Як гэта працуе? Каб падтрымаць медыя, чытач можа аформіць падпіску на платформе Patreon на суму 5, 10, 30, 50 і 100 еўра. Кожны лот мае свае бонусы — чым лот даражэйшы, тым іх больш. З падарункаў — плакат ад фотамастачкі Карыны Паляковай, майка з прынтам аўтарства Уладзіміра Цэслера, стыкер, стылёвы шопер і худзі з надпісам «кукуха едзе». Іх падпісанты атрымліваюць не адразу, а праз некалькі месяцаў пасля падпіскі. Спонсараў дадаюць таксама ў закрыты чат з рэдакцыяй (калі выбраць лот за 50 еўра, можна нават патрапіць на планёрку).

Фота kyky.org

Фота kyky.org

«Мы ведалі пра інструмент Patreon і вырашылі паспрабаваць яго. Канечне, калі б цяпер у Беларусі ўсё было іначай і ўмоўная MolaMola не была закрыта, мы б, напэўна, размясціліся там. Але паколькі тыя, хто лічыць сябе ўладай, выпальвае ўсе інструменты дапамогі грамадзянскай супольнасці, нам давялося браць нешта замежнае, — тлумачыць галоўная рэдактарка kyky.org Наста Рагатко.

— Мы выбралі Patreon, бо ён у тым ліку дазваляў сумяшчаць у лотах продаж інфармацыйнага прадукту і рэчавага. Для нас было важна, каб была магчымасць рабіць мерч. І з гэтым мы не памыліліся: людзі адразу пачалі пытацца, як набыць толькі худзі ці толькі футболку. Відаць фраза «кукуха едзе» вельмі зрэзаніравала ў людзей, трапіла ў настрой. Думаю, у будучыні нам трэба запускаць асобную лінейку мерчу».

Наста Рагатко. Фота з асабістага архіву

Наста Рагатко. Фота з асабістага архіву

Наста кажа, што для іх гэты краўдфандынг — эксперымент.

«Мы дамовіліся, што не пішам бізнэс-план, не разлічваем, што гэта пакрые нам заробак. Мы не пабудуем цяпер бізнэс-мадэль на Patreon, бо наогул ніколі не спрабавалі краўдінструменты і паняцця не мелі, будзе больш данатаў з Беларусі ці з дыяспар». 

Цяпер у медыя 114 спонсараў (патронаў). Агулам яны аформілі штомесячную падпіску на 1639 еўра.

Рэдакцыя вынікам задаволеная.

«З улікам таго, што ў нас даволі маленькая каманда, для нас гэта ўжо адчувальныя грошы. Мы можам закрыць заробак нейкага супрацоўніка ці аплаціць платформу для стварэння тэстаў, хостынг, новыя дамены, якія мы мяняем. Гэта добрая база для старту. Мы плануем падключыць рэкламу і развіваць праект».

Па словах галоўнай рэдактаркі, аптымальна было б мець штомесячную падпіску на 4-5 тысяч еўра.

«Мы б тады ведалі, што ёсць базавы месячны абарот, які дазваляе планаваць будучыню больш, чым на месяц. Бо маральна каманда гатова і хоча здзяйсняць працоўныя подзвігі, проста гарызонт планавання праз тое, у якой сітуацыі мы апынуліся, вельмі маленькі. У любой кампаніі ты не можаш развівацца, калі існуеш у стане выжывання. З генерацыяй ідэй у нас праблем няма, але патрэбны нейкі рэсурс, каб быць упэўненымі, што мы пацягнем гэта вытворча».

Большасць данатаў прыходзяць знутры Беларусі. Самымі папулярнымі сталі маленькія лоты, але ёсць і некалькі чалавек, якія аформілі падпіску на 100 еўра. Сярод падпісантаў шмат айцішнікаў. У закрытым чаце з рэдакцыяй людзі прапануюць тэмы, абмяркоўваць артыкулы, якія выйшлі на сайце.

«Мы вельмі шмат цёплых слоў пачулі пра сябе дзякуючы гэтаму чату. І я бачу, што рэдакцыйная каманда ажывілася. У нас пасля блакіроўкі ўпалі прагляды, вечнымі сайтамі-люстэркамі мы забілі свой пошукавы трафік і засталіся на ядры аўдыторыі. Журналістам стала цяжкавата: калі раней тэкст набіраў дзясяткі тысяч праглядаў, то цяпер ты радуешся, калі на ім 15 тысяч. Але калі ў чат пачалі прыходзіць рэальныя людзі і дзякаваць, гэта падтрымала маральны дух».

Медыя прапаноўвала спонсарам размяшчаць іх імёны на сайце, але аказалася, што цяпер людзі не гатовыя публічыць свае даныя. З планаў — прапаноўваць па падпісцы арыгінальны кантэнт, якога няма на сайце. Такую форму краўдфандынгу хочуць запусціць і для беларускай рэдакцыі The Village.

Наколькі беларуская аўдыторыя гатова да такой мадэлі — плаціць анлайн-медыя?

«Да 2020 года я была б першай, хто сказаў, што ніхто не будзе плаціць, і kyky.org на краўдфандынгу нічога не збярэ. Бо ў нашым часопісе не было ідэі сацыяльна архіважнага прадукту, як, напрыклад, у праекта «Імёны». Людзі хутчэй будуць дапамагаць хлопчыку з цяжкай хваробай, чым хіпстэрам, якія пішуць тэксты. Для мяне стала адкрыццём, як людзі данацілі фондам салідарнасці.

Пакрыць праз падпіску расходы ўсёй рэдакцыі, канечне, мы не зможам, але ў нас і няма такой мэты. Будзем выкарыстоўваць гэта як дадатковую крыніцу даходу, які не забярэ ДФР».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?