Апроч «Салярысу», «Прыгодаў пілёта Піркса» і іншых мастацкіх твораў, якія прынесьлі яму сусьветную славу, пісаў філязофска-сацыялягічныя дасьледаваньні, літаратуразнаўчыя працы. Аўтар безьлічы афарызмаў.

Пад уплывам яго кніжак абралі прафэсію многія касманаўты.

Жыў некалі інжынэр-касмагонік, які, каб цемру перамагчы, запальваў зоркі. Прыбыў ён да туманнасьці Андрамэды, калі тая была яшчэ поўная чорных хмараў. Закруціў ён адразу вялікі віхор, а калі той пачаў рухацца, касмагонік выцягнуў свае прамяні. Меў іх тры: чырвоны, фіялетавы і нябачны. Перажагнаў ён зоркавы шар першым, і той адразу зрабіўся чырвоным гігантам, але ў туманнасьці ня стала больш сьвятла. Укалоў ён зорку другім променем, ажно тая зьбялела. Сказаў свайму вучню: «Пільнуй мне яе!» — а сам пайшоў іншыя зоркі распальваць. Чакаў вучань тысячу год, пасьля другую тысячу год, а інжынэр не вяртаўся. Занудзіла яму тое чаканьне. Падкруціў ён зорку, і тая зь белай зрабілася блакітнаю. Спадабалася яму гэта, і ён падумаў, што ўжо ўсё ўмее. Хацеў яшчэ падкруціць, але апёкся. Пашукаў у пудэлку, які пакінуў Касмагонік, а там нічога няма і нават неяк занадта пуста: пазіраеш і нават дна не відаць. Здагадаўся ён, што гэта нябачны прамень. Хацеў паштурхаць ім зорку, аднак ня ведаў як. Узяў тады пудэлак і кінуў яго ў агонь. Усе хмары Андрамэды шуганулі тады, як быццам сто тысяч сонцаў адразу засьвяціла, і зрабілася ва ўсёй туманнасьці сьветла, як удзень. Узрадаваўся вучань, але нядоўгая была яго ўцеха, бо зорка лопнула. Прыляцеў тады Касмагонік, бачачы шкоду, а каб нічога не змарнаваць, хапаў прамяні і вырабляў зь іх плянэты. Першую зрабіў газавую, другую — вугляродную, а на трэцюю яму толькі найцяжэйшыя мэталы засталіся, выйшаў таму зь іх актыніевы шар. Касмагонік сьціснуў яго, пусьціў у палёт і сказаў: «Праз сто мільёнаў год вярнуся, то ўбачым, што з гэтага будзе», — і паляцеў шукаць вучня, які са страху перад ім уцёк.

А на той плянэце, Актынурыі, паўстала вялікая дзяржава Палятынідаў. Кожны зь іх быў такі цяжкі, што толькі па Актынурыі мог хадзіць, бо на іншых плянэтах грунт пад імі правальваўся. Але і ў сябе дома на дыбачках хадзілі й слова сказаць не маглі, бо іх уладар, Архіторы, меры ня ведаў у жорсткасьці. Жыў у палацы, вычасаным з плятынавай гары, у якім было шэсьцьсот вялізных заляў, а ў кожнай адна яго далонь ляжала, гэткі быў вялікі. З палацу выйсьці ня мог, але паўсюль меў сваіх шпегаў — такі падазроны быў, — а таксама мучыў сваіх падданых хцівасьцю.

Ня трэба было палятынідам ніякіх лямпаў, ані агню ўночы, бо ўсе горы іх плянэты былі радыяактыўныя, так што пры маладзіку можна было шпількі лічыць. Удзень, калі сонца вельмі ў знакі давалася, спалі яны ў сутарэньнях сваіх гор і толькі ўночы сыходзіліся ў мэталічных далінах. Але люты Архіторы загадаў у катлы, дзе тапіліся палядый з плятынай, кідаць кавалкі ўрану і абвясьціў пра тое па ўсёй краіне. Кожны палятынід мусіў прыйсьці да каралеўскага палацу, дзе зь яго здымалі мерку на новы панцыр і накладалі нарукаўнікі й шышак, рукавіцы й накаленьнікі, забрала й шлем, і ўсё гэта зіхоткае, бо тая вопратка была з уранавай бляхі, а наймацней сьвяціліся вушы. З таго часу не маглі ўжо палятыніды зьбірацца дзеля супольнай рады, бо калі натоўп рабіўся вельмі людным, дык выбухала. Таму мусілі весьці самотнае жыцьцё, здалёк абмінаючы адзін аднаго, бо засьцерагаліся ланцуговай рэакцыі. Архіторы жа радаваўся іх смутку і абцяжарваў штораз новымі падаткамі. Яго манэтныя двары ў сэрцы гор білі алавяныя дукаты, бо волава было вельмі мала на Актынурыі і мела яно найбольшы кошт.

