16 студзеня ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы памёр мужчына 1960 года нараджэння, намеснік дырэктара адной з прыватных арганізацый Мінска, якога падчас катання на лыжах у Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры «Сілічы» збіў снегаход.

Як паведаміў БелаПАН супрацоўнік РУУС Лагойска Дзяніс Клюх, няшчасны выпадак адбыўся 15 студзеня прыкладна ў 18 гадзін. Першую дапамогу пацярпелы атрымаў у Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры, адкуль яго ў той жа дзень адправілі ў Мінскую абласную клінічную бальніцу.

Як паведаміў Д.Клюх, цела загінулага знаходзіцца ў аддзеле агульнай экспертызы для правядзення працэдуры ўскрыцця.

Абставіны трагедыі высвятляюцца.

У Мінскай абласной клінічнай бальніцы адмовіліся паведаміць БелаПАН аб характары пашкоджанняў загінулага і спаслаліся на тое, што вядзецца расследаванне здарэння.

БелаПАН