χ

16 чэрвеня ў швейцарскай Жэневе адбудзецца сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Расіі Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна. Абодва бакі анансавалі, што цягам размовы закрануць і тэму Беларусі. Чаго чакаць нашай краіне ад гэтай сустрэчы?

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай, прадстаўнік па міжнароднай палітыцы, у мінулым супрацоўнік МЗС

«Не заўсёды добра, што беларускае пытанне абмяркоўваецца замежнымі лідарамі без удзелу Беларусі. Правільна было, каб тэма абмяркоўвалася з прадстаўнікамі Беларусі. І я кажу не пра афіцыйныя ўлады, а пра дэмакратычныя сілы, якія насамрэч дбаюць пра інтарэсы Беларусі.

Тым не менш мы радыя такой сустрэчы і абмеркаванню, мы вітаем, што амерыканскі бок зацікаўлены ў тэме. Ведаем, што амерыканцы вельмі добра рыхтуюцца да сустрэчы, вывучаюць пазіцыі. Само тое, што беларускае пытанне было заяўлена ў парадку дня сустрэчы з Пуціным, гаворыць аб тым, што амерыканцы збіраюцца заняць больш практычны бок, а не проста дэкларатыўна сказаць, што падтрымліваюць суверэнітэт нашай краіны.

Амерыка разумее ролю Расіі ў гэтым крызісе. На сёння Расія — гэта частка праблемы, але яна ж можа стаць часткай вырашэння сітуацыі. Я больш аптыміст, разумею, што Расія можа заўсёды заявіць пра неўмяшанне ва ўнутраныя справы іншай краіны, маўляў, мы не маем дачынення. Але Расіі ёсць пра што падумаць, сыходзячы з апошніх падзей у Беларусі: захоп самалёта, арышт і абыходжанне з Раманам Пратасевічам, катаванні ў жывым эфіры.

Вельмі важна, што міжнародная легітымнасць Лукашэнкі імкнецца да нуля. І для Расіі — гэта таксама прынцыповы момант, бо сумніўна мець справы з чалавекам, якога не прызнае свет, рашэнні якога не прызнаюцца іншымі краінамі. Справа ў тым, што дакументы, якія падпісваюцца Лукашэнкам, могуць быць аспрэчаныя. Прынамсі, у офісе Святланы Ціханоўскай гавораць, што Лукашэнка не мае права на падпісанне ніякіх дакументаў і яны не павінны быць прызнаныя. Мы заклікаем да гэтага на кожнай міжнароднай сустрэчы. Мы заклікаем дзяржаўных дзеячаў іншых краін заяўляць Расіі, што падпісаныя Лукашэнкам дамовы не будуць лічыцца законнымі. Усё можа быць адменена, калі дакументы не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Ці можа Захад і Расія дамовіцца на змену Лукашэнкі на больш кампрамісную фігуру? Гэта каланіяльны падыход. Для ЗША гэта будзе супярэчанне іх пазіцыям, што суверэнітэт належыць народу і народ павінен рашаць такія пытанні.

Па-другое, ці будзе такое рашэнне беларускага крызісу ўстойлівым? Беларусы выйшлі ў жніўні на пратэст з патрабаваннем новых выбараў. Калі сёння беларусам прапанаваць фігуру, якую яны не абіралі і не маюць да яе даверу, то колькі такое рашэнне пратрымаецца? Менавіта пратэсты сталі пачаткам крызісу ў Беларусі і менавіта новыя выбары разглядаюцца беларусам як вырашэнне гэтага крызісу.

Ігар Ляшчэня, у мінулым пасол Беларусі ў Егіпце, Ізраілі і Славакіі

фота Надзеі Бужан

фота Надзеі Бужан

«Сапраўды, дарадца Пуціна па міжнароднай палітыцы Ушакоў паведаміў, што тэме Беларусі плануецца надаць увагі. Яна будзе ісці ў адным шэрагу з тэмамі Нагорнага Карабаха і сітуацыі ва Украіне.

Канечне, амерыка-расійскія адносіны перажываюць дастаткова доўгі напружны перыяд, які можна параўнаць з напружанасцю між Расіяй і Еўрасаюзам. Але расійска-амерыканскія адносіны заўжды мелі большы стратэгічны складнік, чым з ЕС. Сам факт сустрэчы гаворыць пра тое, што бакі хочуць вылучыць тыя пытанні, па якіх яны хочуць мець агульныя правілы і ўзаемаразуменне.

