Пасля скандальнага канцэрта Mauzerа ў мінскім клубе «Рэактар» на пытанні «НН» адказвае вакаліст гурту Янка Маўзер.

Янка Маўзер.

Янка Маўзер.

«Наша Ніва»: Чаму гурт так нечакана пакінулі адразу два музыкі?

Янка Маўзер: Сыход басіста мы прадбачылі. Ён планаваў яшчэ ў жніўні пераехаць у Піцер. Але ж тады ў яго не выйшла. І ён сказаў, што застаецца з намі. Але мы чакалі, што ён некалі з’едзе. Наконт бубнача мы нічога не ведалі. Такі таямнічы чалавек аказаўся. Яны разам з’ехалі ў гурт I.O.W.A. Басіст у ім граў да Mauzerа. Затым гурт знаходзіўся ў незразумелым стане. І ў сувязі з перспектывамі, што з'явіліся, дзейнасць гурту аднавілася. Там плацяць больш.

«НН»: Гэта звязана толькі з жаданнем зарабіць грошай, ці былі ўнутраныя канфлікты?

ЯМ: Супярэчнасці, як і ў любой камандзе, заўсёды існавалі. А як па-іншаму, калі гэта чатыры творчыя чалавекі? Але гэта нармальна.

«НН»: У Інтэрнэце ўжо з’явілася інфармацыя, што і ты можаш пакінуць Магілёў, каб працягнуць кар’еру ў Расіі.

ЯМ: Такі варыянт не разглядаецца.

«НН»: Падчас выступу ў «Рэактары» ты сказаў, што хутка Mauzer прыедзе ў Мінск з электрычным канцэртам. Але толькі сышлі музыкі. Ужо паспелі знайсці замену?

ЯМ: Пытанне з музыкамі вырашаецца. Ёсць добрыя варыянты. Мы таму і не спяшаліся абвяшчаць пра сыход басіста і бучнача, хацелі спачатку вырашыць пытанне з новымі музыкамі. Яно амаль вырашылася.

«НН»: Янка, нагу насамрэч зламаў, ці гэта проста піяр такі?

ЯМ: Я не ведаю, чаму гэта ўспрынялі як піяр. Чаму цяжка зразумець, што калі спатрэбілася б нешта выдумаць, каб адтрындзецца, я прыдумаў бы нешта прасцейшае. Я на рэпетыцыі падскочыў і няўдала прызямліўся. Нага забалела. Думаў, боль пройдзе. Але ён не праходзіў. І я пайшоў да лекара. Здымак паказаў пералом плюсневай косткі. Прапанавалі гіпс накласці, але я адмовіўся. Доктар сказала, што абломак косткі знаходзіцца побач з суставам. І калі ён трапіць у сустаў, то неабходная будзе аперацыя. Пагадзіліся на эластычны бінт.

«НН»: Якія ўражанні ад акустычнага выступу?

ЯМ: Не ведаю, ці правільнае рашэнне мы прынялі, калі надумалі граць акустычны канцэрт. Мы ж не акустычны гурт. Я — не гітарыст. І маіх лажаў было больш. Але нам спадабалася, як усё прайшло. Раней мы такога не рабілі. Усё было душэўна. Народ падтрымліваў нас.

У Інтэрнэце знайшліся тыя, хто крытычна ацаніў канцэрт. Назвалі нават яго самым горшым выступам MAUZERа. Я ж сам прысутнічаў на канцэрце. І я бачыў, што людзям спадабалася. І станоўчых водгукаў было больш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?