Уладзімір Кніга на фота злева

Уладзімір Кніга на фота злева

Працаваў у міліцыі, быў судзімы за перавышэньне ўлады, выхоўвае дваіх дзяцей

Кнігу дапыталі пад канец суду, пасьля допыту абвінавачанага Фурманава, усіх пацярпелых і сьведак, а таксама пасьля разгляду пісьмовых матэрыялаў справы. На ўсе паседжаньні па «справе Ціханоўскага» прыходзяць па некалькі дзясяткаў чалавек, каб падтрымаць фігурантаў. У невялікай залі звычайна зьмяшчаюцца ня ўсе.

Уладзімеру Кнігу 39 гадоў. Ён жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Яго затрымалі падчас пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні 4 чэрвеня. Ён быў валянтэрам у камандзе Ціханоўскай. Палітвязьнем яго не прызналі. Кнігу вінавацяць у арганізацыі беспарадкаў і гвалце над міліцыянтамі.

Раней Кніга служыў у міліцыі, у патрульна-паставой службе спэцыяльнага прызначэньня, але не ў АМАПе. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэньне ўлады. У 2014 годзе ён вызваліўся. На сёньня тая судзімасьць пагашаная. Апошнім часам працаваў кіроўцам сьмецьцявоза. Пасьля вызваленьня кантактаваў зь некаторымі супрацоўнікамі міліцыі. Кажа, што непрыязі да міліцыянтаў не адчуваў.

Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, Кніга разам зь іншымі праз інтэрнэт заклікаў парушаць парадак. Нібыта ён прымаў удзел у арганізацыі масавага мерапрыемства пад відам пікету 29 траўня ў Горадні, каб выказаць свае палітычныя інтарэсы, абвастрыць напружанае становішча ў краіне, «з матываў палітычнай і ідэалягічнай варожасьці». З афіцыйнай вэрсіі вынікае, што гэтае мерапрыемства груба парушала парадак, перашкаджала працы транспарту.

Кнігу таксама вінавацяць у тым, што ён ударыў камандзіра групы АМАПу Дзьмітрыя Рахунка па тулаве, потым стрымліваў яго за форменнае адзеньне, адцягваў Рахунка ад Сяргея Ціханоўскага. Некалькі ўдараў нібыта нанёс камандзіру групы АМАП Віктару Будніку, у тым ліку па галаве. Таксама ён жа, згодна з абвінавачаньнем, перашкаджаў пасадзіць Ціханоўскага ў службовы транспарт.

«Не знаёмы зь Ціханоўскім, але знаю яго»

Падчас допыту Кніга называе ўсіх па імені і імені па бацьку, хаця ў пытаньнях гучаць толькі прозьвішчы. Міліцыянтаў і іншых удзельнікаў мітусьні на Савецкай плошчы ў Горадні летась 29 траўня ён называе «пэрсанажамі».

— Ці знаёмыя вы зь Сяргеем Ціханоўскім? — пытаецца пракурор Мікіта Мысьлівец.

— Не знаёмыя, але знаю яго, — адказаў Кніга.

Ён глядзеў ролікі Ціханоўскага на YouTube-канале. Прыходзіў на сустрэчу з блогерам у горадзенскім парку Жылібэра летась 26 красавіка, выказваўся на ёй.

Суд цікавіла, як Кніга пазнаёміўся зь іншымі фігурантамі справы, зь Ціханоўскім; хто да каго першы падышоў, зь якімі словамі; якую ён ролю граў у камандзе; як кантактаваў; ад каго атрымліваў інфармацыю.

Яшчэ з адным фігурантам, Яўгенам Разьнічэнкам, Кніга пазнаёміўся, калі пачалі ставіць пікеты для збору подпісаў за Ціханоўскую. Абодва былі валянтэрамі. Кніга сам прапанаваў дапамогу. Ставіў намёт, раскладаў інвэнтар. Грошай яму ніхто за гэта не плаціў.

Са Зьмітром Фурманавым Кніга пазнаёміўся, толькі калі іх разам везьлі на «Валадарку». Аляксандра Арановіча, якога асобна судзяць таксама па «справе Ціханоўскага», Кніга знае толькі з матэрыялаў справы. Пра пікеты Кніга дазнаваўся з адкрытых крыніц у інтэрнэце.

29 траўня мінулага году ён прыйшоў на Савецкую плошчу прыкладна ў 19:40, незадоўга да таго, як «пачалася ўся гэтая незразумелая каніцель, калі пэрсанажы прыляцелі».

Кніга хацеў пазнаёміцца зь Ціханоўскім, пагутарыць, папіць кавы, але не пасьпеў. Ён чакаў, калі блогер вызваліцца ад размоваў з мноствам людзей.

