У Мінску працягваецца суд над фігурантамі так званай «справы студэнтаў». Па ёй праходзіць дванаццаць чалавек, якія знаходзяцца ў СІЗА ўжо больш за шэсць месяцаў, нагадвае «Новы час».
Справу разглядае суддзя суда Савецкага раёна Марына Фёдарава. Усіх палітзняволеных вінавацяць па ч. 2 арт. 17 («злачынства, здзейсненая групай асоб па папярэдняй змове») і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Сёння, як і раней, туды пусцілі толькі па два родзічы кожнага з затрыманых.
Сёння фігурантам скончылі чытаць абвінавачанні. Потым у падсудных спыталі, ці прызнае хтосьці з іх віну.
Выкладчыца Вольга Філатчанкава, студэнткі Кася Будзько, Яна Арабейка і Ксенія Сырамалот сказалі, што не разумеюць, у чым канкрэтна абвінавачваюцца і адмаўляюцца прызнаваць віну. Астатнія фігуранты проста сказалі, што віну не прызнаюць.
З усіх абвінавачаных віну па ч.1 арт. 342 прызнаў толькі студэнт МДЛУ Глеб Фіцнер.
Пасля гэтага ў судзе пачалося апытанне сведак.
Хто гэтыя 12 чалавек, якія праходзяць па справе?
- Ксенія Сырамалот, стабальніца, студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ;
- Марыя Каленік, студэнтка факультэта экспазіцыйнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў;
- Настасся Булыбенка, адлічаная студэнтка машынабудаўнічага факультэта БНТУ;
- Вікторыя Гранкоўская, адлічаная студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ;
- Ілля Трахтэнберг, другакурснік механіка-матэматычнага факультэта БДУ, удзельнік «Што? Дзе? Калі?»;
- Глеб Фіцнер, чацверакурснік факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ;
- Ягор Канецкі, пяцікурснік біялагічнага факультэта БДУ, актывіст Вольнага прафсаюза;
- Кася Будзько, студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, прыхільніца Задзіночання беларускіх студэнтаў;
- Яна Арабейка, студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ, прыхільніца Задзіночання беларускіх студэнтаў;
- Таццяна Якельчык, студэнтка механіка-матэматычнага факультэта БДУ;
- Алана Гебрамарыям, уваходзіла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, актывістка Моладзевага блоку;
- Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІРа.