Язэп Лёсік, знаны наш мовазнаўца, вучоны, грамадзкі і дзяржаўны дзеяч, нашанівец нарадзіўся 18 лістапада 1883 году. Сёлета спаўняецца 125 гадоў ад яго нараджэньня. Уладзімер Содаль у сваім абразку распавядае, як Лёсікава сям’я, яго жонка Ванда ў 1950‑я, дамагалася рэабілітацыі нявінна вінаватага.

У 1930 годзе, якраз незадоўга перад днём сваіх народзінаў, Язэп Лёсік быў арыштаваны, абвінавачаны разам зь іншымі ў стварэньні Саюза вызваленьня Беларусі. Пра ўсе пэрыпэтыі ягонага арышту, высылкі зь Беларусі і яго заўчасную сьмерць распавяла ў «НН» №34’2008 малодшая дачка Язэпа Лёсіка Алеся.

Улетку 1959 году Менск наведала дачка Ядвігіна Ш. Ванда Лявіцкая. Яна ж і жонка Язэпа Лёсіка, сучасьніца Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алаізы Пашкевіч‑Цёткі, Канстанцыі Буйлы, Алеся Гаруна, сваячка Міцкевічаў — Якуба Коласа. Колькі яна ведала пра ўсіх іх, пра вытокі нашых нацыянальных адродзінаў! Прыехала яна ў места свайго юнацтва з расейскага Ліпецку, куды патрапіла зь Беларусі не з свае, вядома ж, волі.

Здавалася, яе прыезд станецца сэнсацыяй для дасьледчыкаў, рэпарцёраў, ад іх ня будзе адбою. Налучылася зручная нагода чарпануць новых, невядомых дагэтуль зьвестак пра наша культурнае і нацыянальнае жыцьцё на пачатку дваццатага стагодзьдзя. І ня менш цікавыя зьвесткі пра дваццатыя і трыццатыя гады. Ды дзе там: ня толькі ніхто ня сустрэўся з дачкой слыннага пісьменьніка і ня менш слыннага яе мужа. Ніводная газэта хоць бы радком адгукнулася пра згаданую падзею. А між тым Ванда Лявіцкая‑Лёсік і сама актыўна шчыравала на адродзіны Беларусі. Яна была першая беларуская кнігарка ў Менску, адна зь першых беларускіх выхаванцаў беларускага прытулку, адна зь першых настаўніц першай беларускай школы ў Менску. Дый сьведкай шмат якіх іншых падзеяў яна была.

Цётцы Вандзе было што расказаць новаму пакаленьню беларусаў, не было каму ў тыя гады паслухаць яе. А мо і было, ды ня далі, хто такая Ванда Лявіцкая, хто такі Ядвігін Ш., хто такі Язэп Лёсік, што былі на Беларусі змрочныя трыццатыя гады, быў хапун, рэпрэсіі. Нам, каму ў 1959 было па дваццаць ці патрошку больш, пра гэта ніхто не абзываўся. Але жылі ў Менску і Вандзіны сучасьнікі і іншы, больш масьціты люд, чым мы. Ён то ведаў, хто такая Ванда Лявіцкая. Тым ня менш гэты люд не варухнуўся, каб прывеціць дачку слыннага пісьменьніка, запісаць яе ўспаміны, пагутарыць зь ёй.

Ад Ванды, паводле яе слоў, усе шарахаліся. А як жа: яна жонка рэпрэсаванага Лёсіка. Ды і бацькава імя было не ў вялікай пашане. Адна толькі Ўладізслава Франацаўна, Купаліха, ды яшчэ колькі даўніх беспасадных знаёмых па‑людзку прывецілі Ванду. Мой расповед‑рэстаўрацыя пра яе сустрэчу з Уладзіславай Францаўнай, жонкаю Янкі Купалы.

Прывёз Ванду Лявіцкую да Уладзіславы Францаўны Кастусь Самахвал, даўні прыяцель Лёсікавай сям’і. Папярэдне пра прыезд дамовіліся па тэлефоне. Жыла тады Уладзіслава Францаўна на Омскім завулку сем, у двухпавярховым будынку, які ўрад Беларусі збудаваў для Купалавай сям’і. Кастусь Самахвал быў тады пры пасадзе, меў службовую машыну і мог Ванду Антонаўну звазіць куды яна толькі пажадала б. А найперш яна пажадала сустрэцца з Уладізславай Францаўнай.

«Калі мы прыехалі, — згадвае Кастусь Самахвал, — ва Уладзіславы Францаўны было шумна і людна… Якіясь дзяўчаты, кабеты… Гамана, шум… Але як толькі прыехала Ванда Антонаўна, шум гэты аціх, усе неяк неўпрыкмет расьсеяліся, і яны засталіся толькі ўдзьвюх. Першая, як гаспадыня, загаварыла Уладзіслава Францаўна.

— Вандзечка! Якая ты стала? Ой, колькі ж гэта мы з табою ня бачыліся? Колькі ўсяго перажыта! Ужо даўно няма майго Яначкі — пасьпяшалася Уладзіслава Францаўна сказаць‑паведаміць пра самы свой пякучы боль. — Асірацела я… Цяпер во музэй будую яму…

Яны моцна пажагналіся. Уладзіслава Францаўна, перавёўшы дых, расказаўшы сваёй даўняй сяброўцы пра сваё самае вялікае гора, пачала распытваць госьцю пра яе трывогі і клопаты:

— Ну, а што ў цябе? Што зь Язэпам?

