Фота The Guardian

Фота The Guardian

На працягу дзесяцігоддзя манахі з абацтва Нотр-Дам-дэ-Сэн-Рэмі, што ў бельгійскім горадзе Рашфоры, змагаліся з найбуйнейшым у свеце вытворцам вапны Lhoist Group за чысціню мясцовай крынічнай вады, якую манахі выкарыстоўваюць для варкі свайго знакамітага трапісцкага піва, піша The Guardian.

Першыя згадкі пра піваварню ў Рашфоры з’явіліся ў канцы ХVI стагоддзя, а ў XIX стагоддзі манахі-трапісты аднавілі вытворчасць піва ў манастыры. Гэта прыносіць абацтву значны даход: гадавая выручка ад продажу піва складае каля 14 мільёнаў еўра.

Дзесяць гадоў таму кампанія Lhoist Group вырашыла паглыбіць крэйдавы кар’ер, размешчаны недалёка ад абацтва. Паглыбленне кар’ера патрабуе адпампоўвання падземнай вады пад ім. Гэта панізіла б натуральны ўзровень грунтавой вады, і крыніца, якая знаходзіцца на тэрыторыі абацтва высахла бы. Кампанія прапаноўвала замяніць натуральны сцёк грунтавой вады ў бок абацтва сістэмай помпаў, але манахі лічаць, што гэта паўплывала б на якасць і смак вады, а адпаведна і на піва.

Юрысты кампаніі спрабавалі пераконваць, што вада не належыць абацтву, пакуль не цячэ па ўласнасці манастыра. Аднак Нотр-Дам-дэ-Сэн-Рэмі паказаў суду дакумент 1833 года, які забараняе змяняць цячэнне крыніцы, што знаходзіцца на тэрыторыі абацтва. Апеляцыйны суд пацвердзіў, што ў такім выпадку ўладальнік кар’ера не мае права змяняць сцёк вады, якая сілкуе крыніцу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0