У Санкт‑Пецярбургу 2 лістапада 2007 г. памерла паэтэса Аўгіння Кавалюк.

Яшчэ зусім нядаўна, на Каляды 2005 г., на кватэры Аўгінні Трафімаўны Беларускае грамадска‑культурнае таварыства віншавала яе адразу з трыма выдадзенымі за год кнігамі.

Нарадзілася Аўгіння Трафімаўна Сідаровіч 13 03 1934 г. у вёсцы Стральцы Скідзельскага раёну. Скончыла Гродзенскую школу № 9, потым у Гродне ж — педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Дваццаць тры гады працавала ў Рызе настаўніцай у міжгаліновым вучылішчы павышэння квалівікацыі работнікаў народнай гаспадаркі. Пісала вершы. Прафесар Гродзенскага універсітэту Аляксей Пяткевіч адной з першых уключыў яе ў свой энцыклапедычны даведнік «Славутыя людзі Гродзеншчыны». З 1987 г. жыла ў Пецярбургу, працавала настаўніцай, актыўна ўдзельнічала ў культурным жыцці Паўночнай сталіцы.

У сакавіку 2004 году беларуская грамадскасць гораду ўрачыста святкавала яе 70‑годдзе ў «Новым доме культуры» на Ісакіеўскай плошчы. Настальгію па Радзіме яна ўмела ператварыць у радасць успамінаў. Вершы для дзяцей магла з аднолькавай паэтычнасцю запісаць па‑беларуску, руску, польску і нямецку, а кнігу паэзіі «Слова жанчыны да Айчыны. Вянок санэтаў» зрабіла філасофскім разважаннем аб першых дзесяці гадах перабудовы. Свет прыходзіць і свет адыходзіць, а зямля прабывае. Паэзія Аўгінні Трафімаўны застанецца. Самой яе будзе моцна не хапаць.

Мікола Нікалаеў, Санкт‑Пецярбург.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0