Пра гэта Аксана Пачобут, жонка палітвязьня, расказала парталу Kresy24.pl, піша Радыё Свабода.

Па словах жонкі, Андрэй адчувае сябе слаба, кашляе, губляе сілы. Блізкія непакояцца пра стан здароўя палітвязьня, бо ў яго хворае сэрца, зьбіваецца рытм. Раней ён часта губляў прытомнасьць.

Жонка ведае, што Пачобут цяпер знаходзіцца ў перапоўненай камэры, дзе сядзяць 13 чалавек. Там душна, не хапае паветра, ёсьць вошы. Аксана мяркуе, што стан Андрэя можа пагоршыцца ад сьпёкі, якая кепска ўплывае на людзей з захворваньнямі сэрца.

Адміністрацыя СІЗА ў якасьці выключэньня дазволіла Пачобуту ляжаць на нарах 2 гадзіны ў дзень. Увесь астатні час удзень ён мусіць або стаяць, або хадзіць. Неаднаразова вязьні паведамлялі, што для «палітычных» стварылі асаблівыя ўмовы зьняволеньня: ім нельга сядзець або ляжаць з 6:00 да 22:00.

Андрэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі. У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Ён праходзіць у «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.

Сяброў незарэгістраванага СПБ Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву, якія праходзяць па гэтай жа справе, у траўні вызвалілі зь СІЗА ўзамен за выезд у Польшчу. У няволі па гэтай справе застаюцца толькі Пачобут і Борыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0