Даклад зроблены намаганнямі экспертаў і аналітыкаў з выведнай супольнасці ЗША — сямнаццаці ўрадавых бюро, якія займаюцца зборам звестак для амерыканскага ўрада, піша Tut.by. Сярод транснацыянальных пагроз у дакуменце названыя пандэмія COVID-19, змяненне клімату і забруджванне навакольнага асяроддзя, гандаль наркотыкамі і арганізаваная злачыннасць, міграцыя, сусветны тэрарызм і многія іншыя. Таксама кінуць выклік бяспецы ЗША і іх саюзнікаў могуць чатыры краіны.

Расія можа «ўварвацца ў Беларусь, калі палічыць гэта неабходным»

Як гаворыцца ў дакладзе, «Расія будзе працягваць падрываць уплыў ЗША, уносячы раскол у іх адносіны з заходнімі саюзнікамі, а таксама будзе развіваць свой вайсковы, ядзерны, касмічны і выведны патэнцыял». Тым не менш, аналітыкі кажуць, што Расіі трэба не прамое сутыкненне з ЗША, а кампраміс на ўмовах узаемнага неўмяшання ва ўнутраныя справы і прызнання расійскай сферай уплыву большай часткі былога СССР.

У ім таксама адзначаецца, што Масква будзе ўжываць розныя метады для пашырэння ўплыву: «Інфармацыйныя кампаніі, выведку і контртэрарыстычнае супрацоўніцтва, аперацыі узброеных сіл і наймітаў, забойствы, гандаль зброяй». Таксама Расія будзе ўмешвацца ў крызісы, якія ўзнікаюць, калі яе інтарэсы будуць пастаўлены пад пагрозу, а цана такога ўмяшання будзе не занадта высокай. Чакаецца працяг супрацоўніцтва Расіі з Кітаем, рост яе ўплыву ў Сірыі і Лівіі, Венесуэле і на Кубе, а таксама ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі за кошт энергетычных кантрактаў і паставак зброі. Як гаворыцца ў дакладзе, адным з інструментаў для прасоўвання сваёй павесткі і паслаблення ўплыву ЗША будзе выкарыстанне энергарэсурсаў — ад 2006 года Расія бачыць энергетыку ў якасці інструмента міжнароднай палітыкі (у тым ліку пастаўкі газу і пагрозу іх магчымага прыпынення ў Еўропу, а таксама будаўніцтва АЭС у розных краінах свету).

«У былым Савецкім Саюзе Масква мае добрыя магчымасці павысіць сваю ролю на Каўказе, уварвацца ў Беларусь, калі палічыць гэта неабходным, а таксама працягваць дэстабілізуючыя намаганні супраць Украіны, у той час як перамовы аб урэгуляванні па-ранейшаму не прасоўваюцца і там працягваюцца баі нізкай інтэнсіўнасці», — гаворыцца ў дакладзе.

Аналітыкі адзначаюць, што, нягледзячы на нязменны, а ў некаторых абласцях і зменшаны вайсковы бюджэт, Расія валодае сучаснымі вайсковымі тэхналогіямі і можа разгарнуць свае ўзброеныя сілы ў стратэгічна важных рэгіёнах — праўда, чым яны будуць далей ад Расіі, тым менш эфектыўныя будуць у магчымых сутыкненнях. Дадатковы рычаг для Масквы — ПВК, кантраляваныя «блізкімі да Крамля алігархамі», аднак іх эфектыўнасць ацэньваецца экспертамі не занадта высока. Адзначаецца, што ў ядзерных узбраеннях Расія застанецца самым буйным спаборнікам ЗША ў агляднай будучыні.

У галіне кібербяспекі амерыканскія эксперты бачаць галоўнай пагрозай менавіта расійскіх хакераў. На іх думку, «Расія працягвае атакаваць важныя аб'екты інфраструктуры, такія як сістэмы прамысловага кіравання, у ЗША і іх саюзнікаў». Дзеянні расійскайвыведкі, як адзначаецца, могуць паўплываць на прыняцце рашэнняў амерыканскімі выбаршчыкамі на выбарах, а сама яна можа падзяліцца сваімі тэхналогіямі і вопытам з супернікамі ЗША.

Расія і ў космасе застаецца адным з галоўных гульцоў, працягне ствараць зброю для барацьбы са спадарожнікамі, а таксама ўдасканальваць сістэму наяўных у краіны спадарожнікаў для выведкі і назірання.

Кітай — галоўны супернік ЗША ў свеце

КНР, на думку амерыканскіх экспертаў, сваё супрацьстаянне з ЗША ўспрымае як геапалітычнае і разглядае меры, якія прымаюцца з 2018 года амерыканцамі, як спробу стрымаць яго рост. Але, тым не менш, лідары Кітая будуць шукаць магчымасць паменшыць напружанне ў двухбаковых адносінах, калі гэта будзе адказваць іх інтарэсам.

