Місія невыканальная: Пратакол Фантом (Mission: Impossible - Ghost Protocol)


ЗША, 2011, каляровы, 132 хв.

Рэжысёр: Брэд Бёрд

Ролі выконваюць: Том Круз, Джэрэмі Рэнэр, Сайман Пэг, Пола Пэтан, Уладзімер Машкоў, Мікаэл Нюквіст

Жанр: Прыгодніцкі баявік

Адзнака: 5 (з 10)

Адмысловы агент Ітан Гант уцякае з расейскай турмы, каб знайсці ў Крамлі ядзернага тэрарыста. Але нягоднік падрывае Крэмль — і ў гэтым абвінавачваюць героя. Цяпер ягоная група — па-за законам. Агенты мусяць самастойна нейтралізаваць тэрарыста — і прадухіліць атамную вайну.

Місія Тома Круза — немагчымыя прыгоды на тле сусветных дэкарацый, якія ліхаманкава змяняяюцца згодна з логікай кампутарнае гульні. Маскоўскі Крэмль (падарваны), дубайскі хмарачос (шыбы павыбіваныя), індыйскі тэлецэнтр (дроты паабрываныя) — пляцоўкі для баявых галівудзскіх практыкаванняў. Том Круз караскаецца па хмарачосе, як чалавек-павук, носіцца па Крамлю і падае на аўтамабілях з вышыняў. Ягоныя кампаньёны — сэксапільная Пола Пэтан і комік Сайман Пэг, які паспрабаваў сябе ў ролі кампутарнага зануды й суперагента.

На такія фільмы ходзяць дзеля атракцыёнаў; і гэных атракцыёнаў у фільме пад завязку: уцёкі з турмы, пагоня, выбухі, экстрымальны альпінізм, бойка за ядзерны пульт. Назваць гэтыя прыгоды новымі не паварочваецца язык. Але лічыць стужку — стараю казкай, што выклікае замілаванне таксама не выпадае. Фільм — сучасны пластыкавы тавар, не сумны й электрычны. А калі хто й занудзіцца ў апошнія 30 хвілінаў, паглядзіце на ролю Машкова. Тандэтная прадказальнасць ягонага героя дадаст балы да вашае мудрасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?