19 красавіка партыя «Саюз-90»/»Зялёныя» паведаміла, што 40-гадовая Аналена Бербак (Annalena Baerbock) стане кандыдаткай на пост кіраўніка ўрада, выбары якога адбудуцца сёлета ў верасні. Менавіта Бербак цяпер мае нядрэнныя шанцы стаць новым канцлерам Германіі. Па звестках апытанняў, партыя стабільна займае другое месца і саступае толькі кансерватарам на 4-5%.

Партыю «зялёных» у Германіі ўзначальваюць Аналена Бербак і Роберт Хабек (Robert Habeck) з 2018 года. За час іхняга кіравання рэйтынг партыі павялічыўся ў два з паловай разы — з 8,9% працэнта на выбарах у бундэстаг у 2017 годзе да 22-23% у красавіку 2021. Цяпер «зялёныя» прысутнічаюць амаль ва ўсіх мясцовых парламентах.

Аналена Бербак нарадзілася ў 1980 годзе ў невялікім мястэчку каля Гановера, сталіцы Ніжняй Саксоніі. У юнацтве яна прафесійна займалася спортам і тройчы заваёўвала бронзу на нацыянальных спаборніцтвах па скачках на батуце, піша Deutsche Welle. 

У 16-гадовым узросце Бербак год жыла ў ЗША ў межах школьнага абмену, а ўніверсітэцкую адукацыю атрымала ў Гамбургу, дзе кандыдатка вывучала паліталогію і права. Затым Бербак атрымала дыплом магістра міжнароднага права ў Лонданскай школе эканомікі.

На пачатку кар’еры Бербак працавала пазаштатным супрацоўнікам гановерскай газеты, а потым узначальвала ў Брусэлі офіс дэпутата Еўрапарламента.

У 2005 годзе Аналена Бербак уступіла ў партыю «зялёных», дзе займалася еўрапейскай палітыкай, а пазней узначаліла зямельнае аддзяленне «зялёных» у Брандэнбургу, дзе яна жыве разам з мужам і дзвюма дочкамі.

З 2013 года Бербак — дэпутат бундэстага. Яна курыруе палітыку, звязаную са зменамі клімату, а таксама пытанні ўсходніх зямель Германіі.

Барацьба са зменамі клімату — адна з цэнтральных тэм для Бербак. Вядома, што яна выступае за паскарэнне тэмпаў адмовы ад вугальнай энергетыкі, якую ў Германіі запланавалі на 2038 год.

У знешняй палітыцы Бербак мае рэпутацыю жорсткага крытыка дзеянняў Расіі ва Украіне. Да таго ж, кандыдатка выступае супраць завяршэння будаўніцтва газаправода «Паўночны паток — 2», бо, на яе думку, гэты праект супярэчыць еўрапейскім мэтам па барацьбе з кліматычным крызісам і ўсім санкцыям ЕС супраць Расіі. Больш за тое, газаправод перашкаджае геастратэгічным інтарэсам еўрапейцаў і мае выразную накіраванасць супраць Украіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?