Лідары краін Групы сямі (G7) заклікаюць да міру і стабільнасці ў Тайваньскім праліве. Пра гэта паведаміла ў нядзелю агенцтва Reuters са спасылкай на фінальны праект пагаднення па выніках трохдзённага саміту нефармальнага аб'яднання Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, ЗША, Францыі і Японіі ў горадзе Карбіс-Бэй.

«Мы падтрымліваем важнасць міру і стабільнасці ў Тайваньскім праліве», — гаворыцца ў праекце дакумента. У сумеснай заяве лідараў «сямёркі» такая фраза фігуруе ўпершыню. Таксама кіраўнікі дзяржаў-удзельніц G7 выказалі «сур'ёзную занепакоенасць сітуацыяй у Паўднёва-Кітайскім і Усходне-Кітайскім морах» і выступілі супраць любых аднабаковых спробаў змяніць статус-кво ў гэтым рэгіёне.

Тайвань кіруецца ўласнай адміністрацыяй з 1949 года, калі на востраў збеглі рэшткі сіл Гаміньдана на чале з Чан Кайшы, пацярпеўшы паразу ў грамадзянскай вайне ў Кітаі. З тых часоў Тайвань захоўвае сцяг і некаторыя іншыя атрыбуты ранейшай Кітайскай Рэспублікі, якая існавала на мацерыку да прыходу да ўлады камуністаў. Пекін лічыць востраў адной з правінцый КНР.

Таксама краіны G7 заклікалі Пекін паважаць правы і свабоды ўйгураў у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне (СУАР) КНР, а таксама аўтаномію Ганконга.

Каранавірус

Краіны G7 заклікаюць да правядзення другога этапу расследавання паходжання каранавіруса пад кіраўніцтвам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

Таксама лідары G7 паставілі задачу забяспечыць свет 1 млрд вакцын ад COVID-19 на працягу 2022 года.

Змяненне клімату

G7 мае намер пашырыць да $100 млрд штогадовае фінансаванне барацьбы са змяненнем клімату ў рамках Парыжскага пагаднення па клімаце. Адзначаецца, што адным з галоўных атрымальнікаў дапамогі стануць найменш забяспечаныя краіны, якія развіваюцца.

Лідары краін Групы сямі абавязаліся дамагчыся нулявога выкіду СО2 у сваіх краінах як мага хутчэй і не пазней за 2050 год, гаворыцца ў фінальным праекце камюніке. У ім таксама падкрэсліваецца намер краін пераважна адмовіцца ад вуглевадароднай сыравіны ў энергетыцы ў 2030-х гадах.

G7 пра Расію

G7 заклікала Расію спыніць «дэстабілізуючыя паводзіны», а таксама выказалася за стабільныя і прадказальныя адносіны з Расіяй, паведамляе Bloomberg са спасылкай на праект камюніке.

«Мы пацвярджаем нашу зацікаўленасць у стабільных і прадказальных адносінах з Расіяй. Мы будзем працягваць узаемадзейнічаць [з Расіяй] там, дзе ёсць сферы, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Мы пацвярджаем наш заклік да Расіі спыніць свае дэстабілізуючыя паводзіны і зламысную дзейнасць, уключаючы ўмяшанне ў дэмакратычныя сістэмы іншых краін, а таксама [заклікаем] выканаць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека», — адзначаецца ў праекце выніковай заявы.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair

Бакі выказалі «глыбокую заклапочанасць» у сувязі з інцыдэнтам з пасадкай самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair у Мінску, на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч, таксама паведамляе Bloomberg.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0