— Вы бачыце розьніцу паміж пікетам і мітынгам? — удакладніў пракурор.

— Плякатаў не было. Ніхто не выгукваў палітычныя лёзунгі, — упэўнена адказаў Кніга.

«Калі ў вас з формы прыбраць пагоны, то хто вы будзеце?»

Фігурант ня бачыў пачатку камунікацыі Ціханоўскага з «жанчынай у кепцы». Але бачыў пацярпелых міліцыянтаў Казлоўскага (які падаў) і Хваленю (які хадзіў з рупарам).

«Былі пэрсанажы ў міліцэйскай форме, якія мітусіліся туды-сюды. Было адчуваньне, што яны ня ведалі, што шукаць. Перасоўваліся дробнымі перабежкамі», — апісаў іх Кніга.

Фігурант расказаў, што, на ягоную думку, натоўп стварылі штучна. Нейкія людзі пачалі крычаць і штурхацца.

«Я працаваў у МУС, магу адрозьніць правакацыю ад сапраўднай сытуацыі… Я быў у шоку ад гэтых падзей. Я пазнаў многіх людзей, якія дагэтуль працуюць у структуры МУС. Яны стаялі ў чарзе, каб паставіць подпіс за Ціханоўскую. Гэта або стварэньне масавасьці, або грамадзянская пазыцыя», — пракамэнтаваў Кніга.

Ён патлумачыў, што пайшоў за натоўпам праз «інстынкт натоўпу», як «разявака», бо было цікава, што адбываецца.

«Прыехаў «вясельны картэж». Павыскоквалі пэрсанажы. Паўсядзённая летняя форма [павінна быць] колеру хакі, а тут чорная незразумелая форма. Калі ў вас, дзяржаўны абвінаваўца, з формы прыбраць пагоны, то хто вы будзеце?», — разважаў Кніга пра міліцыю, якая прыехала на плошчу на транспарце без азнакаў і ў незразумелай для яго форме.

«Ня варта аддаваць людзей проста так»

Фігурант бачыў, як Ціханоўскага вядуць у бок кавярні: «Відаць, кавай хацелі пачаставаць».

— Кніга, вы зьдзекуецеся? — пасьля чарговага такога жарту ўдакладніла ў абвінавачанага судзьдзя Бекушава.

— Не, высокі суд, — сур’ёзна адказаў той.

Кніга пабег у той жа бок, куды вялі Ціханоўскага, каб «запытацца, што за бязьмежжа робіцца». Па дарозе ён зачыніў адчыненыя дзьверы мікрааўтобуса без азнакаў.

«Падумаў, можа ён каву прывёз у кавярню ці гамбургеры. [Зачыніў], каб натоўп нічога ня скраў. Я ўбачыў скучанасьць. Беглі коні і людзі», — патлумачыў падсудны.

Урэшце ён аказаўся ў цэнтры «скучанасьці». Амаль нікога са сваіх былых калегаў Кніга не пазнаў, бо тыя былі ў масках. Аднак падчас гэтай мітусьні нехта прымяніў да Кнігі ўдушальны прыём амаль у ляжачым становішчы, а потым адпусьціў. У байца зьляцела маска, і Кніга пазнаў у ім амапаўца Паўла Трафімава. Па «чырвоных каптурках» ён зразумеў, што на плошчы былі і іншыя амапаўцы.

Кніга аспрэчыў, што стасаваў да некага гвалт у той мітусьні. Адмаўляўся, што заклікаў раней некага парушаць парадак або чыніць гвалт у дачыненьні да міліцыянтаў, або што заклікаў абараняць Ціханоўскага, калі раптам яго будуць затрымліваць. Таксама ён аспрэчыў, што перашкаджаў руху транспарту. Кніга прызнаў, што мог выпадкова дакрануцца да амапаўца Рахунка, але толькі таму, што зачапіўся за бардзюр і падаў.

«Чаму мяне не затрымалі ў той жа дзень, калі я такі злосны хуліган?», — задаў рытарычнае пытаньне Кніга.

Тое, што супраць яго давалі паказаньні, ён назваў агаворам.

«Людзі хочуць перамен. Ня варта аддаваць людзей проста так. Пра гэта, магчыма, думае кожны, але сказаць могуць адзінкі… Столькі тэхнікі панаехала, столькі сілаў, каб затрымаць аднаго чалавека. Гэта што, акт застрашваньня? Мая думка: яго (Ціханоўскага. — РС) затрымалі беспадстаўна, з парушэньнем усіх законаў», — выказаўся Кніга.

У судзе перапынак да 27 красавіка. Тады скончаць дапытваць Кнігу і, магчыма, пяройдуць да допыту Разьнічэнкі. Пасьля плянуюцца спрэчкі, апошняе слова і прысуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0