Фота Depositphotos.com

Двое братоў-заснавальнікаў паўднёваафрыканскай платформы Africrypt, прызначанай для крыптавалютных інвестыцый, зніклі з буйной сумай у біткойнах, паведамляе Bloomberg.

На момант знікнення 17-гадовага Аміра і 20-гадовага Раіса Кейджы сума, якую яны скралі з уласнай платформы, заснаванай у 2019 годзе, дасягнула 3,6 мільярда даляраў, або 69 тысяч біткойнаў.

Платформа Africrypt працавала з заможнымі кліентамі і знакамітасцямі. Яе заснавальнікі абяцалі штодзённы прыбытак да 10%. Многія інвестары разглядалі гэту платформу як «сакрэтны шлях у свет неабмежаванага багацця», піша Coingeek. Многія кліенты інвеставалі на платформе больш за 100 тысяч даляраў.

13 красавіка курс біткойна дасягнуў больш за 60 тысяч даляраў. Амір Кейджы ў той жа дзень напісаў інвестарам, што платформу ўзламалі. Юнак папрасіў кліентаў не звяртацца да юрыстаў і ўрада, бо гэта перашкодзіць хутка вярнуць сродкі.

Аднак некаторыя інвестары звярнуліся ў юрыдычную кампанію Hanekom. Юрыстам удалося выявіць, што інвестары не мелі доступу да сервераў платформы ўжо за тыдзень да меркаванага ўзлому. Сродкі з рахункаў платформы вывелі такім чынам, што адсачыць іх немагчыма.

Па інфармацыі Hanekom, праз некалькі дзён пасля «ўзлому» браты з’ехалі з ПАР у Вялікабрытанію, аднак ніводны з заснавальнікаў платформы не выходзіць на сувязь. А сайт Africrypt не працуе.

Орган фінансавага кантролю ПАР паведаміў, што вывучае інцыдэнт з Africrypt, але не можа распачаць расследаванне, бо па законе крыптаактывы не лічацца фінансавымі прадуктамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0