Складаючы сьпіс прэтэндэнтаў на званьне чалавека кастрычніка, мы сутыкнуліся зь відавочным недахопам яркіх асобаў, учынкі якіх неяк паўплывалі на іншых людзей. Ці гэта не зьвязана з суцэльнай дэгуманізацыяй сусьветных і беларускіх СМІ? Штодня, уключаючы тэлевізар, мы бачым кадры дзясяткаў тэрактаў, перажываем за развод у сям’і францускага прэзыдэнта Сарказі, чытаем пра Бін Ладэна і бітцаўскага маньяка. Разам з тым, мы амаль нічога ня чуем пра людзей, якія ахвяруюць сабой, ратуюць іншых, аддаюць кроў і зьдзяйсьняюць подзьвігі. Гэта СМІ нецікава, і мы мала ведаем такіх людзей.

Жаночая зборная Беларусі па баскетболе. Нашы дзяўчаты зрабілі сапраўдны фурор у Эўропе, заняўшы на першынстве кантынэнту прызавое трэцяе месца . Беларускі ехалі ў Італію абсалютнымі дэбютанткамі такіх спаборніцтваў. Тым ня менш, перамогшы па чарзе харватак, сэрбак, італьянак, чэшак і латышак, сталі бронзавымі прызёркамі. Гэта першы мэдаль беларусаў у гульнявых відах спорту за ўсе гады незалежнасьці. У менскім аэрапорце дзяўчат сустракалі як сапраўдных гераінь. Нацыя хоча адчуць сябе камандай.

Алег Лабовіч. 31-гадовы інжынэр зь Бярозы дабіўся, каб ягоны сын вучыўся ў беларускамоўнай клясе . Алег Лабовіч заўсёды гэтага хацеў, але са зьдзіўленьнем даведаўся, што ў Бярозе няма такіх клясаў. Сп. Алег скіраваў звароты ў Канстытуцыйны суд і Генэральную пракуратура, адкуль яны былі пераадрасаваныя ў Міністэрства адукацыі, а ўжо пасьля ў бярозаўскі аддзел адукацыі. 15 бацькоў першаклясьнікаў сярэдняй школы №2 г.Бярозы таксама захацелі, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове. Прыклад Алега Лабовіча можа натхніць іншых бацькоў па ўсёй краіне, якія б таксама хацелі, каб іх дзіця пайшло ў беларускамоўную клясу.

Зьміцер Жалезьнічэнка. Студэнт-выдатнік Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны Зьміцер Жалізьнечэнка працягвае змагацца зь незаконным, як думае ён і ня толькі ён, рашэньнем аб адлічэньні з ВНУ. Штогод зь беларускіх унівэрсытэтаў выганяюць дзясяткі юнакоў, але рэдка хто зь іх наважваецца бараніць свае правы. Сёлета гэта ўжо ня першы выпадак, спачатку быў Юрась Алейнік, цяпер — Зьміцер. Але героем месяцу Зьмітра зрабіла іншая гісторыя. Жалезьнічэнка патрабаваў у ваенкамаце — законнае права, толькі мала хто наважваецца настойваць, — каб усе позвы яму пісалі па-беларуску. Менавіта за гэта ў псыхіятрычнай паліклініцы хлопцу паставілі дыягназ “рэакцыя апазыцыі”. Жалезьнічэнка перакананы, што ў любым выпадку даб’ецца праўды.

Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч. Гісторыі абодвух хлопцаў вельмі падобныя. І адзін, і другі зараз знаходзяцца ў зьняволеньні па палітычных артыкулах. І на аднаго, і на другога сынхронна завялі новыя крымінальныя справы. Зьміцер Дашкевіч адмовіўся даваць паказаньні супраць сваіх сяброў з “Маладога фронту”. За гэта яму пагражае яшчэ паўгоду турмы. Сьледзтва ў справе ўжо скончылася і яе перадалі ў суд. Артура Фінькевіча пры канцы месяца зьмясьцілі ў магілёўскі сьледчы ізалятар нібыта за парушэньні рэжыму. За гэта Артуру пагражае да трох гадоў турмы. Дашкевіч і Фінькевіч сталі знакамі нашага часу і беларускай палітычнай традыцыі.

Захар Шыбека. Гісторык прэзэнтаваў сваё новае выданьне «Минскъ сто гадоў таму». Сам аўтар пра кнігу выказаўся наступным чынам: “Гэта кніга пра старонкі гісторыі нашага гораду, які прайшоў шлях ад шараговага губэрнскага гораду Расейскай імпэрыі да сталіцы незалежнай дзяржавы. Кніга лучыць усіх менчукоў. Яна пра шчасьце і гора, пра жыцьцё, якое віравала тут сто гадоў таму. Асабіста ў мяне чытаньне гэтай кнігі выклікае радасныя і сьветлыя пачуцьці. Спадзяюся, што такія самыя пачуцьці яна выкліча і ў маіх чытачоў».

Жывое абмеркаваньне вынікла ў Рэдакцыі, ці ўключаць у сьпіс прэтэндэнтаў на тытул Чалавека кастрычніка Віктара Івашкевіча, Аляксандра Лукашэнку ці Дзяніса Дзянісава, якія былі найбольш актыўнымі ньюсмэйкерамі месяца. Некаторыя сябры Рэдакцыі былі за гэта, але ўрэшце было вырашана, што не.

Галасуйце, калі ласка, у форме для апытаньняў, зьлева на гэтай старонцы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?