Паводле закона аб замежных агентах, цяпер гэтыя палітыкі падчас выбараў павінны будуць паказваць, што звязаныя з замежным агентам, піша «Медуза».

Дзяніс Камалягін. Фота 7х7.

«Пасля таго як я атрымаў статус «замежнага агента», я знайшоў нумары нашага губернатара, кіраўніка адміністрацыі, дэпутата Дзярждумы ад Пскоўскай вобласці, разліковы рахунак выдаўцоў праўладных СМІ. Я ім адправіў сродкі па нумары тэлефона, якія былі прывязаныя да мабільнага банку, — і ў апошняй справаздачы Мінюсту даў справаздачу, што яны атрымалі фінансаванне ад «замежнага агента».

У гэты момант Дзярждума прыняла закон аб афіляваных з «замежнымі агентамі» асобах. Па ідэі, гэтыя таварышы, якія будуць удзельнічаць у выбарах, не менш чым на 15% сваёй [рэкламнай] плошчы павінны паказваць, што яны звязаны з «замежнымі агентамі», — падзяліўся Камалягін.

Паводле яго слоў, чыноўнікі вярнулі грошы пасля таго, як Камалягін апублікаваў даныя аб пераводах.

«Калі я гэта апрылюдніў, дэпутат, кіраўнік адміністрацыі і губернатар даслалі мне грошы назад, але гэта, вядома, так не працуе. І яны страшна абураліся ў праўладных телеграм-каналах, якая я скаціна. Пакуль для іх ніякіх прававых наступстваў не наступіла, але яшчэ рана. А мне ўжо горш не будзе», — упэўнены журналіст.

Дзяніс Камалягін — адна з першых фізічных асоб у Расіі, прызнаных «замежным агентам». Падставай для гэтага сталі ганарары, якія журналіст атрымліваў ад выдання «Север.Реаліі».

Закон, які дазваляе аб'яўляць «замежнымі агентамі» фізічных асоб, Уладзімір Пуцін падпісаў 30 снежня 2020 года.

Новы закон прадугледжвае, што замежнымі СМІ, якія выконваюць функцыі замежнага агента, могуць быць прызнаныя таксама прыватныя асобы, калі яны пашыраюць паведамленні або матэрыялы (у тым ліку ў інтэрнэце), прызначаныя для неабмежаванага кола асоб, і атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы. Прычым гаворка можа ісці як аб грашовых сродках, так і аб іншай маёмасці, атрыманай ад замежных дзяржаў, іх дзяржаўных органаў, міжнародных і замежных арганізацый, замежных грамадзян альбо ад расійскіх юрыдычных асоб, якія атрымліваюць грашовыя сродкі ад названых крыніц.

Для працы ў РФ «замежны агент» абавязаны заснаваць расійскую юрыдычную асобу на працягу аднаго месяца з дня атрымання названага статусу, а таксама паведаміць у профільнае ведамства.

У выходных звестках СМІ павінна ўтрымлівацца ўказанне на тое, што яно створана СМІ — замежным агентам. Таксама ўводзіцца забарона на распаўсюд прадукцыі СМІ — замежных агентаў без маркіроўкі, у тым ліку ў інтэрнэце.

За парушэнне вызначанага парадку дзейнасці прадугледжваецца магчымасць абмежавання доступу да інфармацыйнага рэсурсу СМІ — замежнага агента.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?