Велізарныя беды цярпелі падданыя злога ўладара. Некаторыя прагнулі ўзбунтавацца супраць Архіторыя і паразумляліся з гэткай мэтай на мігі, але нічога з гэтага не выходзіла, бо заўсёды знаходзіўся менш кемлівы, які набліжаўся да іншых, каб запытаць, у чым справа, і ў выніку яго някемлівасьці змоўшчыкі ўзьляталі ў паветра.

Быў на Актынурыі малады вынаходнік па імені Пірон, які навучыўся дрот цягнуць з плятыны такі тонкі, што можна было зь яго сеткі рабіць, у якія воблакі траплялі. Вынайшаў Пірон тэлеграф з дротам, а потым гэткі тонкі дрот выцягнуў, што яго ўжо не было, — такім чынам паўстаў тэлеграф бяз дроту. У жыхароў Актынурыі зьявілася надзея, што пашчасьціць заснаваць змову. Але хітры Архіторы падслухоўваў усе размовы, трымаючы ў кожнай з шасьцісот рук плятынавы праваднік, дзякуючы чаму ведаў, пра што яго падданыя гавораць, а ледзьве даходзіла да яго слова «бунт» альбо «рокаш», як адразу ж пасылаў шаравыя маланкі, што змоўшчыкаў ператваралі ў агнявыя калюжыны.

Пірон вырашыў перахітрыць злога ўладара. Калі зьвяртаўся да прыяцеляў, замест слова «бунт» казаў «боты», замест «змовіць» — «пашыць» і гэткім чынам рыхтаваў паўстаньне. Ахіторы жа дзівіўся, чаму яго падданыя раптоўна шавецтвам заняліся, бо ня ведаў, што калі кажуць «на калодку ўзяць», дык маюць на ўвазе «на агнявы кол пасадзіць», а «зацесныя боты» азначаюць яго тыранію. Але тыя, да каго Пірон зьвяртаўся, не заўсёды яго добра разумелі, бо ня мог ім інакш расказаць пра свае пляны, як толькі шавецкай моваю. Выкладаў ім і так, і гэтак, а калі не разумелі, раз неасьцярожна затэлеграфаваў: «З плютонію пасы драць», — нібыта на падноскі. Тут кароль напалохаўся, бо плютоній — найбліжэйшы сваяк урану, а уран — торыю, нездарма Архіторы гэтак зваўся. Выслаў тады адразу браніраваных ахоўнікаў, якія схапілі Пірона і кінулі на алавяны паркет перад абліччам караля. Пірон ні ў чым не прызнаўся, але кароль зьняволіў яго ў паладзіевай вежы.

Усялякая надзея пакінула палятынідаў, але вярнуўся Касмагонік, стваральнік трох плянэт.

Здаля прыгледзеўся ён да парадку, што панаваў на Актынурыі, і сказаў сабе: «Так быць ня мусіць!» Пасьля выткаў найтанчэйшае ды найцьвярдзейшае зьзяньне і, як у кокан, паклаў туды сваё ўласнае цела, каб чакала яго вяртаньня, а сам прыняў выгляд убогага недарэкі й сышоў на плянэту.

Калі сьцямнела і толькі далёкія горы зімным колам асьвятлялі плятынавую даліну, Касмагонік хацеў падысьці да падданых караля Архіторыя, але тыя ўцякалі ад яго зь вялікім неспакоем, бо баяліся ўранавай рэакцыі, а ён дарэмна ганяўся за адным ці за другім, бо не разумеў, чаму гэтак ад яго ўцякаюць. Так кружляў ён па пагорках, падобных да рыцарскіх шчытоў, бразгаючы крокам, ажно падышоў да падножжа вежы, у якой Архіторы трымаў скутага Пірона. Угледзеў яго Пірон праз краты, і падаўся яму Касмагонік хаця і ў постаці сьціплага робата, але не падобным да іншых палятынідаў, бо зусім не сьвяціўся ў цемры, а цёмны быў, як нябожчык. Было гэта праз тое, што ў дасьпехах яго не было ні кавалачка ўрану. Хацеў паклікаць яго Пірон, але меў зашрубаваны рот, таму толькі выкрэсваў іскры, б’ючыся галавою аб сьцяну сваёй вязьніцы, а Касмагонік, заўважыўшы той бляск, падышоў да вежы і зірнуў у акно за кратамі. Пірон ня мог размаўляць, але мог бранчаць ланцугамі, гэтак і вызваніў усю праўду Касмагоніку.

