Сёлета пытанне аднаразовай дапамогі ветэранам суправаджалася інтрыгай. Першапачаткова ў Мінпрацы заявілі, што разавыя выплаты не прадугледжаныя. Каментуючы гэтае паведамленне, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ўдзельнікі вайны абавязкова атрымаюць разавую дапамогу прама да Дня Перамогі. Раніцай 8 мая Tut.by датэлефанаваўся на гарачую лінію ў Мінпрацы, дзе пацвердзілі гэтую інфармацыю.

— Разавыя выплаты будуць ва ўстаноўленым парадку і ў адпаведныя тэрміны, — адказаў на пытанне журналіста першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.

Ён таксама ўдакладніў, што грошы будуць выплачаныя да 9 мая. На пытанні аб памерах гэтых сум і парадку выплат прадстаўнік міністэрства адказваць адмовіўся.

7 мая Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для падтрымкі удзельнікі вайны выдаткавана каля 65 мільёнаў рублёў. «І гэтыя разавыя выплаты ўдзельнікі вайны абавязкова атрымаюць проста да Дня Перамогі. Калі хтосьці да 9 траўня не паспее атрымаць, я ім кампенсую цягам 9-га, 10-га, 11-га чысла», - распавёў ён.

Да гэтага ініцыятыва BYSOL запусціла тэрміновы збор на выплату для ветэранаў.

Летась у Беларусі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і некаторыя іншыя беларусы атрымалі да 75-годдзя Перамогі аднаразова выплаты ў памеры ад 700 да 2500 рублёў. Выплаты былі дыферэнцыраванымі.

Акрамя аднаразова дапамогі інваліды і ўдзельнікі вайны атрымліваюць штомесячныя выплаты да пенсіі. Яны складаюць ад 273 да 410 рублёў. Таксама ёсць штомесячная узроставая даплата да пенсіі.

На 1 красавіка гэтага года ў Беларусі пражывала 3337 ветэранаў ВАВ (у тым ліку 1877 удзельнікаў і інвалідаў вайны, 1057 узнагароджаныя працаўнікі тылу, 317 блакаднікаў Ленінграда).

Яшчэ два дні таму чыноўнікі заяўлялі, што выплат да Дня Перамогі не плануецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0