Нарвежская кампанія Yara — адзін з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў мінеральных угнаенняў і адзін з ключавых кліентаў Беларускай калійнай кампаніі.

Апошнім часам Yara імкнулася дасягнуць пазітыўных змен праз дыялог з кіраўніцтвам Беларускай калійнай кампаніі і «Беларуськалія».

Раней страйкам «Беларуськалія» звярнуўся да нарвежскай кампаніі з просьбай не падпісваць кантракт да выканання кіраўніцтвам прадпрыемства вылучаных страйкамаўцамі патрабаванняў.

— Днямі па відэасувязі адбылася сустрэча з генеральным дырэктарам Yara Свенсам Турэ Холзетэрам пры ўдзеле карпаратыўнага прадстаўніка кампаніі Гейра А.Сундбо, — распавёў «Народнай Волі» лідар страйкама ААТ «Беларуськалій» Анатоль Бокун. — Гэта, дарэчы, была ініцыятыва нарвежскага боку.

Мы праінфармавалі нарвежцаў пра падзеі, якія адбываліся з удзельнікамі страйку пасля 1 сакавіка (у гэты дзень апошні раз была відэасувязь), а гендырэктар Yara паведаміў нам навіну: іх прадстаўніка вырашана дэлегаваць у Салігорск. На «Беларуськаліі» ён будзе знаходзіцца і маніторыць сітуацыю каля паўгода.

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі нарвежскай кампаніі ўжо праводзілі на прадпрыемстве аўдыт сістэмы аховы працы, і я папрасіў паказаць нам вынікі праверкі. Пакуль такую інфармацыю нам не прадаставілі.

Чым канкрэтна будзе займацца прадстаўнік кампаніі Yara на «Беларуськаліі»?

— Відаць, проста назіраць за сітуацыяй. У нарвежцаў пэўны план ужо ёсць, і яны яго прытрымліваюцца.

Раней вы звярталіся да нарвежскай кампаніі з просьбай не падпісваць кантракт да выканання кіраўніцтвам прадпрыемства вылучаных страйкамаўцамі патрабаванняў. Ёсць нейкі адказ з гэтай нагоды?

— Наколькі мы зразумелі, яны якраз-такі дзейнічаюць па сваім плане, і калі гэтыя дзеянні ні да чога не прывядуць, эфекту не будзе, то альбо нарвежцы скасуюць кантракт, альбо кіраўніцтва «Беларуськалія» прызнае, што няма перспектыў для далейшага дыялогу, супрацоўніцтва і пошуку кампрамісных рашэнняў.

Генеральны дырэктар Yara Свенс Турэ Холзетэр кожны раз нагадвае, што скасаванне кантракта — гэта сыход назаўсёды. Таму нарвежцы і імкнуцца ўсё-такі знайсці кампраміс.

Прадстаўнікі страйкама ў дыялог паміж кіраўніцтвам нарвежскай кампаніі і «Беларуськалія» не ўключаны?

— Мы казалі, што для ўсебаковага і аб’ектыўнага разгляду пастаўленых пытанняў трэба ўключыць у перамоўны працэс удзельнікаў страйку, але пакуль у прадстаўнікоў нарвежскай кампаніі наша ініцыятыва, скажам так, не знаходзіць разумення.

Свенс Турэ Холзетэр падчас апошняй сустрэчы заявіў, што фармат дыялогу не прадугледжвае ўдзелу ў ім нашых прадстаўнікоў. Хаця гэта, безумоўна, няправільна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0