19 красавіка ў вёсцы Дражна Старадароскага раёну Менскай вобласьці адбылася цырымонія адкрыцьця мэмарыяльнага крыжа ў памяць аб мірных жыхарах, зьнішчаных партызанамі 15 красавіка 1943 году. Шасьціканечны крыж сьвятой Еўфрасіньні Полацкай, нябеснай заступніцы Беларусі, устаноўлены побач з каталіцкімі могілкамі вёскі, частка якой была спалена, а многія жыхары — забітыя або спаленыя партызанамі ў сваіх дамах.


а. Леанід асьвячае крыж

Знак устаноўлены па ініцыятыве мэмарыяльнай сэкцыі грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» пры падтрымцы маладзёжных дэмакратычных арганізацый і прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху.

Паводле інфармацыі аднаго з удзельнікаў цырымоніі, краязнаўца і журналіста Віктара Хурсіка, 15 красавіка 1943 году партызаны спалілі ў вёсцы Дражна 37 дамоў, забілі 25 мірных жыхароў, у тым ліку 15 жанчын і дзяцей. Імёны загінулых пералічаны на мэмарыяльнай таблічцы, прымацаванай да крыжа.

У адкрыцьці знака ўдзельнічалі больш за 30 чалавек, у тым ліку жыхары вёскі і сьведкі трагедыі. Перад пачаткам устаноўкі крыжа да могілак пад’ехалі прадстаўнікі мясцовай улады, у тым ліку спэцслужбаў, міліцыі, ідэалягічнага аддзела Старадароскага райвыканкаму, якія спрабавалі перашкодзіць усталяваньню знака. Аднак цырымонія ўсё ж адбылася.

Драўляны крыж вышынёй 3,5 мэтра ўяўляе сабой у сем разоў павялічаную копію крыжа сьвятой Еўфрасіньні Полацкай. Малебен і асьвячэньне знака правёў праваслаўны сьвятар айцец Леанід (Акаловіч), які ўшанаваў ня толькі памяць загінулых у гэтай трагедыі, але і тых мясцовых жыхароў, якія былі рэпрэсаваныя ў гады сталінскага тэрору. Ён асьвяціў крыж, а ўдзельнікі цырымоніі ўсклалі да яго кветкі.

Як расказаў у інтэрвію БелаПАН сьведка трагедыі, мінчанін Мікалай Пятроўскі, 15 красавіка 1943 года на яго вачах былі забітыя яго 43‑гадовая маці, 16‑гадовы брат і 21‑гадовая сястра. Паводле яго слоў, «партызаны 2‑й Менскай партызанскай брыгады, якія ўчынілі гэтае злачынства», у сваіх данясеньнях паведамлялі аб тым, што зьнішчылі 217 паліцаяў з 400, якія нібыта служылі ў гарнізоне ў вёсцы Дражна. На самай справе, паводле яго слоў, усяго ў гарнізоне ў паліцыі служылі 79 чалавек, зь іх 15 — мясцовыя жыхары, астатнія — з навакольных вёсак. У рэальнасьці ж партызаны зьнішчылі толькі аднаго паліцая, а таксама 25 мірных жыхароў і іх дамы.

М.Пятроўскі таксама паведаміў, што пазьней, пры наступленьні Чырвонай Арміі ў 1944 годзе, партызаны таксама спалілі шэраг іншых будынкаў, у тым ліку тыя, у якіх разьмяшчаўся паліцэйскі гарнізон, школа і бібліятэка. Такія дзеяньні М.Пятроўскі лічыць злачынствам у дачыненьні да мірных жыхароў. У гэтай сувязі ён успомніў загад, які, паводле яго слоў, аддаў камандзір брыгады партызан Іваноў — «расстраляць як мага больш членаў сем’яў паліцаяў». На самай справе, такім чынам зьнішчалі мірных жыхароў. Паводле слоў М.Пятроўскага, пасьля вайны ён зьвяртаўся ў Камітэт дзяржбясьпекі і партыйныя органы з просьбай устанавіць ісьціну і ўвекавечыць памяць бязьвінна загінулых, аднак яго прапановы былі адхіленыя.

Пасьля адкрыцьця знака ўдзельнікі цырымоніі наведалі мясцовыя могілкі, на якіх пахаваны ахвяры трагедыі, і ўшанавалі іх памяць.

Паводле: Марат Гаравы, БелаПАН

Глядзі яшчэ:
Партызаны забівалі мірных жыхароў?

0
Дзіўны ест тэн Красавік / Адказаць
21.04.2008 / 12:50
У красавіку 1943 году бойня каталікоў адбылася не толькі ў Дражна , але і ў суседнім ад Дражна мястэчку Суцін, дзе было знішчана партызанамі 13 чалавек, якія пахаваны на могілках Сарафінскага касцёла. І яшчэ Налібакі. Усё спрэс пагарэлыя каталіцкія вёскі. Усё сярэдэіна вясны 43 года і падобныя абставіны. Супадзенне?
0
1608410 / Адказаць
21.04.2008 / 13:51
які, на фіг, гэта сьвятар Леанід? Самазванец, які апрануў рызу. Хто яго высьвячаў? Га?
0
рог праваслаўны / Адказаць
21.04.2008 / 17:11
Малебен і асьвячэньне знака правёў праваслаўны сьвятар айцец Леанід (Акаловіч), які ўшанаваў ня толькі памяць загінулых у гэтай трагедыі, але і тых мясцовых жыхароў, якія былі рэпрэсаваныя ў гады сталінскага тэрору. Ён асьвяціў крыж, а ўдзельнікі цырымоніі ўсклалі да яго кветкі. а дзе прыход АКАЛОВІЧА??? дзе яго паства???
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру