Раман варты быў бы помніка — бронзавага фаліянту. Такога ў нас хіба што яшчэ не было.

Хто б сумняваўся! Нават калі чыноўнікі не дазволілі цяпер зьляпіць зь пяску ягоную постаць на нёманскім беразе. Статуя Хрыста прастаяла на Савецкай плошчы ўсе савецкія часы. Іншых помнікаў не было, і тады ў супрацьвагу Хрысту да 50‑годзьдзя слаўнага Акцябра паставілі на высозным пастамэнце зялёны танк, нібы нагадаўшы пра ваяўнічы атэізм — адзін з кітоў дзяржавы двух клясаў і інтэлігенцкай праслойкі.

Скульптару са сталіцы з адлегласьці здавалася такім лягічным, што зьлеплены Хрыстос парадуе ня толькі публіку, але й улады, дапаможа ім прыцягнуць турыстаў, пра якіх начальства марыць пад ціскам указаў і дэкрэтаў. Але ж душа чыноўніка — загадка! Вось каб быў дэкрэт зьляпіць Хрыста, тады — калі ласка! А так, усякая ініцыятыва зьнізу, ды яшчэ аднекуль зь іншага месца, выклікае падазронасьць: а ці не правакацыя?

Асабліва мне спадабалася прыдумка чыноўніка: зьлеплены зь пяску Хрыстос, аказваецца, можа абразіць пачуцьці вернікаў! Яны ўжо і ў душу вернікаў зазірнулі, вывучылі, сталі дабраахвотнымі дактарамі. Прыкольна! А, дапусьцім, вараная каўбаса з выдатнай выявай гарадзенскага Катэдральнага касьцёлу і назвай «Губэрнская» —цікава — ці не абражала пачуцьцяў вернікаў? Яна гадамі прадавалася, лежачы ў вітрынах побач зь іншымі шынкамі, карэйкамі, салам. Я не купляў, але іншыя бралі, чыноўнікі, думаю—асабліва, гэта ж — каб іх пацешыць.

Асабіста я зрабіў бы экскурсію з такой менавіта назвай «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Назва, дальбог, прыцягне ўвагу турыстаў, яна адпачатку была бяспройгрышнай. А паказаць можна лёхі ў Старым замку, што ёсьць у рамане, статуі на фасадзе касьцёлу — таго, з варанай каўбасы, пра якія паэткі пісала, што нагадваюць самога Караткевіча. А чаго варты аповед пра экранізацыю раману, што ажыцьцяўлялася ажно ў Крыме ля мора! Пра атмасфэру здымак апавядаецца ў вершы Караткевіча.

Экранізацыя, паказаная толькі праз дваццаць гадоў, памятаю, расчаравала. Але ж у далёкія часы яна яўна выпіналася з шэрагу стужак пра Леніна і вайну, таму яе й паклалі на паліцу — пыліцца. Добра, што ня зьнішчылі. Цяпер гучаць галасы пра патрэбу новай экранізацыі. Што ж, сапраўды варта. Здымаюць жа ў Горадні апошнімі часамі і пра кіеўскае гета і пра СМЕРШ.

А сам Караткевіч за ягоны раман варты нават помніка. Мне здаецца, гэта мог бы быць проста бронзавы фаліянт. Так, хутчэй гэта быў бы помнік раману. Такога ў нашай старонцы хіба яшчэ не было.

Сяргей Астравец