Адзначыў сваё фэставае сьвята Петра-Паўлаўскі сабор. Гэты амаль што адзіны старадаўні будынак на Нямізе, які вядомы кожнаму менчуку. Але ня кожны ведае яго асобную ролю ў старай і новай гісторыі Праваслаўя ў Беларусі. На пачатку XVII-га стагодзя, у час, калі ўсе праваслаўныя храмы і манастыры Менску былі пераведзены, часта гвалтоўна, ў унію, людзі, якія клапаціліся аб захаваньні праваслаўнай веры, вырашылі за свае сродкі пабудаваць храм і заснаваць пры ім манастыр. У 1613 гаду храм быў пабудаваны, і на працягу двух стагодзяў гэта быў адзіны востраў праваслаўнай веры ў Менску. Былі нават моманты, калі на берагах Нямігі і Сьвіслачы вакол храму трымалася літэральна фізычная абарона…

Прайшло шмат часу… І вось на пачатку цяпер ужо XX-га стагодзя прыйшлі яшчэ больш горкія для Праваслаўя гадзіны. Паўстала чорная сіла, якая імкнулася цалкам зьнішчыць веру Хрыстову. Але ўрэшце зламала свае вострыя зубы, хаця, як вядома, і па гэты час яшчэ сіліцца пагражаць нам сваім бяззубым ротам…

І з адраджэньнем рэлігійнага і нацыянальнага руху зноў сваё месца ў новай гісторыі заняў Петра-Паўлаўскі сабор. Дзякуючы намаганьням веруючых, якія паўтары гады служылі малебны перад будынкам сабора, занятага пад архіў, сюды зноў вярнулася царкоўнае жыцьцё. І шмат у чым незвычайнае жыцьцё. Менавіта адсюль пачалі ўзнаўляцца праваслаўныя брацтва. У тым ліку тут было заснавана і Брацтва Сьвятых Віленскіх мучанікаў, якое паставіла мэту адраджэньня нацыянальных беларускіх традыцый у Праваслаўі. На жаль, на працягу расейскай імпэрскай гісторыі Праваслаўе шмат страціла са сваіх першапачатковых вытокаў, яно стала ўсё больш ассацыявацца з расейскім шавінізмам, хаця нават са школьнай гісторыі вядома, што праваслаўная вера ішла з Кіева і Полацку да Масквы, а не наадварот, як часта гэта псыхалягічна ўспрымаецца цяпер. Імпэрыя быцам прыватызавала Праваслаўе, і трэба было павярнуць яму ўсяленскую ўнівэрсальнасьць. І гэтая ўнівэрсальнасьць у тым ліку праяўляецца і праз здольнасьць мець свой нацыянальны твар, але пры тым без страты ўсеагульнасьці і еднасьці праваслаўнай веры. Гэтую здольнасьць Праваслаўя і было паклікана ажыцьцявіць беларускае Брацтва…

Ці атрымалася гэта? На гэта пытаньне няма простага адказу. Шмат што зроблена. Тут можна пачуць службу па-беларуску. Тут зроблены пераклады Эвангельля. І проста нямала людзей прыйшло да праваслаўнай веры праз Брацтва, уздымаючы нацыянальную сьвядомасьць да веры Хрыстовай…

Але пры ўсім гэтым добрым і безумоўна каштоўным, гэты беларускі нацыянальны аазіс нечакана ператварыўся ў рэзэрвацыю. Муры, якія абаранялі беларушчыну ў Праваслаўі, сталі ня столькі яе захоўваць, колькі хаваць і трымаць. Цяпер, калі гаворка заходзіць пра нешта беларускае нацыянальнае ў Праваслаўі, заўсёды гатовы адказ – для гэтага ў нас ёсьць Петра-Паўлаўскі сабор, няхай там і будзе. Шмат чаго для такога становішча зрабілі самі дбайныя прыхільнікі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Зразумела, быў свой сэнс у імкненьне не распыляцца і сабраць не такія ўжо шматлікія сілы дзесьці ў адным месцы. Але неўзабаве ўсё гэта павярнулася вось такім абаротным бокам…

Тут мне зноў згадаўся прыклад з апостальскіх гадзін. Напачатку апосталы і першыя іх пасьлядоўнікі таксама трымаліся разам у Іерусаліме, нават зьбіраліся ў адным месцы Храма. Але потым абставіны склаліся так, што ім прыйшлося разысьціся па розным бакам сьвету. На першы погляд, ад гэтага страцілася былая відавочная моцная згуртаванасьць вучняў Хрыстовых, можа нават яны сумавалі па свайму сумеснаму ўтульнаму жыцьцю-быцьцю ў Іерусаліме. Але калі б яны засталіся там, у сваім гурту, ці б ведалі мы тут, на ўскраю сьвету, Хрыста?

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Юзiк / Адказаць
13.07.2007 / 17:28
"Шмат чаго для такога становішча зрабілі самі дбайныя прыхільнікі беларускага нацыянальнага адраджэньня" напэуна у iншых храмау iх не так ветлiва прымалi
0
Віталь / Адказаць
14.07.2007 / 00:43
вырашылі за свае сродкі пабудаваць храм і заснаваць пры ім манастыр. Не даказана, што храм быў пабудаваны як праваслаўны. Раз. Хоць і не даказана, што ён быў пабудаваны як уніяцкі, але Ўніяцкая царква, па выніках Берасьцейскай Уніі, зьяўляецца правапрыемніцай усёй спадчыны праваслаўнай царквы ВКЛ. Сёньняшняя праваслаўная царква не зьяўляецца законным уладальнікам будынку, паскольку не зьяўляецца законнай правапрыемніцай Уніяцкай царквы. Таксама не зьяўляецца законнай правапрыемніцай праваслаўя ВКЛ. Храм павінны быць вернуты каталікам.
0
Аляксандар Шрамко / Адказаць
14.07.2007 / 14:14
Як раз у гэтым выпадку даволі ўсё ясна. Гісторыя сабору ніяк ня тычыцца пытаньня правапрыемства, таму, што храм быў пабудаваны менавіта з той нагоды, што ў праваслаўных не засталося храмаў пасьля Берасьцейскай уніі. Таму праваслаўныя вырашылі пабудаваць храм, пры чым на прыватнай зямлі - інакш пабудаваць храм не было магчымасьці, бо праваслаўе доўгі час, асабліва ў першыя гады ўніі было проста па-за законам. Так і быў заснаваны храм у 1613 годзе. А Берасьцейскі сабор адбыўся ў 1596 годзе. Якое тут можа быць прыемства? Можа Вы яшчэ скажыце, што і храмы, якія будуюцца зараз, таксама належаць каталіцкай царкве? 
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру