На гэта звярнулі ўвагу адміністратары тэлеграм-канала Эканоміка па-беларуску.
Насамрэч сітуацыя кшталту такой — экстраардынарная і скандальная. У выпадку Белгазпрамбанка ў 2020-м мела месца ўмяшальніцтва работнікаў сілавых структур, а што ж было ў Парытэтбанку?
Знаёмыя з сітуацыяй крыніцы тлумачаць, што гісторыя адбылася каля чатырох гадоў таму і набыла новае юрыдычнае жыццё, калі банк перастаў належаць дзяржаве (у 2020-м Парытэтбанк купілі стуктуры Саіда Гуцэрыева — сына расійскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева).
Фота: tut.by
Маўляў, грошы зніклі такім чынам — работніца дэпазітарыя ўступіла ў змову са сваім хлопцам-замежнікам, які ў абазначаны час прыйшоў у дэпазітарый і з яе дапамогай ускрыў некалькі ячэек, высвідраваўшы іх.
Дакладны памер складзенага ацаніць немагчыма, бо дамовы аб тым, колькі чаго ляжыць у ячэйцы, не афармляліся — гэта таямніца.
Калі аб сітуацыі паведамілі ўласнікам пацярпелых ячэек, сярод іх знайшоўся кемлівы персанаж.
«Сярод усёй заяўленай на той момант сумы шкоды 90% было агучана менавіта ім, тыя самыя $600 тысяч. У банку задаліся пытаннем і паспрабавалі фізічна размясціць столькі грошай у ячэйцы — не ўлазіла. Папрасілі абгрунтаваць паходжанне сродкаў — нічога не дабіліся.
Потым нібыта служба бяспекі высветліла, што ён у свой час быў судзімы за махлярства. З вяртаннем усёй агучанай сумы ў яго, натуральна, былі праблемы, бо банк не паверыў яму. Яшчэ калі Парытэтбанк належаў Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, ён хадзіў і пагражаў адміністрацыі, што ўсіх засудзіць. Тады гэта ўспрымалася з іроніяй, імаверна, той чалавек вырашыў яшчэ раз паспрабаваць забраць $600 тысяч пасля таго, як змяніўся ўласнік», — расказаў топ-менеджар банка.
У выніку суд прыняў бок кліента.