Дар'я і Кацярына падчас пасяджэння ў лютым. Фота Надзеі Бужан
У той дзень іх затрымалі, затым асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 КаАП, а пазней распачалі ў дачыненні да журналістак крымінальную справу. У лютым прайшоў суд. Суддзя Наталля Бугук прысудзіла кожную да двух гадоў пазбаўлення волі.
Разгляд апеляцыі запланаваны на 10 раніцы. Ні Кацярына Бахвалава, ні Дар'я Чульцова ў працэсе асабіста не ўдзельнічаюць. Пад вартай яны знаходзяцца ўжо больш за пяць месяцаў. Цяпер — у следчай турме ў Жодзіне.
Журналістак абвінавачвалі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Дар'ю Чульцову па-ранейшаму абараняе Аляксандр Хаецкі. У Кацярыны Бахвалавай новы абаронца — Андрэй Мачалаў: яе ранейшага адваката Сяргея Зікрацкага ў сакавіку пазбавілі ліцэнзіі.
У дарадчым пакоі судовая калегія правяла крыху больш за 20 хвілін.
Пасля гэтага яна абвясціла сваю пастанову: пакінуць прысуд Кацярыне Бахвалавай (Андрэевай) і Дар'і Чульцовай без змены.
За сваю працу журналісткі правядуць у калоніі агульнага рэжыму два гады.