У адзінай на Віцебшчыне гарадзкой школе з навучаньнем на роднай мове сёлета стварылі «альтэрнатыўныя» клясы.

Амаль усе школы з беларускамоўным навучаньнем на Віцебшчыне — вясковыя: базавыя і малакамплектныя. Толькі ў адзіным райцэнтры Глыбокае працуе беларускамоўная школа №3, але й там па распараджэньні Міністрэрства адукацыі сёлета ствараюцца клясы з навучаньнем па‑расейску.

Адна першая і адна другая кляса з рускай мовай навучаньня зьявяцца сёлета ў глыбоцкай СШ№3. Гэтая школа лічыцца самай прэстыжнай у райцэнтры: тут вопытныя настаўнікі, добрая матэрыяльная база, дзякуючы ў тым ліку і беларусам замежжа, якія падарылі тутэйшым вучням аргтэхніку. Адзінае, што не задавальняе некаторых бацькоў, якія хацелі б аддаць сваіх дзяцей менавіта сюды — гэта навучаньне па‑беларуску. Таму, як кажа дырэктарка Лілія Маўчун, выхоўваць даводзіцца часам ня толькі вучняў:

— Пытаньне пра мову навучаньня час ад часу паўстае. Але мы ўгаворваем бацькоў, тлумачым, што мы беларусы, што вучыцца на беларускай мове — не заганна. Але сёлета пераканаць бацькоў не ўдалося: яны пайшлі вышэй за школу, вышэй за райаддзел адукацыі — у міністэрства. І адтуль атрымалі распараджэньне стварыць клясы з расейскай мовай навучаньня. Бо паводле закону аб адукацыі, бацькі маюць на тое права.

Зрэшты, ініцыявалі гэтую акцыю ня толькі бацькі, а нават дзядулі будучых першаклясьнікаў: адзін — чыноўнік Гандлёвай палаты, другі — дэпутат у абласным савеце. Яны арганізавалі збор подпісаў у дзіцячым садку №5, каб была сфармаваная першая кляса з навучаньнем па‑расейску. Другая кляса арганізавалася пад іхным уплывам: у асноўным сюды трапілі дзеці глыбоцкіх прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў камэрцыйных структураў.

Старшыня Глыбоцкага аддзяленьня ГА «Таварыства беларускай школы» Віталь Гарановіч гаворыць, што імпэтныя бацькі ды дзядулі не ўлічылі цяжкасьцяў іншага парадку: якасьць навучаньня па‑расейску значна горшая, чымсьці яны разьлічвалі.

— Усе падручнікі, дапаможнікі ў школе — па‑беларуску, — тлумачыць Віталь Рыгоравіч. — Настаўнікі ўжо звыклі выкладаць на роднай мове. Пакуль усё перабудуецца, пройдзе час. Куды прасьцей было аддаць дзетак у іншую школу, дзе навучаньне ідзе па‑руску. Аднак тут бацькі ды дзядулі ўсё пралічылі: СШ №3 — лепшая, а значыць, мусіць належыць ім — тым, хто сёньня пры грашах ды пры ўладзе.

Пратэст супраць русыфікацыі беларускамоўнай школы В.Гарановіч выклаў у адмысловым лісьце, які надрукавала недзяржаўная газэта «Вольнае Глыбокае». Ён выказвае меркаваньне, што сьледам пад русыфікацыю трапіць Глыбоцкая гімназія. Там таксама выкладаюць па‑беларуску, і яна таксама лічыцца прэстыжнай. У гімназію вучняў прымаюць з 5 клясы, і таму тыя, хто сёлета запатрабаваў навучаньня па‑расейску для першаклясьнікаў і другаклясьнікаў, праз тры‑чатыры гады паспрабуюць зрусыфікаваць яшчэ адну навучальную ўстанову ў Глыбокім. Прычым няма сумнёву, што Міністэрства адукацыі стане на іхны бок.

Паводле Іосіфа Навумчыка, старшыні віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы, усяго каля 20 адсоткаў школьнікаў Віцебшчыны маюць магчымасьць навучацца па‑беларуску. У асноўным гэта вучні вясковых школаў, якія паступова зьнікаюць разам з беларускай мовай выкладаньня. Так, сёлета ў рэгіёне зачынілі 19 вясковых школ — у іх проста няма каму хадзіць. Пра гэта гаварылася на абласной калегіі настаўнікаў. Праблема захаваньня беларускамоўнага навучаньня ў гарадах на афіцыйных сходах з удзелам «вертыкалі» даўно ўжо не ўзьнімаецца.

Алена Штраль, BulletinOnline.org

У застаўцы выкарыстаны плякат Уладзімера Крукоўскага, 1988 г.