Фота The Washington Post
На мінулым тыдні Nextiles выпусціла разумную тканіну — матэрыял, у які ўбудавалі схему для збору біяметрычных звестак, піша The Washington Post.
Пакуль што такая тканіна будзе выкарыстоўвацца ў спартовым адзенні. Галоўная асаблівасць разумнага адзення ў тым, што яно дазваляе спартоўцам вымяраць сваю хуткасць, сілу і іншыя паказальнікі, якія нельга атрымаць ад сучасных фітнэс-бранзалетаў і разумных гадзіннікаў.
У будучыні стваральнікі хочуць прасоўваць тканіну на масавы рынак, каб карыстальнікі праз штодзённае адзенне маглі даведацца свой пульс і дыханне.
Першая прапанова кампаніі — нарукаўнік і накаленнік, якія вымяраюць механічныя змены цела ў некалькіх пунктах. Гэта інфармацыя можа пасля выкарыстоўвацца для прадухілення траўм і перанапружвання.
Кампанія Nextiles была створана ў 2018 годзе. Стартап выкарыстоўвае матэрыі з бавоўны, поліэфіру або спандэксу, якая пакрываецца нержавеючай сталлю. Валокны пачынаюць дзейнічаць як кабелі і таму могуць перадаваць сігналы. А ў тканіну змяшчаюцца чуйнікі і маленькія чыпы Bluetooth.
Аднак Nextiles далёка не першая кампанія, якая эксперыментуе з разумным адзеннем.
У лютым Apple запатэнтавала разумныя гузікі, якія могуць кіраваць Apple Watch, iPhone і MacBook.
У 2018 годзе Samsung запатэнтавала планы па стварэнні цішоткі, якая можа змяняць колер па патрабаванні карыстальніка.
Google распрацоўвае праект Jacquard. У межах гэтага праекта была распрацаваная куртка і адпаведны дадатак, каб адказваць на тэлефонныя званкі. Куртка атрымала неадназначныя водгукі. Тым не менш, тэхналагічны гігант працягвае працаваць з брэндамі. Летась Google пачаў праект сумесна з Adidas, прысвечаны распрацоўцы разумнай сцілкі для футбалістаў, якая можа вымяраць сілу ўдараў, адлегласць і хуткасць.
Магчыма, пройдуць гады, пакуль разумнае адзенне стане масавай з’явай, але сёння закладваецца аснова для распаўсюджвання гэтых тэхналогій у будучыні.