Суддзя Яўген Брэган прысудзіў:

  • Сяргею Маўшуку і Аляксандру Цярэшку — 6 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гунько, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Шматдзетнай маці Алене Маўшук — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
  • Давіду Масціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шэлямету — 5 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Раней такія ж самыя тэрміны для абвінавачаных запатрабаваў пракурор.

Суды над 14 пінскімі палітвязнямі працягваліся з 23 сакавіка. У ходзе судовых паседжанняў віну прызналі Артур Халімончык і Сяргей Ляжэнка. Цалкам не прызналі — Ігар Салавей, Станіслаў Міхайлаў, Данііл Богнат, Аляксандр Цярэшка. Астатнія абвінавачаныя прызналі віну часткова.

Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі, закліках дэмантаваць тратуарную плітку, закліках «біць сілавікоў», пашкоджанні маёмасці, кіданні камянёў, фрагментаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек, ударах па сілавіках рукамі і нагамі.

Паводле абвінавачання, падсудныя далучыліся да дзеянняў іншых асоб і адзін да аднаго «ў мэтах дасягнення адзінага выніку, што выразілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаннях і знішчэнні маёмасці».

Пацярпелымі па справе прызнаныя 109 супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў.

На першым пасяджэнні пракурор распавядаў, хто з пінчукоў у чым абвінавачваецца. Такім чынам, па версіі следства:

Ляжэнка выламаў палку з лаўкі і нанёс ёю не менш за 10 удараў па супрацоўніках міліцыі, потым дастаў іншую палку і нанёс яшчэ не менш за тры ўдары.

Багнавец выламаў кол для падвязкі дрэў і кінуў у пастраенне сілавікоў.

Халімончык шпурнуў у міліцыянтаў пластыкавую бутэльку і палку, нанёс не менш за два ўдары палкай.

Гунько ўдарыў адзін раз рукой у шчыт, потым вырваў з клумбы кветкі з каранямі і зямлёй «вырабіўшы тым самым прыладу злачынства», і кінуў у сілавікоў. Туды ж кінуў і металічную скрыню.

Шэлемет кінуў у міліцыянтаў камень, пластыкавую бутэльку, падпалены пачак цыгарэт і дошку.

Рагашчук кінуў неўсталяваны прадмет, спрабаваў вырваць скрыню, не менш за пяць разоў ударыў палкай па супрацоўніках АУС.

Рубец кінуў у шарэнгу міліцыянтаў жменю зямлі з клумбы і камень.

Цярэшка кінуў палку і неўсталяваныя прадметы.

Богнат кінуў камень, фрагмент разбітай шкляной бутэлькі і неўсталяваны прадмет.

Міхайлаў біў нагой у шчыты, падняў бетонную паўсферу і шпурнуў яе ў бок міліцыянтаў.

Масціцкі ударыў чатыры разы палкай.

Салавей заклікаў дэмантаваць плітку, кінуў неўсталяваны прадмет.

Алена Маўшук падышла да шарэнгі сілавікоў і ўдарыла па шчытах рукамі, драўляным калом і палкай. Яе муж Сяргей кінуў у міліцыянтаў палку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0