— Цярпі й чакай, — сказаў яму ён, — ды дачакаесься.

Касмагонік падаўся ў найдзічэйшыя горы Актынурыі й шукаў там тры дні крышталі кадмію, а калі знайшоў, расплюшчыў іх у бляху, гахаючы па іх палядынавымі камянямі. Выкраіў з кадміевай бляхі навушнікі і паклаў іх на ганках усіх дамоў. Палятыніды ж, якія іх знаходзілі, дзівіліся, але адразу ж накладалі іх, бо была зіма.

Уначы зьявіўся паміж іх Касмагонік і дубцом распаленым махаў так шпарка, што складаліся з таго агнявыя лініі. Гэткім чынам ён пісаў ім у цемры: «Можаце ўжо бясьпечна сысьціся, кадмій захавае вас ад уранавай згубы». Яны, аднак, вырашылі, што ён каралеўскі шпег, і ня слухаліся яго парад. Раззлаваўся Касмагонік, што яму ня вераць, пайшоў у горы і назьбіраў там уранавай руды, выплавіў зь яе срэбны мэтал і біў зь яго бліскучыя дукаты; на адным баку быў зьзяючы профіль Архіторыя, а на другім — выява яго шасьцісот рук.

Нагружаны ўранавымі дукатамі, вярнуўся Касмагонік у даліну і паказаў палятынідам гэткае дзіва: кідаў дукаты здаля ад сябе, адзін на другі, так што ўтварыўся зь іх стос, што зьвінеў, а калі дадаў туды празь меру адзін дукат, паветра затрымцела, з дукатаў пырснула сьвятло, і ператварыліся яны ў шар белага полымя, а калі вецер ўсё разьвеяў, застаўся толькі кратар, выплаўлены ў скале.

Потым другі раз узяўся кідаць Касмагонік дукаты зь меха, але ўжо інакш, бо што ні кіне дукат, дык зьверху накрываў кадміневай пласьцінкай, і, хаця паўстаў зь іх стос у шэсьць разоў большы, чым папярэдні, нічога з таго не было. Паверылі тады палятыніды і, сабраўшыся, зь вялікай ахвотай пачалі снаваць змову супраць Архіторыя. Жадалі скінуць караля, але ня ведалі як, бо палац быў аточаны агнявым мурам, а на пад’ёмным мосьце стаяла машына ката і тых, хто ня ведаў паролю, секла на часткі.

Якраз набліжаўся час выплаты новай даніны, якую хцівы Архіторы прызначыў. Раздаў Касмагонік каралеўскім падданым уранавыя дукаты ды імі параіў плаціць даніну. Гэтак і зрабілі.

Кароль цешыўся, што так шмат бліскучых дукатаў ідзе да яго скарбніцы, бо ня ведаў, што яны ўранавыя, а не алавяныя. Уначы ж Касмагонік расплавіў краты вязьніцы і вызваліў Пірона, а калі моўчкі ішлі далінаю ў сьвятле радыяактыўных гор, быццам пярсьцёнак Месяца сышоў і аперазаў далягляд, нечакана сьвятло шуганула жахлівае, бо стос уранавых дукатаў вырас ужо досыць і пачалася ў ім ланцуговая рэакцыя. Выбух паднябесны разарваў палац і мэталічнае цела Архіторыя, і моц яго была такая, што шэсьцьсот адарваных далоняў тырана паляцелі ў міжзоркавы вакуўм. Актынурыю апанавала радасьць, Пірон стаў яе сапраўдным уладаром, а Касмагонік вярнуўся ў цемру, забраў сваё цела з прамяністага кокана і пайшоў, каб запальваць зоркі. Шэсьцьсот жа плятынавых рук Архіторыя дагэтуль кружляюць вакол плянэты, як колцы, падобныя да Сатурнавых, сьвецяць прыгожым бляскам, стакроць мацнейшым за сьвятло радыяактыўных гор, і кажуць узрадаваныя палятыніды: «Глядзіце, як добра Архіторы шлях нам сьвеціць». Некаторыя ж да сёньня катам яго клічуць. А выказваньне гэтае сталася прымаўкай, дайшло да нас пасьля доўгага падарожжа сярод выспаў галяктычных, таму і кажам: «А гэтаму кат сьвеціць».

Пераклаў з польскай Руслан Равяка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0