Пытанне Беларусі — гэта не столькі пра дамоўленасці, колькі пра статус. Калі беларуская тэма ёсць, а тэзісы будуць рыхтавацца абодвума бакамі, то гэта значыць, што яна застаецца праблемай.

Калі сыходзіць з заяваў Ушакова, то для бакоў важныя стратэгічныя тэмы: стабільнасць, тэма выхаду з дамовы аб супрацьракетнай абароне, аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці, дамова аб адкрытым небе. Вось гэта галоўнае! І тут яны будуць шукаць кропкі судакранання, бо яны важныя абодвум бакам.

А ўжо далей кожны бок будзе адпрацоўваць штосьці сваё. Я думаю, што ні амерыканцы, ні расіяне цягам гэтай сустрэчы не чакаюць адно ад аднаго ніякіх кампрамісаў. Скончыцца ўсё тым, што кожная з краін дзяжурна выкажа сваю пазіцыю. ЗША выразна праводзіць палітыку дазорцы правоў чалавека ў свеце. Натуральна, што лёс Беларусі ёй таксама неабыякавы.

Што тычыцца Расіі, калі гаворка заходзіць пра Беларусь і ўвогуле постсавецкую прастору, то расійскі падыход універсальны. Я б успомніў сустрэчу на іншым узроўні, бо яны будуць супастаўныя — гэта сустрэча 5 красавіка міністра замежных спраў Расіі Лаўрова з вярхоўным прадстаўніком Еўрасаюза па міжнародных справах Жазэпам Барэлем. Чым яна была цікавая? Мне здаецца, там быў дастаткова высокі ўзровень шчырасці з расійскага боку, хай і выказаны дыпламатычнымі выразамі. Тады Лаўроў выразна сказаў, што Расія разлічвае, каб Еўрасаюз улічваў інтарэсы Масквы на постсавецкай прасторы.

Гэта тыповая пазіцыя для сустрэч глабальных гульцоў: гэта наша сфера ўплыву, а гэта — ваша. Думаю, нешта падобнае расійскім бокам будзе выказвацца і цяпер. І Байдэн, і Пуцін — гэта палітыкі старой школы.

Што тычыцца магчымасці «кампраміснай фігуры» — гэта нерэальна, думаю. Нават уплыў Расіі на Беларусь важкі адносна, а не абсалютна. Лукашэнка не выконвае каманды Крамля, у яго ёсць свае інтарэсы: быць гаспадаром у краіне.

Пачынаючы ад жніўня, расійская прапаганда дакладна вытрымлівае лінію: калі падтрымаў пратэст — значыць, трапіў пад уплыў Захаду. Тое самае тычылася і мяне, калі прафесарка Панамарова з МГІМО запісала мяне пад «уплыў Захаду», бо пратэст я падтрымаў з адной сталіц Еўрасаюза.

Крэмль будзе абараняць тое, што яны лічаць сваёй сферай інтарэсаў. Інтарэсы ЗША паўсюль, дзе ёсць пытанне дэмакратыі і правоў чалавека. Будзе меранне з абодвух бакоў, але наўрад ці яно будзе прынцыповым і для Масквы, і для Вашынгтона.

Разам з тым, ёсць цікавыя супадзенні: афіцыйны Мінск не можа раўнадушна глядзець на амерыкана-расійскі саміт. МЗС Расіі анансаваў на 17-18 чэрвеня рабочы візіт міністра Макея ў Маскву. Магчымасць амаль па гарачых слядах, і не па тэлефоне, даведацца пра тое, як абмяркоўвалася беларуская тэматыка, напэўна, адна з падстаў для вызначэння дат візіту.

І неяк падазрона, што менавіта 15 чэрвеня напярэдадні саміту расійскі бок прыцягнуў публічную ўвагу да таго факту, што па просьбе афіцыйнага Мінска Ціханоўская выключаная з расійскай базы дадзеных міждзяржаўнага вышуку. Дзяржаўнае агенцтва ІТАР-ТАСС і МУС так пабудавалі свой дыялог, што расійскія журналісты менавіта сёння атрымалі адпаведны каментар ад праваахоўнікаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?