— І Язэпа даўно няма, — зь цяжкім уздыхам мовіла Ванда. — Зьвялі яго з сьвету нелюдзі… Колькі я за яго паперажывала, вытрывала. Колькі сьлёзаў выплакала… Сэрца адбалела… Усім нам долю пакалечылі… От я і прыехала… Можа мне ўдасца хоць абяліць яго… Калі ўжо не самога, то хоць ягонае сьветлае імя вярнуць, рэабілітаваць… Можа ты мне, Уладачка, нараіш хоць што… Да каго схадзіць, з кім параіцца…

— А як жа, а як жа! — засьпяшалася Уладзіслава Францаўна. — Што змагу — дапамагу. Ты толькі мне раскажы ўсё. Мы ж тут нічога і ні пра кога толкам ня ведаем…

Прыяцелькі зручна ўладзіліся на канапе і, ня зводзячы адна з адной вачэй, слухалі адна адну, распавядалі. Ванда найперш распавяла сумна горкую гісторыю, як замэнчылі яе Язэпа.

— А як жа дзеці? — пацікавілася Уладзіслава Францаўна.

— Дзеці даўно вырасьлі. Юрка недалёка ад мяне — у Армавіры. Пры высокай пасадзе. Галоўны энэргетык краю. Але нудзіцца па Беларусі. Хочацца яму тут жыць і працаваць. А яго ў партыю гукаюць. А мы ня ведаем, што й рабіць.

— Я памятаю Юрку. Вельмі здольны быў хлопчык. Яго з малых гадоў цягнула да электрыкі.

І тут Уладзіслава Францаўна прызналася:

— І мяне ж, Вандачка, уцягваюць у тую партыю…

У Ванды ад нечаканкі аж вочы на лоб палезьлі: «Уладка ў партыі! Якая зь яе партыйка? Навошта ёй, сталай, гэтая партыя?»

— І ты што? — спалохана зь нечаканкі спыталася яна.

— Музэй будуецца… Музэй трэба дабудоўваць, — адказала дыпляматычна Уладзіслава Францаўна і расказала сваёй даўняй прыяцельцы, што ўжо хто‑ніхто квапіцца на гэты будынак, хоча забраць яго пад музэй Леніна. — Але гэтага я ніколі не дапушчу, — рашуча дадала Купаліха.

Ванда ведала няблага Уладку. Але такой рашучай бачыла яе першы раз. Паспрабавала супакоіць прыяцельку, суцешыць, што да гэтага ня дойдзе: знойдзецца хтось разумнейшы за гэтых праныраў, якія наважыліся будынак для Купалавага музэю заняць музэем Леніна. І ўсё будзе гэтак, як хоча Уладка, як яно павінна быць.

— Ну але што мы пра гэтую партыю, — спахапілася Уладзіслава Францаўна. — Расказвай далей пра дзяцей. Дзе Люцыя? Дзе Алеся? Яны ж ўсе нашы хрэсьнікі…

І Ванда Лёсікава распавяла пра сваіх дачок: Люцыя жыве ў Ліпецку, Алеся — у Татарцы на Стаўрапольшчыне. Абедзьве настаўнічаюць. Сама Ванда жыве пры Люцыі. Мае ўжо і ўнучак. Усе яны там — у Расеі! Не забылася Уладка спытацца і пра Вандзіну матулю: як склалася яе доля. І зноў пачула сумную гісторыю.

Луцыя Лявіцкая памерла ў 1945 годзе ў Нежыне — у вялікай нястачы. Не было нават з чаго труну зьляпіць…

А пасьля пачалі згадваць нашаніўцаў, хто зь іх выжыў, ацалеў. Згадалі Паўліну Мядзёлку, Янку Журбу, Костку Буйлу… Іхнім успамінам не было канца. Ванда таксама шмат пра што распытвалася. Прынамсі, пацікавілася, ці выходзіць у Вільні хоць якая беларуская газэта ці часопіс. І вельмі зьдзівілася, калі пачула, што ў Вільні ўсялякае беларускае жыцьцё спыненае. Ёй гэта было незразумела. Як гэта — каб у Вільні, дзе ў гады іхняга юнацтва віравала беларускае жыцьцё, раптам усё зьмерла. Такое не бывае, такое не павінна адбывацца… І тут жа згадала долю свайго Язэпа і такіх, як ён. Ёй зашчымела сэрца, і яна засьпяшалася дадому, да Самахвалаў, хоць і зьбіралася заначаваць ва Уладкі, у ейнай утульнай кватэры на Омскім завулку сем. Зразумела, што калі яшчэ даўжэй пабудзе, сэрца ня вытрымае, сядзе. Нават адмовілася зьезьдзіць у Карпілаўку. І довад адзін і той жа: «Сэрца ня вытрымае, лопне!» Прапанавалі ёй звазіць яе ў Вільню. Але і ад гэтай прапановы яна адмовілася. «Пачакайце, — сказала яна. — Паглядзім, як у мяне ўсё ў Менску складзецца з тым, дзеля чаго і прыехала. Тады можна будзе і пра Вільню пагаварыць…»

Ёй трэба было ў самым блізкім часе напаткацца з пракурорам рэспублікі, і такую сустрэчу ёй паабяцала наладзіць усё ж тая прабітная Уладзіслава Францаўна. Гэтага дня і пачала чакаць Ванда. І дачакалася. Неўзабаве пасьля яе прыезду ў Менск Лёсіка рэабілітавалі. Гэта вялікая радасьць усіх Лёсікаў. Яна была ўспрынятая як уваскрасеньне дарагога ім чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?