення волі). Аляксей Задойка (былы першы намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Кірыл Бадзей (в. а. старшыні праўлення Белгазпрамбанка пасля сыходу Бабарыкі), Сяргей Шабан (намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Дзмітрый Кузьміч (намеснік старшыні праўлення банка), Аляксандр Ільясюк (намеснік старшыні праўлення банка), Сяргей Дабралёт (былы намеснік старшыні праўлення банка) абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк (заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг») абвінавачваецца ў дачы хабару паўторна альбо ў буйным памеры.

Віктар Бабарыка — адзіны з васьмі фігурантаў не прызнаў віну. Бабарыка заявіў, што і ён, і астатнія фігуранты справы невінаватыя, а справа — палітычна матываваная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0