Аналітыкі лічаць, што КНР будзе старацца і далей пазбавіцца ад тэхналагічнай залежнасці і ставіць мэтай дасягненне перавагі над ЗША ў гэтай сферы да 2030 года. Кітай застанецца галоўнай пагрозай амерыканскаму тэхналагічнаму панаванню, асабліва ў сферах абароны, энергетыкі, фінансаў, а таксама ў многіх іншых, прычым выкарыстоўваць ён будзе розныя інструменты, ад капіталаўкладанняў да шпіянажу і адкрытага крадзяжу, каб паменшыць адрыў.

У міжнародных адносінах Кітай працягне прасоўваць ініцыятыву «Адзін пояс і адзін шлях» для пашырэння свайго палітыка-эканамічнага ўплыву і вайсковай прысутнасці ў свеце, а ад неэфектыўных практык пастараецца адмовіцца. Таксама Пекін будзе ўмацоўваць свой уплыў з дапамогай «вакцынавай дыпламатыі» — даваць сяброўскім краінам перавагу ў атрыманні кітайскіх вакцын, а свой поспех у барацьбе з пандэміяй падаваць як доказ перавагі яго сістэмы.

На думку экспертаў, захаваецца высокая напружанасць на інда-кітайскай мяжы, дзе летась адбыліся сутыкненні. У Паўднёва-Кітайскім і Усходне-Кітайскім морах КНР будзе працягваць ціск на суседзяў з нагоды спрэчных тэрыторый, выкарыстоўваючы ваенна-марскія сілы. Таксама чакаецца рост ваеннай актыўнасці блізу Тайваня.

Кітай працягне ажыццяўляць план вайсковых рэформаў, у тым ліку флоту, ВПС і ракетных сіл. Асобна ў дакладзе гаворыцца пра ядзерную зброю: яе запасы Пекін будзе спрабаваць падвоіць за наступныя дзесяць гадоў, раўнамерна размяркоўваючы іх у ядзернай трыядзе (авіяцыя, ракеты, падлодкі) — менавіта таму краіна не зацікаўленая ў пагадненнях, скіраваных на памяншэнне колькасці падобных узбраенняў. Кітай, як чакаецца, працягне супрацоўнічаць з Расіяй у абароннай і эканамічнай сферах.

Таксама КНР адкрыта кіне выклік ЗША ў космасе — эксперты прагназуюць, што яна створыць сваю арбітальную станцыю паміж 2022 і 2024 гадамі, працягнуцца даследаванні Месяца і нават магчыма будаўніцтва там пастаяннай базы. Адзначаецца, што кітайскае ваеннае ведамства ўжо зараз валодае зброяй, здольнай змагацца са спадарожнікамі ЗША і іх саюзнікаў.

Таксама гаворка ў дакладзе ідзе аб актыўнасці Кітая ў глабальнай сетцы: кібершпіянажы і нападах хакераў, накіраваных на ЗША, а таксама падаўленні інтэрнэт-кантэнту з ЗША ўнутры краіны ў ідэалагічных мэтах. Эксперты лічаць, што Кітай валодае магчымасцямі праводзіць такія кібератакі, якія могуць прывесці як мінімум да часовага і лакальнага збою найважнейшай амерыканскай інфраструктуры. Акрамя гэтага, наяўныя ў Пекіна тэхналогіі кантролю над насельніцтвам (сістэмы назірання) могуць экспартавацца ў іншыя краіны.

З дапамогай выведнай дзейнасці Кітай будзе спрабаваць падарваць аўтарытэт ЗША ва Усходняй Азіі, а таксама на Тайвані. Таксама чакаецца, што Пекін з дапамогай выведкі будзе прыкладаць больш намаганняў для змены амерыканскага палітычнага клімату і ціску на асобных непажаданых амерыканскіх палітыкаў. У цэлым суперніцтва з Кітаем амерыканскія эксперты разглядаюць у якасці найважнейшага кірунку.

Іранскія шпіёны і падтрымка груповак

Іран, як прагназуюць аналітыкі, будзе працягваць падтрымліваць шыітаў за мяжой, умацоўваць уплыў у суседніх краінах, спрабаваць аслабіць міжнародны ціск і звесці да мінімуму пагрозы рэжыму. Аднак іранская эканоміка, якая адчувае падзенне, і дрэнная рэпутацыя ў рэгіёне ствараюць цяжкасці для выканання гэтых мэтаў. Іран, лічаць эксперты, будзе камбінаваць дыпламатыю з пагрозамі пашырэння ядзернай праграмы, закупкамі ўзбраенняў і таемнымі ваеннымі аперацыямі.

