2009 год значны вялікай гістарычнай датаю — 1000-годдзем першай згадкі ў пісьмовых крыніцах наймення Літва (у лацінскім запісе Litua).

Яе фіксацыя ў нямецкіх Кведлінбургскіх аналах паўстала з трагічнай нагоды забойства вядомага прапаведніка, магдэбургскага каноніка і місійнага біскупа, святога апостала — Бруна з Кверфурта (каля 970 — 14.02.1009). Ён прагнуў хрысціянізаваць люцічаў і печанегаў, быў у Польшчы, Венгрыі, Кіеўскай Русі. Спроба пашырыць хрысціянства сярод прусаў і яцвягаў скончылася забойствам паганцамі святога Бруна і яго 18 спадарожнікаў. Загінулі яны на мяжы Літвы і Русі 14 лютага 1009 г. Пасля апостал Бруна быў абвешчаны святым, і яго ўспамін адзначаецца 15 верасня.

У нашай краіне створаны грамадскі арганізацыйны камітэт святкавання 1000-годдзя назвы Літва «Міленіум Літвы», у які ўвайшлі доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч (старшыня), пісьменніца Вольга Іпатава, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, доктар медыцынскіх навук Алесь Астроўскі, доктар біялагічных навук Аляксей Мікуліч, гісторык-археолаг Эдвард Зайкоўскі, старшыня міжнароднага аб’яднання беларусаў свету «Бацькаўшчына», мастак Аляксей Марачкін, краязнавец і святар Леанід Акаловіч, краязнавец і даследчык Здзіслаў Сіцька, мастак Мікола Купава (намеснік) і іншыя.

Аргкамітэт «Міленіум Літвы», зыходзячы з даследаванняў, якія сцвярджаюць, што найменне Літва адносіцца да старажытнай тэрыторыі Беларусі, прыкладае намаганні для далейшага вывучэньня гісторыі Літвы. Сённяшнія беларусы аж да пачатку ХХ стагоддзя называлі сябе ліцвінамі. Тэрміны Беларусь і беларусы навязаныя нам расійскай адміністрацыяй у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Беларусь з’яўляецца галоўнай пераемніцай Вялікага Княства Літоўскага. Нашыя землі ў ВКЛ складалі яго большую, асноўную частку. Менавіта на нашых землях і паўстала вялікая дзяржава ВКЛ, аб’яднаўшы ў XV стагоддзі ранейшыя асобныя княствы-землі: Наваградскае, Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае, Гарадзенскае і інш.

У этнагенезе ліцвінаў-беларусаў удзельнічалі славянскія і балцкія плямёны: полацкія, пскоўскія, смаленскія крывічы, радзімічы, севяране, дрыгавічы, частка палескіх валынянаў, падляскія яцвягі, асобныя групы прусаў-мігрантаў з Прусіі, дайнава і племя літва. Урэшце з пляменных назваў

перамагла назва Літва, даўшы сваё імя аб’яднанай і цэнтралізаванай дзяржаве — Вялікаму Княству Літоўскаму, дзе ліцвіны-беларусы тэрытарыяльна і колькасна складалі большасць, наша культура і мова былі даміноўнымі ў адміністрацыі і войску Вялікага Княства, да таго ж старабеларуская мова мела статус дзяржаўнай.
На ёй былі напісаныя шматлікія літоўскія летапісы, усе Літоўскія Статуты (канстытуцыі) 1528, 1566 і 1588 гг., на ёй вялося справаводства ў канцылярыі ВКЛ — Літоўская Метрыка, каралеўскія, вялікакняскія, адміністрацыйныя, судовыя і прыватныя акты. На беларускай мове XVI ст. вялося справаводства ў паветах і гарадах, у тым ліку на абшары Жамойці (аж да Балтыйскага мора).

Менавіта ў першай сталіцы ВКЛ — Наваградку, у 1253 г., каранаваўся на караля наш першы кароль Міндоўг. Назвы вёсак і мястэчак: Літва, Ліцвіны, Літоўка, Літавец, Літоўшчына, Ліцвінкі, Ліцвінчычы, Ліцвінаўка ды інш. рассеяныя па ўсім абшары сённяшняй Беларусі і там, куды калісьці даходзілі межы ВКЛ. Нярэдкімі з’яўляюцца і беларускія прозвішчы з коранем «літ»: Літвін, Ліцвіновіч, Ліцвінка і іншыя.

Аргкамітэт падрыхтоўкі святкавання «Міленіум Літвы» распрацоўвае шэраг мерапрыемстваў, якія пройдуць па Літве-Беларусі ў 2009 годзе
. Гэта разнастайныя публікацыі і выданні, міжнародная навуковая канферэнцыя, нацыянальная мастацкая выстава, конкурс дзіцячага малюнку, музычныя канцэрты.

Аргкамітэт запрашае навукоўцаў, творчыя калектывы і асобных творцаў узяць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы «Міленіуму» і яго правядзенні. Запрашаем творцаў да напісання музычных, мастацкіх, літаратурных твораў; вытворцаў і прамыслоўцаў — да стварэння новых вырабаў, якія маглі б насіць наша гістарычнае імя. Прыгадайма славутую гісторыю Берасця-Літоўскага, Менска-Літоўскага, Высокага-Літоўскага і іншых паселішчаў, якія гэтае імя насілі, а таксама і тыя, якія да сёння называюцца: Літва, Літоўка, Ліцвяны і г.д. У гэтых мясцовасцях павінны адбыцца рэгіянальныя ўрачыстасці. Запрашаем да агульна-нацыянальнай асветніцкай і культуралагічнай акцыі. Пра творы, здабыткі і прапановы просім паведамляць на адрас Аргкамітэту:

п/с 26 220050 г.Мінск, e-mail: lacinski@interia.pl

тэл. (029) 306 33 17 / (029) 551 32 36 / (029) 352 60 10