Яны прадказваюць, што Іран можа пайсці на рызыкі, якія могуць узмацніць напружанасць і пагражаць інтарэсам ЗША і саюзнікаў (перш за ўсё Ізраіля) у бліжэйшым годзе. Аднак у Тэгерана няма жадання правакаваць адкрыты канфлікт з ЗША ці ставіць пад пагрозу магчымае паслабленне дзейных санкцый.

Аднак хутчэй за ўсё ўлады краіны не сядуць з ЗША за стол перамоў, пакуль яны не аслабяць санкцыі і зноў не вернуцца ў ядзерную ўгоду, з якой выйшлі ў 2018 годзе. Хоць, па дадзеных амерыканскіх экспертаў, Іран у цяперашні час не праводзіць ключавыя для стварэння ядзернай зброі працы, ён можа пачаць узбагачэнне ўрану да значэнняў, не прадугледжаных пагадненнем — як ён і пагражаў раней.

Галоўным месцам, куды будзе накіраваны іранскі ўплыў, на працягу некалькіх бліжэйшых гадоў застанецца Ірак, дзе Тэгеран будзе працягваць падтрымліваць узброеныя групы шыітаў і сяброўскія палітычныя партыі, што можа пагражаць амерыканскаму персаналу, які дыслакуецца ў краіне. Таксама Іран разлічвае на сталую вайсковую прысутнасць і эканамічныя кантракты ў Сірыі, калі вайна там спыніцца — адтуль і з Лівана рукамі групоўкі «Хезбала» ён можа пагражаць Ізраілю. Емен застанецца арэнай сутыкнення Ірана з Саудаўскай Аравіяй — яшчэ адным саюзнікам ЗША: Тэгеран падтрымлівае там паўстанцаў-хусітаў з дапамогай паставак зброі, у тым ліку ракет. Таксама Іран наладжвае сувязі ў Афганістане як з цэнтральным урадам, так і з прадстаўнікамі руху «Талібан», каб у выпадку перамогі любога з бакоў застацца ў выйгрышы.

Аўтары дакладу сцвярджаюць, што ў Ірана самыя вялікія магчымасці прымянення балістычных ракет у рэгіёне, і ён працягне іх удасканальваць нават нягледзячы на праблемы ў эканоміцы. Таемныя вайсковыя аперацыі і непрамое ўзаемадзеянне з узброенымі фарміраваннямі дазваляюць яму больш упэўнена дамагацца пастаўленых мэтаў.

Пагрозу ЗША таксама ўяўляе імкненне Ірана стварыць выведную сетку не толькі на Блізкім Усходзе, але і ў Амерыцы — за апошнія некалькі гадоў мноства людзей там былі арыштаваныя паводле падазрэння ў сувязях з іранскай выведкай. Таксама ў краіны ёсць магчымасці для кібершпіянажу і нападаў — да прыкладу, вясной 2020 года, як сцвярджаецца, іранскія хакеры атакавалі ізраільскія аб'екты водазабеспячэння. Асцярогі экспертаў, тым не менш, зводзяцца да шырокіх магчымасцяў Ірана пашыраць у сеціве дэзінфармацыю пра ЗША.

Паўночная Карэя — ядзерная бомба і ракеты

Галоўнымі пагрозамі з боку КНДР па-ранейшаму з'яўляюцца яе ядзерная і ракетная праграмы. Эксперты лічаць, што паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын спрабуе дамагчыся прызнання краіны ядзернай дзяржавай у тым ліку з дапамогай умацавання арміі ў цэлым і яе мадэрнізацыі — гэта можа быць небяспечна для Паўднёвай Карэі і Японіі, амерыканскіх саюзнікаў.

Аднак нягледзячы на адмову на словах у снежні 2019 года ад узятых на сябе абавязацельстваў не праводзіць новыя выпрабаванні ядзернай зброі, Кім з тых часоў так і не ажыццявіў ніводнага, як не было і выпрабаванняў ракет вялікай далёкасці. Усё гэта пакідае магчымасці для перамоў Паўночнай Карэі з ЗША. Кім Чэн Ын, лічаць аналітыкі, плануе публічна ўздымаць пытанне аднаўлення выпрабаванняў, каб націснуць на ЗША і прымусіць іх узаемадзейнічаць з КНДР на яе ўмовах.

Паўночнакарэйскія хакеры, як сцвярджаецца ў дакладзе, ладзілі па ўсім свеце кібератакі на фінансавыя ўстановы, у тым ліку звязаныя з крыптавалютамі. Паводле ацэнак экспертаў, былі скрадзеныя сотні мільёнаў долараў — магчыма, для ўрадавых праектаў, у тым ліку ядзернай і ракетнай праграм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0